Малады беларускі віртуоз класічнай гітары перайшоў на электра і выпускае ўнікальны сольны альбом

Мікіта Максімчык

Таленавіты малады беларус Мікіта Максімчык – вядомы ў акадэмічных колах беларускі гітарыст і выкладчык музыкі, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў – дэбютуе ў якасці электрагітарыста і кампазітара з альбомам унікальнай эксперыментальнай музыкі.

8 снежня на сайце творчай супольнасці Kroogi.com будзе прэзентаваны сольны альбом Мікіты Максімчыка, які змяніў класічную гітару на электра і ўзяў сабе сцэнічнае імя Nikita Koma.

У альбом «Ecstatic» увайшлі 11 кампазіцый. Запіс і звядзенне трэкаў Мікіта рабіў самастойна, над мастарынгам працаваў гукарэжысёр Ігар Плевін, вядомы як Гарык, на мінскай студыі «Осмас».

Напярэдадні выхаду альбома музыка прэзентуе 2 трэкі.

«Мне падабаецца думаць пра электрагітару, як пра самадастатковы інструмент. На гэтай ідэі і вырас мой альбом. Усё гукі, што вы пачуеце, за выключэннем некалькіх сэмплаў у трэку Kepler-69c і перкусіі з клавішамі ў Medicine Smile, – электрагітара. Больш за тое, 8 з 11 трэкаў напісаныя для гітары сола з выкарыстаннем тэхнікі Live Looping. Падобныя альбомы - вялікая рэдкасць у сусветнай практыцы, а ў Беларусі, наколькі мне вядома, такі рэліз адбудзецца ўпершыню», – распавядае Мікіта.

Па словах музыканта, праца будзе цікавая перш за ўсё аматарам эксперыментальнай музыкі, якія жадаюць пачуць «іншую гітару». Альбом будзе даступны як для бясплатнага, так і для платнага спампоўвання па схеме «Заплаці, колькі лічыш патрэбным».

Мікіта Максімчык нарадзіўся ў 1985 годзе ў Мінску і займацца гітарай пачаў ужо з шасцігадовага ўзросту. З 2005 году малады гітарыст станавіўся лаўрэатам шматлікіх міжнародных конкурсаў, што праходзілі ў Беларусі, Польшчы, Расіі і Аўстрыі. У апошні час асноўнай дзейнасцю для Максімчыка стала выкладанне.

ЯЧ 20:00, 27/11/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0847 seconds.