Новая бясплатная навучальная праграма «Еўрапейскі саюз: палітыка, эканоміка, культура»

«Беларускі калегіюм» у партнёрстве з Інстытутам «Палітычная сфера» (Беларусь), грамадскімі аб’яднаннямі «Ліберальны клуб» і «Еўрапейскі клуб» (Беларусь), Універсітэтам Вітаўта Вялікага (Літва) і Інстытутам ВКЛ (Літва) абвяшчае набор на новую адукацыйную праграму «Еўрапейскі саюз: палітыка, эканоміка, культура».

Праграма прадугледжвае выкладанне асноваў сучаснай еўрапейскай палітыкі, эканомікі і культуры. Заняткі праводзяць вядучыя беларускія спецыялісты ў гэтай галіне. Апроч лекцыяў і семінараў, праграма ўключае майстар-класы, практычныя заняткі і летнюю школу.

Заняткі будуць праходзіць з 14 студзеня па 31 траўня 2015 года (штосераду з 18.30 да 21.30)

Летняя школа праграмы пройдзе ў чэрвені 2015 года.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе зацікаўленыя ў атрыманні новых ведаў пра Еўрапейскі саюз. Прыярытэт надаеццастудэнтам старэйшых курсаўіасобам з вышэйшай адукацыяй ва ўзросце да 30 гадоў. 

Праграма «Еўрапейскі саюз: палітыка, эканоміка, культура» арыентаваная на засваенне сучасных ведаў і тэхнік інтэлектуальнай працы і не дублюе існуючыя праграмы дзяржаўных і недзяржаўных навучальных установаў.

Сертыфікат Калегіюму не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі.

Навучанне ў Калегіюме – бясплатнае.

Набор навучэнцаў ажыццяўляецца на конкурснай аснове і базуецца на выніках сумоўя. Каб атрымаць запрашэнне на сумоўе, неабходна:

  1. Запоўніць анкету
  2. Напісаць матывацыйны ліст і прымацаваць да анкеты

У матывацыйным лісце неабходна апісаць ўласны досвед вывучэння еўрапейскай праблематыкі, матывацыю паступлення на праграму, планы далейшай прафесійнай кар'еры, а таксама ролю навучання ў Беларускім калегіюме ў сваім далейшым жыцці. Памер матывацыйнага ліста – каля 0,5–1 старонкі.

Па ўсіх пытаннях адкажуць на kalehium@gmail.com.

21:30, 21/11/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1748 seconds.