Выстава «Мы» двух фотапакаленняў на тыдзень зрабіла мінскі трамвай №1 папулярнай галерэяй

У 1988 годзе вядомы беларускі фатограф Сяргей Брушко зладзіў фотавыставу ў мінскім трамваі №1. Сёння, праз 25 год, у Мінску адкрыўся яе сіквел. У межах «Месяца фатаграфіі» з ініцыятывы Андрэя Лянкевіча фатограф Дзмітрый Брушко выставіў свае працы побач з працамі бацькі. Лічбавыя каляровыя здымкі поруч з чорна-белымі стужкавымі фота дэманструюць розніцу не толькі ў пакаленнях, але і ў тэхналогіях і тэмпе жыцця.

«Працы пераклікаюцца вобразамі між сабой, атрымаўся фатаграфічны дыялог двух пакаленняў, двух розных людзей з адной сям'і», – распавядае Дзмітрый Брушко на адкрыцці выставы.

Адначасова такую вялікую колькасць журналістаў трамваі ў Мінску пэўна яшчэ не бачылі. Сярод дня, на адкрыцці незвычайнай выставы «Мы» фотаздымкаў Сяргея і Дмітрыя Брушко маршрут №1 выглядаў нібы ў час пік. Астатнія жыхары гораду змогуць бачыць здымкі цягам тыдня ў салоне трамвая, проста набыўшы квіток.

«Людзі мусяць вылазіць са шкарлупіны свайго яйка. Яны ўранку заходзяць у трамвай з заплюшчанымі вачыма – гэта нагода прачнуцца і паглядзець на свет», – разважае Дзмітрый.

Тэматыка здымкаў праекта «Мы» – штодзённае жыццё беларускіх горадоў і вёсак. Дзмітрый выбіраў у архіве бацькі кадры, да якіх знаходзіў цікавыя парныя фотаздымкі з сваёй калекцыі.

«Фатаграфія – гэта памяць. Хай людзі паглядзяць і ўзгадаюць пра сваіх блізкіх і родных. Менск – гэта вялікая вёска. Большая частка яго жыхароў у трэцім, другім пакаленні з вёскі», – тлумачыць Дзмітрый Брушко падбор здымкаў.


Юля Сакалоўская 17:10, 28.10.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0805 seconds.