Выкладчыцу «Свінаводства» з Рэчыцы асудзілі на тры гады за падарункі ад студэнтаў

Суд Рэчыцкага раёна вынес абвінаваўчы прыгавор выкладчыцы мясцовага аграрнага каледжа за дробны хабар і падарункі ад студэнтаў кшталту кветкавых гаршкоў і рамак для фотаздымкаў. 


Спартыўныя спаборніцтвы ў Рэчыцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Фота: teleset.gomel.by/~agrcolledj

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, пра якую піша газета «Советская Белоруссия», для студэнтаў завочнага курса допуск да іспыту па прадмеце «Свінаводства» суправаджаўся рэгулярнымі падарункамі. Выкладчыцу вінавацяць у атрыманні двух рамак для фотаздымкаў, якія яна чакала ад студэнткі ў знак падзякі за магчымасць перапісаць кантрольную працу.

Яшчэ адзін эпізод, на які спасылаецца абвінавачванне апісвае, як хлопцу напярэдадні здачы сесіі было прапанавана прынесці слоік фарбы, а двум іншым студэнтам – купіць кветкавыя гаршкі.

«Потым быў імпартны стацыянарны тэлефон, збор 500 тысяч рублёў педагогу на куплю сушылкі для бялізны ...», – апісвае справу мясцовая пракуратура.

Жанчына не прызнала віны, але атрымала тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі, з канфіскацыяй чвэрці маёмасці і пазбаўленнем права займацца педагагічнай дзейнасцю цягам трох гадоў.

comments powered by Disqus
 
In 0.2789 seconds.