У Менск прывезлі лепшыя фотадоказы 2013 пра тое, як здымкі змяняюць свет

З выставы FotoEvidence 2013 стартаваў фестываль «Месяц фатаграфіі ў Мінску».

Міжнародны конкурс FotoEvidence, фотаздымкі пераможцаў якога можна ўбачыць ад учора ў прасторы «Цэх», аб'ядноўвае лепшыя працы фатографаў, якія сваімі выявамі паказваюць прыніжэнне годнасці і правоў людзей у розных кропка планеты.  

Прэміяй FotoEvidence узнагароджваюцца аўтары за самаадданасць і смеласць у асвятленні складаных сацыяльных тэм і за прыцягненне ўвагі да сацыяльнай несправядлівасці ў сучасным свеце. Дэвіз FotoEvidence: «Дакументальная фатаграфія здольная не толькі змяніць адносіны людзей да пэўных падзей, але і ў асобных выпадках змяніць хаду гісторыі».

З выставы FotoEvidence у Менску распачаўся вялікі месяц фатаграфіі, які прадстаўляе шэраг культурных і адукацыйных мерапрыемстваў, скіраваных на ўмацаванне статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва і яе інстытуцыяналізацыю ў нашай краіне. Арганізатары хочуць паказаць, што культурнае асяроддзе Беларусі адкрытае для супрацоўніцтва з суседзямі, і тут таксама цікавяцца фатаграфічнымі падзеямі, якія адбываюцца ў рэгіёне, у тым ліку прысвечаныя нашай краіне, і адна з задачаў фестывалю — зрабіць іх больш даступнымі для беларускага гледача.

Пад час працы фестывалю штодня будуць праходзіць разнастайныя выставы, прэзентацыі і лекцыі. Фатаграфія ў літаральным сэнсе выбярэцца ў горад: падчас правядзення фестывалю па Мінску будзе курсіраваць трамвай з выставай фатаграфій Дзмітрыя і Сяргея Брушко як рэканструкцыя выставы Сяргея Брушко 1987 года. 

Апісанне ўсіх падзеяў і падрабязная праграма выкладзеныя на сайце фестывалю mfm.by.


Юра Сідун 15:11, 24.09.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0569 seconds.