Адзенне Honar і гурт TerraKod прэзентавалі вопратку з Берагіняй

Вытворца беларускага адзення Honar і рок-гурт TerraKod прэзентавалі адмысловую лінію вопраткі. Серыя мужчынскіх кашуляў была створаная пры выкарыстанні апошняга інтэлектуальнага айчыйннага ноўхаў - унікальнага шрыфта «Берагіня», створанага Міхаілам Баярыным. Прэзентацыя адбылася пад час выступу гурта на штогадовым амерыканска-беларускім фестывалі «Амбасовішча». Для абодвух бакоў супраца стала першым досведам эндорсмэнта.

Каментуе кіраўнік Honar Павел Доўнар: «З’яўленне падобнай лініі – цалкам лагічная з’ява, бо ўсё болей людзей сёння шукаюць вопратку ў нацыянальным ключы, але з некай адметнасцю. Каб пашырыць гарызонты для ідэяў мы зрабілі такі наглядны прыклад —  апранулі сучасных рокераў у мадэрновыя беларускія кашулі. Прыемна даць прамоцыю новаму беларускаму шрыфту і скарыстацца менавіта ім, каб зрабіць іх іменнымі. Па выніку маем прадукт, які быў інспіраваны, створаны і рэкламуецца беларусамі. 100% беларускага і сучаснага». 

Шрыфт «Берагіня» распрацаваны філосафам Міхаілам Баярыным. Уяўляе сабой стылізацыю кірылічнага і лацінскага алфавіту пад узоры беларускага арнамэнту. Стыль «Берагіні» натхнёны ўзорнай паласой паясоў і рушнікоў. «Берагіня» змяшчае набор кірылічных літараў, неабходных для ўжывання ў беларускай мове і набор лацінскага алфавіту, дастатковы для ўжывання ў беларускай лацінскай транслітэрацыі. Шрыфт распаўсюджваецца свабодна для некамэрцыйнага выкарыстання пад умовамі ліцэнзіі SILOpenFontLicense. Сцягнуць шрыфт можна на сайце стваральніка.

Выбар тлумачыць вакаліст TerraKod Байсан: «Калі некая з’ява становіцца трэндам, то на яе целе адразу з’яўляецца вялікая колькасць прапановаў – і добрых, і так сабе. Нам хацелася падтрымаць якасны падыход да вопраткі, таму мы “прайшліся па базару”, паглядзелі, якая прапанова ёсць і спыніліся на той, якая адпавядала нашаму разуменню слова “якасць”. Я, як мужчына, да выбару вопраткі падыходжу практычна – яе не трэба шмат, але яна мусіць быць крутой у сваёй лаканічнасці. Таму з Honarам у нас усё сышлося».

Брэнд Honar стварае моднае адзенне, якое адрозніваецца ад  аўтэнтычнай беларускай вопраткі. Існуе пад лозунгам Honar pavinien być і пры стварэнні вопраткі карыстаецца выключна ручной працай. TerraKod – фолк-метал гурт з Берасця. Музыкі выконваюць цяжкую гітарную музыку з нязменнай дудой і гендэрна роўнай вакальнай парай наперадзе.    

12:20, 01/09/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0772 seconds.