Модная вопратка з дражджэй, бактэрый і зялёнай гарбаты

Бія-кеды, вопратка з цэлюлозы… Маладыя дызайнэры шукаюць усё новыя спосабы сумясьціць экалёгію і моду. Брытанка С’юзан Лі шые вопратку з бактэрыяльнай цэлюлозы, якую атрымлівае з сумесі дражджэй, бактэрыяў і падсалоджанай зялёнай гарбаты. «У людзі» Лі выходзіць у сваёй жа вопратцы. Як выглядае такое адзеньне і як яго насіць?

Сваю «модную» сумесь Лі пакідае брадзіць на два-тры тыдні, а потым атрымлівае цуда-матэрыял, які ў сухім выглядзе нагадвае аркушы паўпразрыстай паперы альбо скурку расьлінаў.

Ужо болей пяці гадоў праект BioCouture удасканальвае сваё вынаходніцтва па стварэньні вопраткі з бактэрыяльнай цэлюлозы. Сама Лі зьяўляецца старэйшым навуковым супрацоўнікам Школы моды і тэкстылю Цэнтральнага каледжу мастацтва і дызайну. А на гэтых выходных С’юзан наведала каліфарнійскую канфэрэнцыю TED у цэлюлознай камізэльцы ўласнай распрацоўкі.

З такога матэрыялу можна рабіць ня толькі вобратку, але й абутак, аксэсуары і нават мэблю. А вырабляць такую «тканіну» можна з адыходаў любога цукровага заводу, фарбаваць, а калі зносіцца, дык без згрызотаў сумленьня выкідаць у бліжэйшую сьметніцу.

Праўда, ня ўсё пакуль так гладка. Матэрыял не водаўстойлівы і можа паглынуць вільгаці ў 100 разоў болей сваёй масы. Таму ў дождж у такой куртачцы, а тым болей у сукенцы не пашпацыруеш. Аднак дызайнэрка ўжо працуе над гэтай праблемай.

Чытайце таксама пра бія-кеды ад галяндзкіх дызайнэраў: знасіў, закапаў, а адтуль вырас сюрпрыз.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0656 seconds.