Маладая дызайнэрка зь Менску заваёўвае Эўропу моднымі торбамі і сукенкамі

Брэнд Farbotka, створаны маладой беларускай Юляй Фарботкай, выпускае фэтравыя рэчы з матывамі зь беларускага фальклёру. Цяпер модныя рэчы зь беларускім арнамэнтам, валошкамі, пеўнямі можна купіць у буйнейшых польскіх гарадах і пабачыць на вуліцах Эўропы.

Маладая беларуска зь Любліну кінула выклік буйным фірмам моды. Паўгады таму Юлія Фарботка заснавала ўласную фірму па вырабе фэтравых сумачак. Галоўным матывам яе праектаў стаў беларускі фальклёр – арнамэнт, валошкі й пеўні. Потым Юля выпусьціла калекцыю сукенак. Сёньня ў яе фірме працуюць памочнікі, а прадукцыю з маркай Farbotka можна купіць у буйнейшых польскіх гарадах і пабачыць на вуліцах эўрапейскіх гарадоў. Назва маркі Farbotka паходзіць ад прозьвішча яе заснавальніцы. Пасьля заканчэньня школы ў Менску Юля паступіла на факультэт пэдагогікі ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце. Польскую мову вучыла сама. Аднак яна хутка зразумела, што пэдагогіка гэта не яе прызначэньне й паступіла на факультэт міжнародных стасункаў у Вышэйшай школе прадпрымальніцтва й адміністрацыі.


Юля Фарботка. Фота dziennikwschodni.pl

Любоў да мастацтва прывілі Юлі бацькі. У таты ў свой час была мэблевая фірма, а маці працавала ў доме моды. Зь дзяцінства дзяўчына бачыла, як мама робіць чарцяжы, малюе, шые мноства самых розных рэчаў.

Аднак па-сапраўднаму і ўсур’ёз дызайнэрствам Юля занялася ў Польшчы. Усё атрымалася выпадкова, прызнаецца дзяўчына.

«Я пачала зь ювэлірных вырабаў. Гэта былі ўпрыгожваньні са штучных камянёў, срэбра, мэталу. Я пачала езьдзіць у турыстычны гарадок Казімеж Дольны пад Люблінам, прадавала свае творы на рынку. І так усё лета. Шмат прадавала сярод знаёмых і неяк так атрымалася, што зацікавілася гэтай справай».

Падчас адпачынку ў Беларусі Юля наведала фабрыку абутку з фэтру. Ёй вельмі спадабаўся гэты матэрыял і пасьля вяртаньня ў Люблін яна вырашыла выкарыстоўваць яго у сваёй працы. Першыя вышыўкі Юля пачала рабіць на торбах год таму. Праца мела ашаламляльны посьпех і Юля хутка стварыла ўласную фірму. У сьнежні мінулага году выйшла першая калекцыя — 12 фэтравых сумачак.

«Знаёмым спадабалася. Усе казалі: давай яшчэ. І так атрымалася – сёньня ў маёй фірме працуе тры асобы, а прадукцыя добра прадаецца».

Юля пачынала з нуля. Рэгістрацыя фірмы заняла адзін дзень. Сродкі на пачатак бізнэсу яна атрымала зь бюджэту Эўразьвязу. Напісала праект, прайшла кваліфікацыю і атрымала 4,5 тысячы эўра на ўласную справу.


→ Сайт прадукцыі Farbotka: farbotka.pl                                         → Старонка ў фэйсбуку: Farbotka

У асартымэнце маркі Farbotka – сумачкі самых розных памераў і самага рознага фасону: элегантныя, спартыўныя, сумкі для ноўтбукаў, чахлы для мабільнікаў, нават падушкі. Нядаўна Юля выпусьціла й калекцыю сукенак. Галоўная адметнасьць яе прадукцыі – гэта беларускія нацыянальныя арнамэнты й матывы. Пазьней Юля пачала дадаваць да сваіх праектаў ўкраінскія, чэскія, польскія й расейскія акцэнты.

Прадукцыю маркі Farbotka можна купіць у буйнейшых польскіх гандлёвых цэнтрах і прыватных крамах. Вельмі часта пакупнікі самі знаходзяць Юлю. Шмат прадаецца празь Інтэрнэт. Часам людзі падыходзяць на вуліцы й пытаюцца, дзе яна набывала сукенку й сумачку.

Жанчын у сукенках альбо з торбамі маркі Farbotka неўзабаве можна будзе сустрэць і ў Бразыліі, куды Юля плянуе наладзіць распаўсюд сваіх тавараў. У плянах таксама выраб сумачак са скуры. На восень Юля хоча выпусьціць уласную калекцыі вопраткі Farbotka.

Паводле «Польскага радыё»

Фота з калекцыяў Farbotka 

12:00, 05/06/2012 | Y Business |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3862 seconds.