Знік малады журналіст і музыка Зміцер Шаўчук

Зміцер Шаўчук

Сябры Змітра звярнулі ўвагу на тое, што хлопец не выходзіць на сувязь, яшчэ некалькі дзён таму. Але, калі са знікнення прайшло ўжо болей за тыдзень, пачалі біць у званы. 

Паведамленне Яна Бусла пра знікненне Змітра Шаўчука набрало ўжо болей за чатыры сотні рэшараў, але не знайшло нікога, хто б бачыў хлопца ў апошнія дні.

Вядома, што ноч з 20-га на 21 жніўня Зміцер правёў у знаёмай. Апошні раз выходзіў з ёй на сувязь 22-га а 10-й раніцы праз скайп. Пазней з ім ніхто не кантактаваў. 

Сяброў насцярожыла тое, што рэчы Змітра Шаўчука, у тым ліку зарадка ад тэлефона і лэптоп, застаюцца дома, і Зміцер не ўзяў іх з сабой. 

Хлопец быў апрануты ў сінія джынсы, карычневую майку, карычневы тонкі швэдар, на галаве была павязка-хустка. З сабой ён меў наплечную сумку светла-бэжавага колеру. Дрэды Зміцер нядаўна абрэзаў.

Зміцер Шаўчук нарадзіўся ў Жытоміры ва Украіне. Вырас у Менску, куды пераехаў з бацькамі. Вучыўся на гістфаку БДУ. Працаваў на розных радыёстанцыях і граў у музычных гуртах. Гэтым летам займаўся арганізацыяй фэстаў і канцэртаў, працуючы на агенства «Шаблі».

Сябры і мноства знаёмых Змітра абшукалі ўжо фактычна ўсе магчымая месцы, дзе ён бывае, і працягваюць пошукі.

Усіх, хто бачыў Змітра альбо валодае іншай інфармацыяй, якая можа дапамагчы ў яго пошуках, просяць пісаць у адмысловую групу на Facebook.


Ягор Канапкін 16:00, 28.08.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0495 seconds.