Аўстралійскі прадпрымальнік адкрыў у Менску вялікую тайм-кавярню для творчых людзей

Пляцоўка для альтэрнатыўных і творчых мае назву Dom Talanta. Тайм-кавярня афіцыйна пачала прымаць наведнікаў у нядзелю 13 ліпеня. Generation.by падрыхтваў рэпартаж з першага дня працы новай крэатыўнай кропкі на мапе Менску.

У дванаццаць гадзін дзяўчаты ў каляровых цішотках на рэсэпшыне віталі гасцей ўсмешкамі і цукеркамі. Арганізатары пастараліся ўразіць насычанай праграмай ужо ў першы дзень сваёй працы. Сярод майстэр-класаў па вакалу, танцах знайшлося месца нават для магіі. Такім чынам, кожны з прысутных мог размяць голас, павучыцца рытмічным прыгожым рухам, альбо спазнаць некаторыя хітрыкі простых фокусаў.

Крэатыўная прастора ў 240 квадратных метраў падзеленая на зоны, ў якіх месцяцца танцавальная пляцоўка, сцэна, прастора для адпачынку, пакой з кампутарамі і секцыі для розных відаў мастацтва. Сваім наведвальнікам Dom Talanta таксама прапануе скарыстацца прафесійным мультымедыя-абсталяваннем.

Каманда «Дома Таленту» кожны тыдзень будзе складаць праграму майстар-класаў, канцэртаў і іншых імпрэзаў. Абяцаюць, што тут можна будзе браць урокі джазавага спеву, танцаў, грання на гітары альбо бубнах, навучыцца размаўляць на ангельскай ці кітайскай мовах.

Кошт пошуку сваіх талентаў у тайм-кавярні складае 30 000 руб. за гадзіну.

Пляцоўка ставіць за мэту «пабудаваць моцную супольнасць таленавітых людзей, пазнаць адзін аднаго, адкрыць сябе і свой талент, актыўна ўдзельнічаючы ў новых займальных праектах, створаных творчымі рукамі адмыслова для таленавітых людзей».

«Дом таленту» — гэта праект сацыяльнай кампаніі «Блу Скай Тэлент Кампані», што з’явілася ў Менску яшчэ ў кастрычніку 2012 года. Яе заснаваў аўстралійскі прадпрымальнік Лі Джун-Кю. Кампанія займалася рознымі сацыяльнымі практамі, і для таго каб неяк выйсці на самаакупнасць вырашыла адкрыць тайм-кавярню.

Дабрацца да «Дому таленту» можна па адрасе вул. П. Броўкі, 8А, трэці паверх.


Юля Сакалоўская 18:58, 14.07.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1374 seconds.