Вайна і выбары

Выпускніцы разглядаюць Майдан Незалежнасці ў Кіеве. Фота Юра Сідун

Пра тое, што ва Ўкраіне ідзе вайна, ужо ніхто і не спрачаецца. Падзеі на ўсходзе краіны па тэлебачанні паказваюць з простым подпісам «Усходні фронт». Назіральнікі ідуць на выбарчыя ўчасткі ў бронекамізэльках, а на ўчастках будуюць сапраўдныя барыкады. І ўсё гэта на фоне абсалютна мірнага і нават заможнага Кіеву, як заўжды беднай правінцыі, накшталт ціхіх гарадкоў на мяжы з Беларуссю, куды я трапіў у дзень выбараў прэзідэнта Украіны.

«Цяпер улада змянілася, трэба падладжвацца»,

— невысокі мужчына сярэдніх гадоў з чырвоным тварам падсаджваецца да мяне на выбарчым участку на ўскрайку гораду Корасцень у 60 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю. Ён — кіраўнік выбарчай камісіі Аляксандр Ясеніцкі, на якой я разам з Дзмітрыем з Албаніі і перакладчыцай Інай назіраю падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах. Аляксандр імкнецца як мага больш спадабацца нам, каб мы не пачалі скардзіцца на працу камісіі, якой ён кіруе. Цяпер, паводле ягоных словаў, ён мусіць зарабіць добрую рэпутацыю «дэмакрата», які і думаць не думае пра выбарчыя фальсіфікацыі.


Падлік галасоў. Фота Алесь Герасіменка

Гэтыя прэзідэнцкія выбары ва Ўкраіне сапраўды выглядаюць найбольш «чыстымі»: ідэальнае галасаванне і падлік амаль па ўсёй краіне. Выключэнне — Кіеў, дзе паралельна праходзяць выбары мэра і Кіеўскай рады. Там — гадзінныя чэргі жадаючых прагаласаваць (нават часоваму прэзідэнту Аляксандру Турчынаву давялося адстаяць у чарзе па бюлетэнь каля 45 хвілін). А таксама вялікае жаданне некаторых палітыкаў прыкупіць галасоў. Таму і бюлетэні лічаць неверагодна доўга — на некаторых участках болей за двое сутак. Гэта значыць, двое сутак ні выбарчая камісія, ні назіральнікі не могуць пакідаць памяшканне ўчастку.

Праз 3 гадзіны мы зноўку сустракаемся з Аляксандрам. На гэты раз у цэнтры Корасценю ў будынку дому культуры, дзе месціцца акружная выбарчая камісія гэтага раёну. У гэту ноч сюды сцякаюцца сотні аўтамабіляў. На іх прыязджаюць кіраўнікі выбарчых камісій разам з вялізнымі кардоннымі скрынямі, у якіх ляжаць адныя з галоўных вынікаў Майдану — бюлетэні, дзе ўкраінцы называюць новага прэзідэнта краіны. На ўчастку, дзе назіраў я, кандытарскі магнат Парашэнка набірае амаль дзве траціны галасоў. За кандыдата Партыі рэгіёнаў Добкіна, як і за крайне правых кандыдатаў, — літаральна некалькі бюлетэняў.

Праз гадзіну я трапляю ў самы цэнтр падзей: сотні людзей, пераважна жанчын у 40–50 гадоў з скрынямі, з бюлетэнямі і іншымі дакументамі з участкаў крыкам імкнуцца прабіцца ў невялікі пакойчык дому культуры, дзе акружная камісія рэгіструе вынікі галасавання. Міліцыя кажа, што сувязі з сістэмай ЦВК, праз якую мусіць перадавацца інфармацыю пра вынікі выбараў, няма. У памяшканні пануе хаос. Кіраўнік камісіі Мікалай — невысокі лысы мужчына ў акулярах, які нечым нагадвае Дэні дэ Віта, — абсалютна згубіў кантроль над сітуацыяй. Ад яго патрабуюць спыніць раз’юшаны натоўп, што не здольны ўпарадкаваць сябе і арганізаваць чаргу. Нехта крыць: «Вы мусіце зрабіць нешта!»

«Не, гэта вы мусіце зрабіць нешта!» — крычыць у адказ Мікалай «дэ Віта».

Перапалка працягваецца да таго моманту, пакуль украінскія жанчыны, пэўна, ужо ў адпаведнасці з украінскай традыцыяй вырашэння падобных пытанняў, наважваюцца браць памяшканне штурмам. З крыкам «я тут з 10 гадзін стаю» кіраўніца адной з мясцовых камісій асабліва вялікіх памераў, прабівае кволы ланцуг міліцыянераў і прарываецца ў пакой. За ёй прарываюцца яшчэ з дзясятак людзей з кардоннымі скрынямі на галовах. У момант прарыву мужчына з блакітнай павязкай на рукаве з надпісам «АБСЕ», які сядзіць надта блізка да месца супрацьстаяння, падрываецца з месца і бяжыць да вакна: мы сядзім на другім паверсе, і скочыць праз яго не атрымліваецца. Тут я, нарэшце, разумею, чаму ўкраінская міліцыя аказваецца няздольнай эфектыўна справіцца з баевікамі на ўсходзе краіны.

На шчасце, шараговыя ўкраінскія мужчыны маюць нядрэнныя здольнасці да будоўлі барыкадаў, якія яны неадкладна выкарыстоўваюць для ўзвядзення невялікага блок-паста з падручных крэслаў і сталоў. Натоўп спынены, на падлозе застаюцца некалькі безгаспадарных скрыняў з бюлетэнямі. Але на іх ніхто не звяртае ўвагі: трэба дзейнічаць хутка, бо з кожнай хвілінай у будынак прыбываюць усё новыя і новыя прадстаўнікі выбарчых камісій…

«Разумееце, гэта менталітэт, нічога дзіўнага», — кажа назіральнік ад партыі «Бацькіўшчына» — адзін з тых, хто бароніць пакой барыкадамі. Ён імкнецца ўпэўніць нас у тым, што нічога незвычайнага тут не адбываецца.

«Назіральнікаў у Луганскай і Данецкай абласцях сапраўды маглі забіць»

Мы пакідаем будынак дому культуры. Да гэтага часу зона, здаецца ўжо, тыповага ўкраінскага хаосу распаўсюджваецца на вялізную актавую залю, куды пераносіць сваё паседжанне камісія. Сувязі з Кіевам дагэтуль няма, як і няма спробы хоць неяк скаардынаваць дзеянні міліцыі, каб прысутныя больш не траплялі пад рызыку быць раздушанымі натоўпам. Аднак на раніцу дадзеныя з гэтай камісіі з’яўляюцца на сайце ЦВК.

Зрэшты, вынікі выбараў былі вядомыя ўжо праз хвіліну пасля закрыцця ўчасткаў. Іх даволі блізка прадказалі экзіт-полы, а ўдакладніў паралельны падлік галасоў назіральнікаў украінскай арганізацыі «Опора». У выніках выбараў у «Опоры» не сумняюцца:

«Выбары прайшлі ў надзвычайна цяжкіх умовах, у такіх умовах мы раней ніколі не працавалі. У нас былі назіральнікі таксама ў Данецкай і Луганскай абласцях — агулам каля 120, — кажа кіраўніца назіральніцкай рады арганізацыі Вольга Айвазоўская. — Мы набылі для іх бронекамізэлькі. Я лічу, што тыя людзі, якія працавалі ў Луганскай і Данецкай абласцях, — героі. Іх сапраўды маглі забіць».

На шчасце, усе засталіся жывымі.

«Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што да 70% жыхароў гэтых абласцей не падтрымліваюць федэралізацыю ці іншыя падобныя дзеянні, — кажа Вольга. — Большасць з тых, хто падтрымлівае падобныя дзеянні, з’яўляюцца асацыяльнымі элементамі. Цяпер людзі пабачылі, што інфраструктура, банкі, іншыя ўстановы працуюць з перабоямі альбо ўвогуле не працуюць, і іх настроі яшчэ больш змяніліся ў падтрымку адзінства Украіны».

Галасавалі і жыхары Крыму. Каля 7 тыс. жыхароў забранай паўвыспы перарэгістраваліся ў дзяржаўным рэестры выбарцаў загадзя, што дазволіла ім прагаласаваць. Але большасць у выбарах не ўдзельнічала.

«Надта складана», — кажа Айвазоўская. Але і яна, і шмат хто з актывістаў украінскіх НДА упэўненыя, што Крым вернецца ва Ўкраіну.

«Усё роўна мы будзем ведаць, што на ўсходзе ў нас вораг»

Разам з больш-менш афіцыйнымі вынікамі выбараў на ТВ з’яўляюцца фота моргу з дзясяткамі целаў забітых баевікоў ДНР.

«Добра нашы папрацавалі», — каментуе жудасныя здымкі раскарачаных целаў мужчын у камуфляжы адзін з каардынатараў «Опоры» Тарас Чмут. Ён нядрэнна разбіраецца ў коштах на зброю, сцвярджае, што набыць мадыфікаваны аўтамат Калашнікава і нават БТР ва Ўкраіне не з’яўляецца праблемай. Тарас спадзяецца, што Ўкраіна можа ў бліжэйшы час заняцца аднаўлення ядзернага патэнцыялу, а сам ён не дачакаецца сваёй дубальтоўкі («Еўропа чамусьці затрымлівае»).


Пудзіла камуніста на Майдане ў цэнтры Кіева. Фота Юра Сідун

Падобныя настроі падзяляе шмат хто з актыўных маладых украінцаў. Кіеў запоўнены графіці ў стылі «Наш вораг — Расія», а перспектыва адправіцца ваяваць на ўсход не пужае шмат каго з маладых міліцыянераў. Паміж сабой яны абмяркоўваюць, усміхаючыся, калі лепей напісаць заяву пра жаданне далучыцца да сілаў на ўсходзе.

Адзін з каардынатараў арганізацыі «Грамадскі сектар» — аднаго з рухавікоў рэвалюцыі, які шэсць месяцаў дапамагаў сотням украінцаў знайсці часовае жытло ў Кіеве для ўдзелу ў Майдане, дзеліцца ўласным прагнозам на будучыню краіны:

«70 гадоў мы былі пад акупацыяй. Навукоўца Цімаці Снайдэр называў Украіну «Крывавымі землямі». Але мы ніколі не маглі ўявіць, што ў Харкаве можа выйсці 10 тысячаў людзей і крычаць «Слава нацыі!». Недарэмна Бандэра пісаў, што нацыя нараджаецца ў крыві і барацьбе.

Але ўсё роўна мы будзем ведаць, што на ўсходзе ў нас вораг. І Расія мусіць распасціся».


Алесь Герасіменка 11:41, 31.05.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0585 seconds.