Што гавораць на вуліцах у рэвалюцыйна-турыстычным Львове па вясне 2014

Фатограф Generation.by Юля Сакалоўская зганяла ў сакавіцкі Львоў і прывезла рэвалюцыйна-турыстычны рэпартаж ды жывыя словы з вуліц сэрца захаду Ўкраіны.

Выправіліся ў дарогу на поўдзень, каб праведаць сяброў ды заадно адчуць атмасферу краіны, у якой жывуць браты-украінцы. Што ў Менску, што ў Брэсце – грыўнаў нам не прадалі. Таму патрапіўшы ў Ковель увечары, прыйшлося шукаць валютчыкаў.

Два мужчынкі ў чорных куртках ля белага фургона стаялі ў змроку, бо ліхтароў там не багата. Пачуўшы беларускую мову, той што павышэй, запытаўся:

«А што ж гэта вы прыехалі? Не баіцеся? У вас жа па тэлебачанні паказваюць, як бандэраўцы людзей ядуць!»

З Ковеля ночны цягнік нас адвёз да Львова.

Сэрца заходняй Украіны сустрэла снегам. Звонку так і не скажаш, што ў краіне адбываецца рэвалюцыя. Як заўжды перапоўненыя «Багданы» гойсаюць па брукаванцы, людзі кіруюцца па справах, крамы працуюць, кавярні ветліва сустракаюць турыстаў. Апошніх было вельмі шмат, нават не гледзячы на працоўны дзень. Бандэраўцы ўсе, пэўна, пахаваліся недзе на час нашага прыезду, але зграямі на людзей чамусьці ніхто не паляваў. Ціха ды спакойна, калі не пачаць задаваць пытанні.

А ўнутры ў людзей усё бурліць. Абыякавага ўкраінца адшукаць цяпер надзвычай складана. Жоўта-блакітныя стужкі ды ўкраінскі сцяг з сузор’ем ЕС у падтрымку Майдана заўважныя па ўсім горадзе. На праспекце Свабоды, ля помніка Тарасу Шаўчэнку жыхары Львова паставілі свой Майдан. Ён будзе стаяць, пакуль стаіць Майдан у Кіеве.

Людзі перасталі баяцца палітыкаў

З размоваў з мясцовымі:

 Марыяна, 18 год, з Львова: 

«На Майдан у Кіеў ездзіла з сябрамі тры разы. Ездзілі таму, што цягнемся да стану Еўропы. Там лепшы ўзровень культуры, жыцця… У нас нібы рабства ды заняпад. Спачатку ездзілі стаяць за Еўропу, пасля каб адстаяць Украіну. Стаўленне да зменаў пазітыўнае, бо ва Украіне застой быў, нічога не адбывалася, нічога не маглі зрабіць, думалі, што нічога не зменіцца. Цяпер будзем змагацца ў любым выпадку – людзі перасталі баяцца палітыкаў».

 Тарас, 20 год, з Львова: 

«Украінцы адгадавалі зубы – узгадалі, што можам даць па зубам. Зараз на Усходзе крычаць: “Слава Украіне!” — не верыў, што такое рэальна – Львоў цяпер па ўсёй краіне. Адчуванне зараз такое, вось як на моры, калі на самым высокім грэбні хвалі, і не ведаеш, як паб’е: моцна ці будзе мякка. Незразумела, што будзе, але ў чаканні нейкага хлапка, які ўсё завершыць. Зараз няма таго лідара, які б павёў краіну. Бо Яраш не ўспрымаецца мірным лідэрам, ён вайсковы сімвал, як і “Нябесная сотня сімвал” Майдана. А патрэбны лідэр».


 Ярома, 23 гады, Львоў 

«Калі раняць твайго сябра, тэлефануюць уночы і кажуць, што ён у лякарні. То ты перастаеш разважаць, садзішся на цягнік і едзеш стаяць за яго. 

Усё настолькі цудоўна, наколькі жахліва. Калі раней краіна падзялялася на Захад і Усход, а Кіеў быў сярэдзінай, дзе стан быў 50/50, то цяпер Кіеў цалкам украінскі. А ўсходнія вобласці сталі на бок Украіны: “Так, мы размаўляем на рускай мове, але мы ўкраінцы!” – кажуць яны».

 Расціслаў, 44 гады, Львоў 

«Пуцін — чалавек, якому нельга верыць: ён кажа адно, а робіць другое. Мне зараз крыху страшна, нават польскую візу набыў, каб калі што ў Польшчу з’ехаць. Бо я ваяваць не ўмею».


Юля Сакалоўская 23:00, 26.03.2014 | Маршруты |




comments powered by Disqus
 
In 0.4804 seconds.