Менскія праграмеры ўсе выходныя прыдумлялі, як адсочваць НЛА, вучыць белмову і аказваць хуткую меддапамогу

Менск у другі раз далучыўся да сусветнага хакатона сацыяльных праектаў. 

Hack4good — міжнародны сацыяльны хакатон, які аб'ядноўвае на 48 гадзін больш за 5 000 вядучых распрацоўшчыкаў, дызайнераў і іншых прафесіяналаў па ўсім свеце з адной мэтай — зрабіць свет лепш.

35 чалавек тры дні разважалі, як зрабіць свет лепей з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. У выніку з’явілася шэсць сацыяльных дадаткаў. Большасць з іх прыдумляліся спачатку тэхнічна, а потым падцягваліся, часам гвалтоўна пад тэму хакатону. Трохі дзіўным напрыклад выглядаў дадатак адсочвання неапазнаных летаючых аб’ектаў у свеце пад назвай I believe. Хаця ягоная прэзентацыя адназначна дадала тузін шчырых ўсмешак івэнту. 

Сэнс дадатка такі: калі вы з’явіліся сведкам НЛА, то фатаграфуйце гэтае нешта і выкладайце ў I believe. Астатнія карыстальнікі могуць ацэньваць вашае фота, націскаючы на кнопачкі: «Веру», «Не веру».  «Дык а ў чым унікальнасць праграмы? Я ж магу фота запосціць у instagram, twitter, facebook!», — гучыць сярод хіхікання пытанне з залі. «Вось уявіце: вы пабачылі нешта дзіўнае і незразумелае, — эмацыйна спрабуе праграміст пераканаць прысутных у сацыяльнай вартасці дадатка, — Вы сфатаграфавалі і выклалі ў сацыяльныя сеткі, а вашыя сябры падумаюць, што вы вар’ят. А тут не падумаюць, бо ўсё посціцца ананімна, тут няма вар’ятаў, тут усе такія».

Не гледзячы на ўсю бязглуздасць ідэі, журы ў складзе Юрыя Зісера (tut.by), Марыі Чераковай (Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКО), Аляксандра Скрабоўскага (benefit.by), Дзяніса Кандратовіча (maesens.by), Кацярыны Шкор (IT Staff) аддалі праекту другое месца «за тое, што хлопцы вераць у відавочнае-неверагоднае».

За выходныя з’явілася таксама праграмка для вывучэння беларускай мовы для замежнікаў. У гульнях і малюнках з англійскім інтэрфейсам можна вучыць дні тыдня, месяцы ды асноўныя фразы, а таксама слухаць правільнае вымаўленне. Прызавое месца праект не атрымаў, затое ўжо цяпер нашыя беларускамоўныя замежнікі могуць спампаваць праграмку.

Трэцяе месца ў праекта пад назвай Kind people. З дапамогай мабільнага дадатка тыя, каму патрэбная дапамога, кажуць пра гэта, а астатнія карыстальнікі ў real time могуць яго пачуць і пабачыць месцазнаходжанне. Карацей, be kind, help people.

Пераможцамі ды ўладальнікамі smartwatch сталіся распрацоўшчыкі FirstAid — дадатка-інструкцыі па аказанню першай медычнай дапамогі. Студэнты БДУІРа Саша і Ягор даўна выношвалі ідэю, але толькі на хакатоне пачалі ажыццяўляць задуманае.

«Маёй маме аднойчы зрабілася дрэнна. Я выклікаў хуткую, і пакуль яна ехала, я не ведаў, што рабіць. А яна мучалася. У такія хвіліны, калі рукі апускаюцца, прыходзяць падобныя ідэі, каб нешта было пад рукой, каб ведаць, што можна зрабіць, каб дапамагчы чалавеку», — кажа Аляксандр.  

Плануецца, што дадатак будзе дапамагаць у складаных сітуацыях. Напачатку трэба будзе адказаць на некалькі пытанняў, а потым выконваць крок за крокам інструкцыю аказання хуткай медычнай дапамогі. Каманда FirstAid зрабіла асноўны функцыянал, і з дапамогай сябра з медычнага ўніверсітэта дапішуцца неабходныя парады. Згодна з планамі хлопцаў, праграму яны даробяць і выкладуць бясплатна на маркет.

«Тут ідэя напэўна ўсё ж такі не ў грошах. Добра, калі чалавек напіша нам потым на мыла, маўляў, дзякуй вы выратавалі нам жыццё. Калі табе ў кайф, калі цябе прэ, чаму бы і не займацца гэтым? У нас няма сем’яў, нейкіх клопатаў, мы спакойна можам і так дарабіць праект», — разважаюць распрацоўшчыкі.  

З мінулага hack4good прайшло каля чатырох месяцаў і пра прэзентаваныя праекты асабліва не чуваць. За выняткам пераможцаў Stop Web Disability, якія пазней занялі другое месца ў свеце. 

«Большасцю канешне гэтыя ўсе праекты распадаюцца. Бо праграмісты не могуць знайсці час, каб працаваць на нармальнай працы, дык яшчэ трэба адводзіць вялікую частку часу, каб працаваць на свой стартап, асабліва, калі ён сацыяльны. Мы спрыяем, дапамагаем, робім усё магчымае, каб толькі гэтыя ідэі жылі. Не можам аказаць фінасавай дапамогі, але заўсёды гатовыя дапамагчы ментарством», — кажа арганізатарка беларускага хакатону Ксенія Максімава.   

Праз чатыры тыдні міжнароднае журы вызначыць пераможцаў сусветнага hack4good. У Менску мерапрыемства праводзілася паслом хакатона ў Беларусі — офісам Bel.Biz.

Фота: Юля Сакалоўская


Настасся Кахановіч 13:00, 11.02.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.133 seconds.