Stop Web Disability: навошта два беларускія праграмісты вучаць браўзер разумець гук «Оп!»

Напярэдадні другога хакатона сацыяльных праектаў Generation.by гутарыць з пераможцамі першага. Аляксей Пузенка і Дзмітры Дудзін — распрацоўшчыкі ўнікальнага браўзернага дадатка Stop Web Disability для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Хлопцы робяць праект літаральна па начох пасля сваёй асноўнай працы, таму сустрэліся мы ў тэматычным месцы — стартап-хабе IMAGURU.

Stop Web Disability — дадатак для браўзера, які дапамагае інвалідам карыстацца інтэрнэтам. Пры дапамозе рухаў галавы чалавек можа вадзіць на экране курсорам, а пры дапамозе гука «Оп!» — клікаць.

Два звычайных праграміста з аўтсорсынгавай кампаніі прыйшлі тры месяцы таму на чарговы айцішны івэнт hack4good. Без прэтэнзій на перамогу ды запуск свайго праекта.

«Ідэя ўзнікла за суткі да хакатона. Пабачылі, што вэб можа дэтэкціць фейс, і потым ужо пачалі думаць, як гэта выкарыстаць. Ужо калі сядзелі ў залі перад пачаткам і абмяркоўвалі ўсе свае ідэі, я кажу Лёшы: „Давай вось гэта зробім“. А ён такі: „Ды не, нічога не атрымаецца“», — узгадвае Дзіма.

На хакатоне праект выклікаў бурную рэакцыю і перамог. На сусветным hack4good стартап заняў другое месца. Таксама хлопцы выйгралі Bel.Biz Battle і атрымалі грант ад Vеlcom на SocialWeekend. Цяпер яны мараць знайсці праграмістаў, пастаяннага інвестара і нарэшце дарабіць дадатак. 

«На ўзроўні прадстаўляць на хакатонах, гэта ўсё выглядае класна, дэмкі ўсім падабаюцца. Але хочацца ўжо адысці ад гэтага і зрабіць з праекта рэальнасць. Бо на ўзроўні, каб з гэтым працаваць дома, дадатак яшчэ не гатовы».

Лёша і Дзіма працуюць зараз над тым, каб зрабіць болей дакладны трэкінг твару, каб можна было трапляць нават у самыя маленькія кнопачкі. Яшчэ плануюць зрабіць клікі не толькі голасам, але і іншымі спосабамі: ці то затрымкай позірку, ці то пры дапамозе сваеасаблівай зубной мышкі.

«Мы сустракаліся з двумя хлопцамі, у абодвух ДЦП, у аднаго з іх цалкам цела паралізавана, і ён клікае падбародкам на мышку, алоўкам друкуе. Другі ўвогуле ляжачы, ён набірае тэкст нагой. Але яны абодва не размаўляюць. Пасля гэтай сустрэчы яшчэ большая матывацыя з’явілася закончыць гэта. Проста вельмі складана дагрукацца да іх, ніхто не хоча асабліва пускаць у дом нейкіх людзей. А раптам мы Бібліі прадаем ці нешта такое?

Яны актыўныя юзеры камп’ютараў, прашараныя. І яны адразу пытаюць: „Дзе правы клік?“ ці „ А я не магу клікаць голасам“. Таму трэба яшчэ шмат працаваць з імі. Бо мы ўявілі сабе такую карціну: чалавек, якому нешта патрэбна. І вырашаем праблему, тую абстрактную, якая ў нас у галаве склалася. А, магчыма, ім зусім не тое патрэбна».

Вялікім плюсам будучага дадатка ёсць тое, што ён не патрабуе асаблівых затрат. Канкурэнтныя праекты базуюцца на дарагім абсталяванні — айтрэкерах коштам каля двух тысяч долараў. Але, зразумела, што сем’і інвалідаў у Беларусі не могуць такое сабе дазволіць.

У планах праграмістаў стаіць паездка ў Сіліконавую даліну — прыз ад Bel.Biz Battle. Пра будучыню стартапа хлопцы разважаюць пазітыўна. Кажуць, што і на сацыяльным праекце можна зарабіць. Галоўнае, каб былі ідэі.

«Сацыяльны праект — гэта не павінна быць такая штука, калі ты такі бедны прыйшоў і кажаш: Я вам усё аддам і зраблю нешта добрае і на гэтым нічога не зараблю. У Еўропе любы сацыяльны праект не ўспрымаецца ў адрыве ад камерцыялізацыі, гэта сацыяльнае прадпрымальніцтва. А ў нас лічыцца гэта стратным. Калі ты дапамагаеш катам, то як з гэтага зарабіць? Ты ж можаш арганізаваць побач выставу, цырк з катамі, яшчэ нешта — нешта, на чым ты можаш зарабіць і пры гэтым будзеш прытрымлівацца нейкіх маральных устояў».

Лёша

Людзей з абмежаванымі магчымасцямі вельмі шмат, проста яны вельмі ціха сядзяць і не паказваюцца.

Я неяк вельмі даўно праз камп’ютар стасаваўся з адным чалавекам. Тры гады. Я яго нават у вочы не бачыў і аднойчы дамовіўся і заехаў у госці. І быў шакаваны. Бо калі не бачыш чалавека, проста з ім стасуешся, па ягоным мысленні, па погляду на жыццё — вельмі цікавыя людзі і вельмі прыемна стасавацца.

Дзіма

Я не сыду цалкам у гэты сацыяльны праект, калі пры гэтым мая сям’я збяднее. 

Калі нават гэта будзе не самы паспяховы сацыяльны праект, але мы даробім яго, то ўжо гэтым некалькім хлапцам будзе класна. А калі ён дапаможа ім, ён дапаможа яшчэ некалькім. 

Новы hack4good праходзіць ўжо ў гэтыя выходныя.

Фота: Юля Сакалоўская


Наста Darteco 19:50, 07.02.2014 | Y Business |




comments powered by Disqus
 
In 0.1185 seconds.