У Слоніме трох хлопцаў, якія каталіся з горкі, міліцыя затрымала за незаконнае масавае мерапрыемства

У горадзе Слонім міліцыя спыніла дзёрзкую спробу парушыць закон «Аб масавых мерапрыемствах». Мясцовая моладзь зрабіла днямі незаконную сустрэчу ў vk.com з амбітнай назвай Slonim Snow Party. Далучыцца да прапановы наладзіць супольнае катанне з гары ў слонімскім мікрараёне Энка паабяцалі 22 чалавекі. 

Месца збору арганізатары незаконнага масавага мерапрыемства абазначылі незарэгістранай сімволікай ў выглядзе васьмі сцяжкоў розных колераў. Як зафіксавала «Газета Слонімская», агулам на Slonim Snow Party прыйшлі тры маладых чалавека.


Фота: Таццяна Дзенісюк, «Газета Слонімская»

Але на снежную гару аператыўна прыбылі супрацоўнікі міліцыі. У 13.25 усе ўдзельнікі незарэгістраванага масавага мерапрыемства былі затрыманыя. Працэс незаконнага масавага катання з горкі трох маладых людзей у г. Слоніме міліцыя зафіксавала таксама на відэакамеру.

«Катанне на санях у нашым горадзе пераследуецца па законе», — такі жыццёвы ўрок вынес для сябе адзін з удзельнікаў Slonim Snow Party, пра што паведаміў Слоніму на дошцы сустрэчы.

Замест фотаздымкаў снежнай горкі па выніках незаконнага масавага мерапрыемства, дзякуючы аператыўнай працы слонімскай міліцыі, з’явілася паведамленне з фотаздымкам Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях.

У жніўні мінулага году беларуская міліцыя ўжо праяўляла асаблівую пільнасць у выкананні закону грамадзянамі, тады за несанкцыянаваную супольную велапрагулку яе ініцыятарка атрымала штраф у 2 мільёны.

comments powered by Disqus
 
In 0.0654 seconds.