Украінскія студэнты прымусілі рэктара перанесці сесію, каб удзельнічаць у Еўрамайдане
Фота: korrespondent.net
Студэнты Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя Драгаманава заблакавалі 6 снежня ўваход у цэнтральны корпус. «Драгаманаўцы» патрабавалі перанесці заліковы тыдзень на зручны для студэнтаў і выкладчыкаў час, каб удзельнічаць ў акцыях пратэсту супраць адмовы ўкраінскіх ўладаў падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам. Акрамя таго, студэнты дамагаліся і дамагліся ад рэктара публічнага асуджэння збіцця «Беркутам» мірных дэманстрантаў, сярод якіх быў студэнт Педагагічнага Ўніверсітэту.
Пасля працяглай дыскусіі адміністрацыя ўніверсітэту выканала ўсе патрабаванні актыўнай моладзі. Рэктар у той жа дзень выдаў загад, згодна з якім студэнтам ўніверсітэта, якія бяруць актыўны удзел у грамадска-палітычных падзеях, што адбываюцца ва Ўкраіне, дазволена здаваць сесію па індывідуальным графіку.
Многія адміністрацыі ўкраінскіх ўніверсітэтаў падтрымліваюць навучэнцаў з актыўнай грамадскай пазіцыяй. Некалькі дзён раней кіеўскіх студэнтаў афіцыйна адпусцілі на бестэрміновы страйк, а кіраўніцтва Львоўскага ўніверсітэту заявіла:
«Тыя, хто едзе на Еўрамайдан у Кіеў — маюць паважлівую прычыну пропуска пар».