«У кагосьці пасвіцца карова, у кагосьці — самалёт». Аповед хлопца, які абышоў кожны двор беларускай сталіцы

«І вось урэшце скончаная мая адысея па Менску. Увесь горад, ад вуліцы Мантажнікаў да вуліцы Грызадубавай; ад закінутых дамоў на вуліцы Дружба да таўнхаўсаў на Ваньковіча; ад супакоенай Розачкі да хаосу Калядзіч. Мінск, ён такі: у некага карова, у некага самалёт. Цікава, ці шмат яшчэ людзей былі на ўсіх вуліцах горада? Так, і ў вашым двары я таксама быў», — такім допісам у сацыяльных сетках менчук Сяргей Харытонаў падвёў вынік сваёй вандроўкі па беларускай сталіцы працягласцю ў год.

Сяргей працуе картографам у прадпрыемстве Белгеадэзія. У яго абавязкі сярод іншага ўваходзіць аб’езд тых кропак, што наносяцца на мапы. На сваю незвычайную працу Сяргей трапіў праз размеркаванне пасля геаграфічнага факультэта БДУ. Яно ўжо зрэшты падышло да заканчэння, яшчэ перад тым як Сяргей паспеў завершыць сваю адысею па беларускай сталіцы.

Самалёты і каровы беларускай сталіцы

Менск – вельмі кантрастны: у кагосьці я бачыў ў двары карову, у кагосьці – самалёт. Самалёт – у Сокале, а карова шчыпала траўку ў двары звычайнай шматпавярхоўкі. Хто на што вучыўся. На Партызанскім праспекце стаіць алея бюстаў піянераў. Густая смуга і бюсты ў пустым двары школы, якая не працуе.

Жудасныя падваротні, як, напрыклад у Кіеве, у Менску цяжка ўбачыць. Можна знайсці прытоны бамжэй, хаця кажуць, што ў беларускай сталіцы бяздомных няма. Яны выбіраюць сабе добрыя будынкі: напрыклад, закінутую паліклініку. Заходзіш унутр – там вогнішча гарыць.

— Як бамжы рэагавалі?

Абыякава. Нехта спаў, і нават не звярталі ўвагі.

Было цікава прыглядваць месцы, дзе б атрымаўся сквот. Знайшоў закінутае прамысловае збудаванне — глядзіш, а побач РАУС. Некалькі дзіцячых садкоў прыдатныя. А так... сквот зрабіць – у нас людзі па суседству зрэагуюць адразу, сквот доўга не пратрымаецца. Хаця ведаю, што да рэканструкцыі Лошыцкага парку там быў адзін беларускі сквот.

Менскія раёны: пацаны с семкамі, дамы з мансардамі і пустая восеньская Курасоўшчына

Шабаны не такія ўжо страшныя. Усяго два кварталы, дарога пасярэдзіне — мне падаецца, у іх былі баі на гэтай вуліцы. Прамзона пад вакном, трубы і ачысныя станцыі – уяўляю, які водар, калі адтуль дзьме вецер.

Спадабаўся лайфхак у Шабанах: на прыпынку стаяць хлопцы са спартовымі сумкамі, прадаюць алкаголь гадзіне а дванаццатай ночы.

Але агулам Завадскі раён не вельмі прыемны. Нават метро ў бок Магілёўскай станцыі ўсё змрочней і змрочней.

 А які самы стромны раён?

— Дразды. Унутры не быў, але нават калі набліжаешся, адчуваеш атмасферу Мардора. Там пад’езд з двух бакоў – ад былога пр. Машэрава і з боку Зацені – і з абодвух бакоў нам крычаў «Стой!» нейкі ДАІшнік, падобны да аўчаркі. У раёнчыку побач, Зацені, людзі жывуць літаральна пад назіральнымі вышкамі.

Чыжоўка — стромны раён. Я толькі там сустрэў групку пацанчыкаў на картанах з семкамі.

Удзень больш за ўсё п’яных на Паўднёвым захадзе і ў Малінаўцы каля крамаў. Менавіта шмат маладых, па 20-40 год.

Сцяпянка – гэта нешта далёка за лесам.

Вельмі цікавы раён Трактарнага заводу. Калі б прыязджаў нехта ў госці, я б туды звадзіў. Такі працоўны пасляваенны раён. Там ёсць закінутыя дамы, ёсць дамы з мансардамі. Жыхары мне сустракаліся спрэс зомбі, людзі, якія паўзуць ледзь-ледзь. Кажуць ,там і кліпы здымаюць ужо з зомбі.

— А самы спальны раён?

Каменная горка. Бяскрайняе гета, дзе нічога няма. Зараз пачалі будаваць крамы, а я ездзіў і бачыў, як дзеці гулялі ў сметніцы. Дзіцячай пляцоўкі не было.

— Самая прыгожая вуліца?

Больш за ўсё падабаюцца вуліцы, на якіх жывеш ці жыў. Я жыву на Паўднёвым захадзе, і мне падабаецца мой раён. Ён выглядае лепш за Сухарава і Захад, хаця горш за Зялёны луг. Спадабалася ў Курасоўшчыне — там вельмі прыгожа ў кастрычніку. Бязлюдны раён.

Найбольш строга ахоўваюцца Дразды і дзіцячыя садкі

Горад моцна змяняецца. Знікае Грушаўка, дзе была La мора: ідзеш — і новы дом па дарозе, нібы праспект наступае.

Не ведаў, што на вуліцы Філімонава ёсць старая сядзіба Ваньковічаў, у якой адкрылі рэстаран. Шмат хто, напэўна, не ведае пра «Белае Лецішча» на Курасоўшчыне — сядзібу Ададурава дарэвалюцыйнай пабудовы, якая вылучаецца сярод шматпавярховак.

— У Менску большасць дамоў падобныя?

Так, і пры гэтым кожны раён мае сваю архітэктуру. Шматпавярховікі прыгнятаюць, але знаёмыя замежнкі просяць павадзіць менавіта па мікрараёнах. Ім цікава.

У Менску шмат дзіцячых садкоў, але вельмі дзіўна, калі на мапе пазначаны садок, а на справе там зусім іншы аб’ект, часцей за ўсё чамусьці навучальны корпус БДПУ. Дарэчы, найбольш строга ахоўваюцца ў горадзе менавіта дзіцячыя садкі і яшчэ Дразды – толькі там пыталі: «Што вы тут робіце?».

У Менску жывуць у асноўным маладыя мамы і школьнікі

Калі ездзіць па Менску ў працоўны час, падаецца, што тут жывуць маладыя мамы і школьнікі, а ўсе мужчыны сышлі на завод. Ад гэтага складваецца ўражанне, што Менск — індустрыяльны горад.

У Менску лёгка знаходзіць дарогі да паліклінік – туды заўсёды сцякаюцца пенсіянеры. Дзіўна: вяртаешся з працы — і нібы правёў дзень у розных гарадах, з’ездзіў і вярнуўся на звыклы маршрут.

Люблю Менск. Усе, канешне, гоняць на яго і кажуць, тут няма чаго рабіць, што ён самотны і не мае вялікага гістарычнага цэнтру з маленькімі вулачкамі.

Што тут рабіць? Тое, што і ў іншых гарадах. Адзінае, што мяне растройвае – у нас няма буйных прыродных аб’ектаў, таму ў горы не сходзіш. Шкада, што няма буйной ракі, якая б дзяліла горад на заходнюю і ўсходнюю часткі.

Фота: Юра Сідун


Ганна Валынец 13:00, 06.12.2013 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.069 seconds.