Гурт TonqiXod запісаў песню пра беларускія горы

Мінска-рэчыцкі гурт TonqiXod (ТонкіХод) прэзентуе сваю дэбютную студыйную працу — кампазіцыю на верш «Насыпаць горы».

«Рэч у тым, што я выйграў конкурс у межах кампаніі «Грамадзянскасць. BY» са сваім вершам пра горы, а прызам была магчымасць запісаць аўдыё для гэтага верша і зняць кліп. З кліпам не зраслося, а вось адмысловую кампазіцыю мы запісалі», — расказвае гітарыст, вакаліст і аўтар тэксту Уладзь Лянкевіч.



Максім Субач, які адказвае ў гурце за клавішы і другі вакал, дадае, што галоўнай праблемай пры напісанні музыкі было абмежаванне часу.

«Верш быў даўно гатовы і існаваў сам па сабе, а музыка павінна была з’явіцца хутка і гарманічна яго дапоўніць. Першая частка кампазіцыі атрымалася злёгку дэпрэсіўнай, але тэкст утрымлівае ў сабе нямала іроніі і нейтралізуе змрочнасць. Другая ж частка ў процівагу першай атрымалася энэргічнай і нават трохі папсовай. Аднак каб канчаткова заблытаць слухача ў тым, што гэта наогул за «песня», мы вырашылі пачаць і скончыць трэк мройнымі напевамі і воплескамі ў духу псіхадэлічных 1960-х», — тлумачыць Максім.

Запісвалася кампазіцыя «Насыпаць горы» часткова дома, часткова на Studio 33 і на хатняй студыі Паўла Някрасава. Звядзенне і майстарынг рабіў Яўген Сухавей, вядомы па працах з рознымі беларускімі інды-гуртамі.

Трыа TonqiXod узнікла ў 2011 годзе. У яго склад уваходзяць Максім Субач (клавішы, вакал), Уладзімір Лянкевіч (гітара, вакал) і Андрэй Аляксеенка (барабаны). Доўгі час музыкі рэпетавалі і пісалі матэрыял, а на пачатку 2013 года пачалі стала выступаць разам. TonqiXod даў шэраг канцэртаў у розных клубах Мінску, на адкрыццях выставаў у музеях і на літаратурных фестывалях. Па выніках працы ў 2013 годзе гурт намінаваны на прэмію "Дэбют году" па версіі музычнага сайту Tuzin.fm.

Бліжэйшы выступ TonqiXod адбудзецца 28 лістапада ў клубе TNT. Уваход вольны.

12:40, 27/11/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.065 seconds.