У Менску распавялі, як горы асадак з офісаў ствараюць горы пластыкавага смецця і што з гэтым рабіць

Штогод у Беларусі ўтвараецца больш за 3 млн тон побытавага смецця, і з іх 88% застаюцца неперапрацаванымі. Як зменшыць колькасць пластыку вакол сябе і як зрабіць працоўнае месца крыху зелянейшым, днямі на адмысловай сустрэчы распавяла Дар’я Чумакова з Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Кожнаму па «Паркеру»

Працаўнікі клавіятуры і калькулятара ў большасці сваёй маюць да таго ж стопіццот асадак. У офісе з 20 чалавек, якія мяняюць асадкі раз на два тыдні, іх з’яўляецца каля 240 на год замест 20-40 дарагіх. На 20 такіх фірмах за год выкідваюць ад 2000 асадак проста ў горы смецця, бачныя з дахаў на паўночным усходзе ад Менску. А пластык раскладаецца не менш, чым за сто год.

Не абавязкова набываць у офісы «Паркер», але лепш — нешта жалезнае, даражэйшае за пластык і не аднаразовае. Адно што такую асадку цяжкавата грызці.

— У старажытным Рыме рабілі мячы з золата, каб іх не згубілі. Тое ж самае і з асадкамі: супрацоўнік будзе турбавацца пра яе, бо гэта ягоная дарагая любімая асадка. Да таго ж у дарагіх асадках прадугледжаная магчымасць замены стрыжня, — кажа Дар’я Чумакова з Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Электронная макулатура

Цяжкія тэчкі з дакументамі, якія трэба часам здаваць у макулатуру ці выкідваць, бясконца шукаць у іх патрэбны аркуш і складаць спісы дакументаў можна прыбраць з жыцця офіса. Ці зрэшты зменшыць іх аб’ём на адсоткаў 10-15.

На скарыстаных паперах можна друкаваць з двух бакоў, апроч тых, на якіх звесткі, што адносяцца да камерцыйнай таямніцы альбо, напрыклад, пашпартныя дадзеныя. Каб горы макулатуры ў офісе зрабіліся яшчэ меншымі, можна паспрабаваць электронны дакументазварот – тэхналогія не зусім абкатаная ў Беларусі, але ўжо рэальная.

Ад 15 да 30% святла затрымліваюць брудныя вокны

Калі ад працы ў офісе стамляюцца вочы – час звярнуць увагу на асвятленне. 15-30% святла затрымліваюць брудныя вокны. Працоўны стол ля вакна дазваляе карыстацца не штучным, а натуральным святлом, якое падымае настрой і павялічвае заробак на маленькую шакаладку за кошт эканоміі электрычнасці. Магчымасць глядзець у вакно на працы яшчэ і добрая для зроку. Найгоршы варыянт – калі позірк упіраецца ў сцяну.

Чытаць эколагі раяць пры звычайнай лямпе напальвання альбо светладыёднай. Увогуле з усіх відаў лямпаў светладыёдныя працуюць найдаўжэй і з’яўлюцца найбольш бяспечнымі. Тэрмін службы – больш за 50 000 гадзін, а гэта не адзін год.

10-15% ад агульнага спажывання электрычнасці бярэ тэхніка ў рэжыме чакання, нявыключанае святло. Калі ваш офіс спажывае 350 кілават, то лічба можна зменшыцца да 300-315.

Не мацюкаць ЖХК, а пашукаць тэрмарэгулятары на батарэях трэба, калі ў офісе халодна, і таксама прыбраць усё, што закрывае батарэі. Можна пафарбаваць іх у цямнейшы колер – гэта дасць +5% цеплыні.

40% смецця — упакоўка

Пакеты і пакецікі ад печыва і гарбаты, шклянкі ад кавы запаланілі вашыя сметніцы? Значыць, трэба сачыць, каб тое, што вы набываеце, мела як мага менш упакоўкі. Каля 40% смецця на сметніках – менавіта ўпакоўка.

Зрабіце падарункі супрацоўнікам да Новага году – торбачкі з тканіны. З торбачкамі можна набываць усё для баршчу ці для офіса і нават экалагічна даваць і атрымліваць хабары.

Замест таннай гарбаты ў пакеціках набывайце даражэйшую і без вяровачак-цэтлікаў. А яшчэ лепш – непакетаваную, у ёй упакоўкі – толькі скрынка, і хіміі менш. Ад таннай гарбаты ў пакеціках, здараецца, крыху пяршыць у горле праз адмысловыя рэчывы, дзякуючы якім не размакае папера.

Калі набываць цукеркі, то лепш шакаладныя беларускія «Кара-кум», а не карамелькі. У «Кара-кума» найбольш карысныя і натуральныя складнікі, а апельсінавая карамель – усяго толькі цукар са смакам і водарам апельсіна.

Гарманічна-штучнае святло прэзентацыі

Кожнае прадпрыемства ці офіс маюць нешта сваё галоўнае, што дазволіць зрабіцца нашмат экалагічней: ці то ў іх не выключаецца святло, ці то працуюць кампутары без перапынку; адсутнічае асобны збор смецця, а некалькі кілаграмаў макулатуркі паліваецца гарбатнымі рэшткамі.

Кожны мусіць рабіць тое, што можа, але часам і ад агульнага кантэксту нікуды не збяжыш: нават у памяшканні, дзе адбывалася падзея, было вельмі мала вокнаў і шмат гарманічнага і прыемнага для вока, але штучнага святла.


Ганна Валынец 16:18, 25.11.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0496 seconds.