«Кубачак гарбаты» на электрашчыце: літаральныя малюнкі з'явіліся ў горадзе

Калекцыя літаральных малюнкаў «Як чуецца — так і малюецца» пра адметнасці беларускай мовы выйшла на сувенірных магнітах. «Кубачак гарбаты», «Добрая справа» ды іншыя ілюстрацыі шматсэнсоўных беларускіх выразаў на сувенірных магнітах можна адшукаць у шэрагу кропак Менску.

10 пацешных малюнкаў, што займелі вялікую папулярнасць у Сеціве, намалявала гэтым летам ілюстратарка Воля Кузьміч.

«Усё пачалося з "калі ласка, кубачак гарбаты" — выраза, на якім рэгулярна падвісаюць афіцыянткі некаторых кавярняў. Захацелася ўрэшце ўвасобіць той самы легендарны гарбаты кубачак, зрабіць яго цалкам рэальным персанажам. Але шматзначныя штодзённыя выразы пачалі заўважацца паўсюль», — распавядае Воля.

Першая частка з пяці ілюстрацый была прэзентаваная на Generation.by у чэрвені. «Кубачак гарбаты» разляцеўся па сацыяльных сетках, а ўся серыя атрымала тры ўзнагароды на фестывалі рэкламы і камунікацыі Ad.nak! Але на гэтым праект не спыніўся — новыя выразы пачалі падказваць чытачы ў каментарах, дасылаць сябры. 

«Беларуская, як і любая іншая мова з вялікай гісторыяй, мае свае адметнасці і часам вельмі пацешныя, калі ўспрымаць літаральна сэнс некаторых штодзённых побытавых выразаў. Часта сустракаю падыход да беларускай мовы як да кволай моднай кашулі з арнаментам, якая мусіць ляжаць на палічцы і з якой трэба здзьмуваць пыл з сур'ёзным тварам, а апранаць толькі па святах. Аднак мова — гэта і актуальны сродак камунікацыяў, яна блізкая, жывая і адметная. І не толькі "прыгожая і мілагучная", а і шчыра пацешная, па-добраму дзівацкая. Толькі ў нас ёсць кубачак гарбаты, а нагавіцы пасуюць! Такімі рэчамі варта ганарыцца, але і самаіронія не будзе лішняй», — гаворыць аўтарка.

Калекцыя літаральных малюнкаў «Як чуецца — так і малюецца» аб’яднала 10 рознакаляровых малюнкаў: «Кубачак гарбаты», «Адпускайце бароды!», «Добрая справа», «Мець рацыю», «Хадзем у грыбы», «Нагавіцы пасуюць», «Ехаць на аўтобусе», «Перакладчык дакументаў», «Доктар лекі прапісаў», «Хадзіць на піва». Для замежных сяброў і іншых людзей зусім незнаёмых з беларускім кантэкстам сувеніры суправаджаюцца цэтлікамі з перакладамі і тлумачэннем на англійскай мове. 

«Літаральныя» магніты паасобку і ўсю калекцыю разам можна прыдбаць у наступных кропках:

Крама дызайнерскіх рэчаў «Ў» (Менск, пр-т Незалежнасці 37а),
Кнігарня «логвінаЎ» (Менск, пр-т Незалежнасці 37а),
Выстава Управы БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага 3),
Інтэрнэт-крама «Імбрык». 

Ягор Канапкін 13:27, 01.10.2013 | ПраВакацыі |




comments powered by Disqus
 
In 0.052 seconds.