Самым паспяховым удзельнікам фестывалю Ad.nak! стала Воля Кузьміч – 9 дыпломаў

Сузаснавальніца Generation.by мастачка Воля Кузьміч атрымала спецыяльны прыз «як самы паспяховы удзельнік фестывалю» — узнагароду ад Кіеўскага міжнароднага фестывалю рэкламы з поўнай акрэдытацыяй на фестываль ва Украіне ў 2014 годзе. Агулам па выніках Ad.nak! сёлета толькі два Гран-пры – праект Край.BY і посуд Karali, а таксама шэсць першых месцаў.

Усяго на чацвёрты фестываль рэкламы і камунікацыі Ad.nak! сёлета было пададзена 314 працаў ад 105 удзельнікаў. У 13 намінацыях і 4 конкурсах першае месца занялі 6 работ, другое – 23, трэцяе – 35 работ; у конкурснай праграме перамаглі 3 работы.

Тры першыя месцы – у Волі Кузьміч: за працы «Ня быць скотам! А быць з котам» («Сацыяльная рэклама»), «Як чуецца – так і малюецца» («Дызайн & Art Direction») і праект «Назірай, каб быць у курсе» («Сацыяльная рэклама»). Усяго Воля знесла з фестывалю ажно 8 узнагародаў у розных намінацыях, а таксама атрымала спецыяльны прыз ад Кіеўскага міжнароднага фестывалю рэкламы. Журы гэтым разам было строгае і ў многіх намінацыях пераможцаў папросту няма, а Гран-пры толькі два — праект Край.BY ад ТАА «ПАН-студыя» (СМІ альбо медыя-праекты) і парцаляна ручной працы Karali ад Галіны Яшчанкі і Вольгі Раманюк («Беларускаарыентаваны праект»). Спіс усіх пераможцаў і кейсы працаў неўзабаве будуць дасяжныя на сайце фэсту adnak.by.

«Адметнасцю нашага фестывалю штогод з’яўляецца арыентацыя на сацыяльную і грамадскую значнасць праектаў, цікава, што ў гэтым годзе на “Канскіх львах” золата атрымалі ў асноўным сацыяльныя праекты, таму сёння мы можам казаць пра адпаведнасць нашага фестывалю сусветным трэндам», — адзначыў Сяргей Скараход, кіраўнік рэсурсу Marketing.by, што поруч з ініцыятарамі фэсту грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” з’яўляецца суарганізатарам фестывалю. 

Урачыстай цырымоніі ўзнагароджання папярэднічала шырокая адукацыйная праграма, дзе ў якасці спікераў былі майстры рэкламы не толькі з Беларусі, але і з далёкай Японіі. Адметнасцю сёлетняга фестывалю стала двухгадзінная лекцыя творчага дырэктара японскага агенцтва PARTY, уладальніка канскага Залатога льва Канта Сімідзу (Qanta Shimizu).

Фотарэпартаж з цырымоніі


Ягор Канапкін 12:00, 28.06.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0486 seconds.