Дзяніс Кандратовіч. Калі хочаш некім стаць, акружы сябе людзьмі, якія ўжо сталі тым, кім ты хочаш быць

Сузаснавальнік інтэрнэт-аукцыёна «Мае Сэнс», дзе людзі прадаюць спатканні з сабой дзеля дабрачынных мэтаў, у 25 гадоў ужо мае вопыт вываду сваёй кампаніі на амерыканскі рынак. Праект атрымаў вялікую ўвагу і папулярнасць у Беларусі, але за мяжой не знайшоў чаканай увагі інвестараў, а паўтары месяцы таму з яго сышоў другі аўтар. Дзяніс Кандратовіч у серыі Generation.by «Кім я стану, калі вырасту» пра тое, як зрабіць хобі любімай паспяховай працай ды не згубіць па ходу сяброў.

Першы бізнэс

З сябрам яшчэ ў школе недзе раздабылі багата ўкладышаў з налепкамі пакемона з нейкіх жаночых часопісаў. У той час усе фанацелі ад гэтых пакемонаў, ну мы гэтыя налепкі і прадавалі. А калі вучыўся ва ўніверсітэце, было папулярна купляць камплектуючыя. Гэта зараз ніхто не будзе замарачвацца ды купіць ноўт, а тады паасобку было выгадней. Мы з сябрам такую спекуляцыю рабілі: куплялі камплектуючыя ў Менску, збіралі і прадавалі ў Віцебску. 

Сустрэчы, каб камусьці дапамагчы

З Мішай (Міхаіл Карпіцкі, сузаснавальнік maesens.by — заўвага Generation.by) мы жылі ў адным інтэрнаце, ён быў на курс маладзейшы за мяне. У нас заўсёды было шмат агульных спраў, мы разам гулялі ў покер у інтэрнэце, разам з ім адкрылі вэб-студыю па распрацоўцы сайтаў, потым хацелі адкрыць сваю хостынг-кампанію. У нейкай газеце аднойчы пабачылі, што ўкраінец прадаваў сустрэчы са сваімі сябрамі, каб камусьці дапамагчы. І мы вырашылі такое ў нас замуціць, стварылі суполку ў Vkotnakte. Выстаўлялі фота чалавека, а каментамі да здымка людзі рабілі стаўкі. Тады мы пералічвалі грошы нейкаму аднаму хвораму дзіцёнку. Паколькі гэта займала вельмі шмат часу, то мы вырашылі зрабіць сайт. Плюс трэба было выходзіць на афіцыйны ўзровень, бо сумы раслі, трэба было рэгістравацца. Сайт Міша зрабіў даволі хутка, за месяц, і гэта тады быў даволі просценькі прадукт. Тое, што мы маем цяпер, і тое што было год таму — гэта неба і зямля.

Гэта было для нас як хобі

Па факце гэта некамерцыйны праект. Калі мы яго рабілі, асабліва не думалі сыходзіць з працы, гэта было для нас як хобі. І адсотак з ахвяраванняў бралі дзеля таго, каб падтрымаць сайт, падаткі, юрыдычны адрас. Цяпер гэта яшчэ і заробак супрацоўнікам. Насамрэч, мы хацелі ў ідэале прыйсці да таго, што ўсе грошы, якія ахвяруюць людзі, сыходзілі на дабрачыннасць. А зарабляць з іншых крыніц, самае банальнае — гэта рэклама. 

Колькі ж можна часу марнаваць на некамерцыйны праект?!

Мы з Мішай былі тады моцнымі сябрамі. Рабілі гэты праект, жылі ім, здымалі разам кватэру. Было ўсялякае: спрэчкі, рознагалоссі і ў выніку хэпі-энды і вырашэнне невырашальных праблем. Але кожны вырастае і ідзе сваім шляхам прасоўвацца далей, атрымліваць новы досвед. Міша сышоў з праекта паўтары месяцы таму. Проста гэта некамерцыйны праект, ну колькі можна часу марнаваць на некамерцыйны праект?! Мы яшчэ спрабавалі зрабіць амерыканскую версію, але там не атрымалася. Па факце не знайшлі фінансавання. Таксама хацелі выйсці на расейскі рынак. Проста гэта ўсё было доўга, а фінансавай стабільнасці гэта ўсё не прыносіла. А я пачынаў праект і я ў яго веру. Проста калі б мы абодва адначасова сышлі, то ён мог бы ўвогуле закрыцца. Я застаўся да тых часоў, пакуль праект не зможа існаваць без мяне. 

На працы ты таксама прадаеш свой час, за гэта атрымліваеш грошы

Калі мы пачыналі праект, быў такі вялізарны стрэс, кепскі фідбэк ад людзей. А цяпер ужо нармальна ставяцца, нават калі і не вераць у будучыню праекта, яны бачаць, што на дабрачыннасць праз «Мае сэнс» пералічана мільярд семсот мільёнаў, разумеюць, што сума ўсё ж такі даволі значная. Цяпер ужо няма тых абвінавачванняў, якія былі спачатку, маўляў, вы разводзіце сэрвіс знаёмстваў, прастытуцыю. Гэтага было дастаткова ў пачатку, а апошнім часам з гэтым ужо не сутыкаюся.

Ты ж прадаеш не сябе, а сустрэчу з сабой, свой час. На працы ты таксама прадаеш свой час, ты траціш яго, за гэта атрымліваеш грошы. Тут тое самае, ты траціш свой час, атрымліваеш грошы, якія перадаеш на дабрачыннасць. Тут увогуле няма нічога такога. Тая ж схема. Чаму калі траціш час на будоўлю дзіцячай пляцоўкі, ніхто не лічыць гэта прастытуцыяй?! Тое самае, ты сустрэўся з чалавекам і гэтыя грошы пайшлі на будоўлю дзіцячай пляцоўкі. Адно тое ж. У адным выпадку ты проста фізічна працуеш, а другім — тыя яшчэ знаёмішся з цікавымі людзьмі і развіваешся. 

20%, якія ідуць не на дабрачыннасць, лічацца ў нас нейкім блюзнерствам

Сітуацыя з Еўропай і Амерыкай вельмі розныя. Там выгадна людзям займацца дабрачыннасцю, па законах ідуць падатковыя льготы і г.д. І там арганізацыі актыўна рэкламуюць сябе, каб менавіта ім далі гэтыя грошы. Рэклама з гэтым законам параджае яшчэ большы інтарэс да гэтай мэты. Усё развіваецца як снежны ком.

У нас гэтым нявыгадна займацца. І 20%, якія ідуць не на дабрачыннасць, лічацца ў нас нейкім блюзнерствам. А тое, што 20% ад месячнага абароту — гэта звычайны заробак праграміста, які працуе на той мове, на якой у нас напісаны сайт, гэта нікога не хвалюе. З аднаго боку можа гэта гучыць зашмат, а з іншага гэтага не хапае на падтрыманне праекта. 

Багата цікавых людзей, і іх пастаянна рабілася больш

Калі гэта была суполка vkontakte, там 100% ішло на дабрачыннасць. Гэта было вельмі цікавае хобі. Плюс гэта класны спосаб пазнаёміцца, мы ведалі шмат цікавых людзей, і іх пастаянна рабілася больш. Мы правелі першы раз аўкцыён і пазнаёміліся з 30 афігеннымі людзьмі, бо ўсё гэта праходзіла праз нас, мы сустракаліся асабіста з людзьмі, каб перадаць нейкія кантакты. Пастаянна збіраліся ўсе разам. 

Хутка можа будзе бомба

Вырасці — значыць для мяне дасягнуць пэўнага ўзроўню незалежнасці. Тады напэўна я вырас. Засталося толькі далей развівацца і рэалізавацца. Я не збіраюся спыняцца на дасягнутым, я думаю, што яшчэ будуць праекты. Вось дарэчы ў нас ёсць Social weekend, і хутка будзе офлайнавая сустрэча большых маштабаў, распрацоўваем пад гэта новую платформу. Карацей, хутка можа будзе бомба. 

«Я тоже люблю размаўляць на мове»

Я не размаўляю па-беларуску. І мне не падабаюцца людзі, якія трохі так, трохі гэтак кажуць. З-за таго, што чалавек размаўляе па-беларуску, гэтыя людзі нейкія словы кажуць па-беларуску, нейкія па-руску. Яны такія «Я тоже люблю размаўляць на мове» і ўсё далей па-руску і нейкія беларускія словы ўстаўляюць. Я вялікі прыхільнік беларускай мовы і назву «Мае сэнс» я прыдумаў :) Мне падаецца, што беларускую мову трэба развіваць, і рабіць гэта жорсткім рашэннямі на дзяржаўным узроўні. Трэба ўводзіць абавязалаўку ў школах, у справаводстве. Іначай ніяк. Вось і ў нас кожны раз з’яўляюцца валанцёры, якія хочуць перакласці сайт на беларускую. Трохі перакладаюць, загараюцца і знікаюць. 

Выйсці на пенсію ці паспяхова прапрацаваць усё жыццё

Я цалкам згодны з фразай: «Скажы мне, хто твой сябар і я скажу, хто ты». Гэта значыць, скажы, які ў цябе асяродак і я скажу, хто ты. Мне падаецца, калі хочаш некім стаць, то вельмі правільна акружыць сябе людзьмі, якія ўжо сталі тым, кім ты хочаш быць. Калі хочаш развівацца, трэба пастаянна стасавацца з людзьмі, якія лепей за цябе. Грамадства яно ж вялікае і ты сам выбіраеш у якой частцы гэтага грамадства ты круцішся. Трэба проста абіраць правільны вектар. Мяркую, што імкненне і погляды маіх сяброў мне вельмі блізкія. Кожны з іх чымсьці захапляецца і хоча рабіць вялікія праекты. І погляд на жыццё ў іх не ўпіраецца ў тое, каб добра выйсці на пенсію ці паспяхова прапрацаваць усё жыццё. А каб зрабіць нешта паспяховае і нешта выбітнае. 

Якая ў цябе мэта праз пяць гадоў? Выплаціць крэдыт і ўзяць новы крэдыт на кватэру

Кім я бачу сябе праз пяць гадоў? Мне падаецца, што калі такая далёкая мэта, то адказаць можна толькі абстрактна, бачу сябе паспяховым і аточаным добрымі людзьмі. Бо ў нашым хутка зменлівым інфармацыйным грамадстве немагчыма надоўга загадваць. Праз паўгады жыццё можа вельмі крута памяняцца. Вось быў у нас маленькі праекцік «Мае сэнс», і хто ведаў, што праз паўгады мы будзем яго прасоўваць у Амерыцы?! Пяць гадоў мне падаецца — гэта цэлае жыццё. Ты ўяві, пяць гадоў, гэта, калі сканчаеш школу і потым заканчваеш універ, мне падаецца гэта два розных чалавекі.

Таксама залежыць ад асяродка. Можна ставіць такія планы, што праз пяць гадоў я памяняю машыну і накаплю на адпачынак. А можна ставіць планы з іншай амплітудай змен. Можа для кагосьці гэта невялікі перыяд, вось я купіў машыну і мне выплачваць крэдыт бліжэйшыя пяць гадоў. Якая ў цябе мэта праз пяць гадоў? Выплаціць крэдыт і ўзяць новы крэдыт на кватэру. І тут усё ясна. А калі ты ставіш перад сабой больш амбіцыйныя мэты, то тут трохі незразумела.

Мітусня, якая табе нафіг непатрэбна

Зараз ты глядзіш на ўсялякія «Славянскія базары» і думаеш, што прыкольна. А, калі ты жывеш у Віцебску, то для цябе гэта значыць, што ўвесь год нешта рамантуюць, а потым на тыдзень наязджае куча народу і паўсюль бітком людзей. І там, дзе ты звычайна гуляеш, там усё перакрыта і незразумелая мітусня, якая табе нафіг непатрэбная. І ўсе вакол скардзяцца на тое, што ў іх на працы нейкія дадатковыя падаткі збіраюць на гэта ўсё. 

«Вось гэта крута, ты прыходзіш і бярэш, што хочаш»

Я хацеў у дзяцінстве быць прадаўцом і неяк нядаўна убачыў карыкатурку, маўляў, у кожнага ў дзяцінстве бывае момант, калі ён даведваецца, што прадавец не можа з крамы браць усё, што захоча. У мяне было нешта падобнае. Справа ў тым, што калі мне было 3 гады, мая бабуля працавала прадавачкай і, калі я да яе прыходзіў, яна заўсёды мне давала марозіва. А я думаў: «Вось гэта крута, ты прыходзіш і бярэш, што хочаш».

Тое, што карыстаешся інтэрнэтам, было нагодай, каб сустрэцца

Першы камп’ютар мне падарылі ў класе дзявятым, для тых часоў ён быў вельмі магутны. У кожнага напэўна быў момант, калі бацькі атрымліваюць вялікі рахунак за мадэм. У мяне была такая ж самая сітуацыя. Першы месяц я вельмі акуратна карыстаўся інтэрнэтам, а вось потым неяк прыйшоў рахунак проста касмічны. Ну і адпаведна па касмічных маштабах я і атрымаў ад бацькоў.

У той час яшчэ былі вельмі папулярныя чаты і форумы. А паколькі грошы ішлі за час, а не за трафік, то так і атрымалася. Мы ўсе сядзелі ў чатах, пачалі рух флэшмобаў у Віцебску. Была такая нерэальная тусоўка, мы збіраліся па 100 чалавек. Можа і цяпер такія ёсць, але яны зараз больш тэматычныя. Тады адно тое, што карыстаешся інтэрнэтам было нагодай, каб сустрэцца. Мы рабілі такія вясёлыя флэшмобы, напрыклад, на плошчы ідуць сабе людзі і тут рэзка спантанна пачынаюцца ганстэрскія баі, сценка на сценку. Тры хвіліны, потым усе разышліся. 

Мама сказала: «Сыходзь з дома»

Калі вучыўся ў школе, у мяне былі сябры, мы слухалі панк-рок. Бывала, што я званіў маме: «Усё, я сёння не прыеду дадому ночыць, бо еду на канцэрт у іншы горад». І адпаведна шмат канфліктаў было з бацькамі, нягледзячы на ўсё, вучыўся добра. Але аднойчы мама сказала: «Сыходзь з дома», і я сышоў на тры дні. Жыў у сябра, хадзіў у школу. Але потым бацька прыйшоў у школу і сказаў: «Пара дамоў». Нягледзячы на тое, што ў мяне ў дзяцінстве былі праблемы з мамай, яна цяпер у мяне мой лепшы сябар. Заўсёды трэба падтрымліваць сваіх бацькоў. 

«Ребята, пути ваши неисповедимы, крутитесь, как хотите»

Думаў паступаць у Піцер, але паступіў у Мінск, бо паехаў за дзяўчынай. У мяне спецыяльнасць гучыць як інжынер па інфармацыйных тэхналогіях і кіраванню тэхнічнымі сістэмамі. А тэхнічная сістэма, як нам тады тлумачылі, мае шырокае ўжыванне, можна працаваць пачынаючы ад адміністратара банка да кіраўніка даільных апаратаў на ферме, бо гэта ж таксама тэхнічная сістэма. І таму нам казалі: «Ребята, пути ваши неисповедимы, крутитесь, как хотите». 

Нам такія разумныя тут непатрэбныя

Мяне размеркавалі на завод, але пасля паўмесяца барацьбы праўдамі і няпраўдамі ўдалося пераразмеркавацца на прыватную фірму ў Мінск. Я ўвогуле быў першым чалавекам за кучу гадоў, хто дабіўся пераразмеркавання з гэтага заводу. Бо я хадзіў і дабіваўся сустрэчы з дырэктарам, чапляўся да кожнай дробязі, урэшце рэшт намеснік падпісаў паперу, маўляў, нам такія разумныя тут непатрэбныя. 

У кожнага можа быць пісталет

Люблю бываць у новых месцах. Які сэнс ехаць туды, дзе ўжо быў? Я 7 месяцаў пражыў у Амерыцы, аб’ездзіў усю Каліфорнію. Ёсць розныя аспекты жыцця, у некаторых мне падабаецца больш, недзе — меней, але па факце добрыя людзі ёсць паўсюль. Але калі прыязджаеш у Беларусь, то рэальна радуецца вока ад таго, якія ўсе прыгожыя. Звонку, а ўнутры ўсё па-рознаму. І тут ёсць добрыя, і там ёсць. Але там мне падаецца такога адкрытага гвалту і агрэсіі меней, як у нас: бойка на дыскатэцы ці нешта падобнае. Бо там у кожнага можа быць пісталет, таму людзі асабліва не вылузваюцца. Якім бы ты не быў майстрам спорту па каратэ, ты ўсё адно сто разоў падумаеш, перад тым каб пачынаць бойку. 

У мітусні толькі магу працаваць

Я — дзіця цывілізацыі, мне падабаецца мітусня, калі ўсе бегаюць. Я толькі тады магу працаваць, у мяне прадукцыйнасць самая вялікая. А калі навокал цішыня, мне хочацца паглядзець фільм, адпачыць. 

Бабуля ляжала, на мяне глядзела, міргала і потым памерла

На трэцім курсе ў мяне быў апендыцыт, пасля гэтага былі ўскладненні, бо няўдачна зрабілі аперацыю. Я ляжаў тыдзень у рэанімацыі. Большасць людзей у такіх выпадках не выжывае. Але я выжыў і праз паўтары месяцы ганяў на сноўдбордзе, хаця ў мяне быў пасцельны рэжым. Але ў мяне на вачох памерлі стары і старая. Бабуля ляжала, на мяне глядзела, міргала і потым памерла. Потым яшчэ медсёстры сварыліся паміж сабой, хто яе будзе вывозіць. 

Узрост не гарант таго, што меркаванне старэйшых правільнае

Павага да старэйшых — гэта безумоўная важная справа. Але бываюць розныя сітуацыі. Вось у чым заключаецца павага, ясна, што трэба заўсёды саступаць месца ў транспарце. Але, напрыклад, калі ты з некім працуеш, і ён за цябе старэйшы, не трэба з павагі патыкаць сваім меркаваннем, заўсёды трэба адстойваць яго. Бо ў сучасным свеце ўзрост не з’яўляецца гарантам таго, што меркаванне старэйшых правільнае. І часта трэба ўлазіць у дыскусію. 

Беларусы хочуць выправіць усю нацыю агулам

Мне падаецца ўсе беларусы самакрытычныя. Прычым самакрытычныя не да сябе, а хочуць выправіць усю нацыю агулам, а не з сябе пачаць. А вось, напрыклад, амерыканцы ці еўрапейцы самалюбівыя. І нават, калі яны сто разоў неправыя, усё роўна будуць крычаць, што Францыя наперадзе планеты ўсей. Беларусы шмат у чым лепей, але ва ўсіх інтэрв'ю будуць казаць, маўляў, а вось у нас так, а там вось так. У нас рабяты вельмі разумныя. Проста трэба быць больш самаўпэўненымі, годзе ўжо на сябе нагаворваць. 

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


comments powered by Disqus
 
In 0.0682 seconds.