Лепшы беларускі стартап пашыраецца на рынкі ЗША і Расеі

Прыкладна год таму выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі 25-гадовы Дзяніс Кандратовіч і 23-гадовы Міхал Карпіцкі запусцілі ў Беларусі дабрачынны праект з беларускамоўным назовам «Мае Сэнс». Вельмі папулярная ў краінах Заходняй Еўропы і ЗША ідэі дабрачыннасці ў Беларусі не была асабліва раскручаная. Некалькі фондаў дапамогі тым, хто гэтага патрабуе, працавалі ў вузкіх сферах, а пра іхнюю дзейнасць здагадваліся толькі нешматлікія адмыслоўцы і цікаўныя. Год таму сітуацыя моцна змянілася дзякуючы стартапу хлопцаў. За год працы праект паспеў займець вядомасць у байнэце і нядаўна нават дамогся тытулу «Лепшы стартап году» канферэнцыі «Дзелавы інтэрнэт». Але галоўным поспехам праекту стаў яго выхад на рынкі Расеі і ЗША.


Міхал Карпіцкі ў 23 гады аказаўся самым паспяховым стартаперам у Беларусі

Асноўная ідэя аўкцыёну дабрачынных сустрэч «Мае Сэнс» — дабрачыннасць праз знаёмства з цікавымі людзьмі. Карыстальнікі пакідаюць аб сабе інфармацыю на сайце праекту, дзе за грошы можна набываць час з людзьмі, якія табе спадабаліся. Атрыманыя сродкі ідуць на дабрачыннасць, найчасцей дзецям. Аднак не ўсе: кожны пяты даляр з ужо больш за $100 тыс. сабраных у Беларусі праект пакінуў сябе.

Зрэшты, нядаўнія студэнты БДУІР Міхал Карпіцкі, які адказны за тэхнічны бок праекту, і Дзяніс Кандратовіч, што цяпер скарае Каліфорнію, не былі першымі, хто прыдумаў браць грошы за права сустрэцца з прыгожай дзяўчынай ці хлопцам. «Мае Сэнс» пачынаўся ў сацыяльнай сетцы VK і будаваўся на імкненні валанцёраў знайсці сродкі на дапамогу хворым дзецям. Прынамсі так сцвярджаюць колішнія сябры хлопцаў.

«Мы пачалі адкладаць грошы на развіццё аўкцыёнаў — на аплату юрыста, дамена і хостынгу, — кажа адна з заснавальніц групы ў VK, ад якой пачаўся праект, Наталля Даўматовіч. — Да гэтага моманту да нас далучыўся Дзяніс Кандратовіч, які жыў з Віталікам [Барысакам — яшчэ адным заснавальнікам групы (аўт.)] у адным пакоі і доўга захапляўся нашай справай. Дзяніс і заняўся пошукам юрыста, неўзабаве ён знайшоў і праграміста для распрацоўкі сайта, праўда, нам ён пра гэта сказаў значна пазней».

Да моманту запуску праекту 5 кастрычніка 2011 года, па словах Наталлі, заснавальнікі групы аказаліся па-за праектам. «Мае сэнс» рабілі зусім іншыя людзі.


Менскі офіс «Мае сэнс»

Мабыць, ніводная гісторыя поспеху не можа абысціся без падобных акалічнасцяў. Дастаткова прыгадаць гісторыю ўладальніка Фэйсбук Марка Цукенберга, якога былыя сябры па ўніверсітэту дагэтуль абвінавачваюць у крадзяжы ідэі стартапу. А пакуль беларускі «Мае сэнс» не дасягнуў фэйсбучных маштабаў, дыскусіі аб каранях «Мае сэнс» не выходзіць за межы каментароў у Інтэрнэце.

Зрэшты, хутка яна можа дасягнуць значных маштабаў. Асабліва калі «Мае сэнс» ажыццявіць усе свае грандыёзныя планы па пашырэнні на ЗША і Расею. Першыя крокі былі зробленыя ўжо праз паўгода пасля старту ў Беларусі. 5 красавіка 2012 г. «Мае сэнс» з’явіўся ў Расійскай Федэрацыі на дамене Goodwillion.ru (вытворнае ад goodwill — «добрая воля»). А ў чэрвені 2012 года дабрачынныя аўкцыён стартаваў у ЗША на дамене Goodwillion.com.

«Пасля вывучэння рынку, прыкладна ў сакавіку 2012 году, мы канчаткова высветлілі, што падобная ідэя ў ЗША не рэалізаваная. Тады вырашылі, што будзем запускаць праект там, — кажа Дзяніс Кандратовіч. — Ужо ў чэрвені мы паехалі ў ЗША і зрабілі пробны запуск. Праз гэта пазнаёміліся з культурай амерыканцаў, узялі новых людзей у каманду і зразумелі, што прадукт давядзецца перарабіць. Паўторны запуск планавалі на пачатак кастрычніка».


Скарэнне Амерыкі. Дзяніс Кандратовіч у цэнтры. Фота tdwmedia.com

Па словах Кандратовіча, асаблівых адрозненняў паміж беларускай і амерыканскай версіяй «Мае Сэнс» няма. «І там і тут працуе адна платформа, толькі мовы розныя. І, напэўна, розныя сацыяльныя сеткі выкарыстоўваюцца для регістрацыі».

Сапраўды, калі на беларускай версіі парталу для таго, каб далучыцца да аўкцыёну, дастаткова мець акаўнт у VK ці Facebook, то для амерыканскай падыходзяць толькі
LinkedIn і той жа Facebook.

Пакуль поспехі праекту з ЗША не такія значныя, як у Беларусі. На канец верасня Goodwillion паспеў сабраць $10 тыс. (у Беларусі ўжо болей за $100 тыс.). Хаця над праектам працуюць даволі дасведчаныя людзі. Дарадцам «Мае Сэнс» стаў адзін з першых інвестараў Twitter Грэг Кід.

«У Штатах праектам будзе займацца 5 чалавек і 2 дарадцы, — кажа Кандратовіч. Адзін чалавек зоймецца фінансавай часткай праекта — падаткі і дабрачынныя пераклады, і 2 чалавекі непасрэдна будуць прасоўваць Goodwillion».

Адной з першых нечаканасцяў працы за акіянам, па словах Кандратовіча, стала на першы погляд няўлоўнае, але моцнае адрозненне ў культуры нашых краін.

«Культура вельмі розная — гэта факт, на першы погляд многія рэчы няўлоўныя, але варта затрымацца, спыніцца і азірнуцца, і ты пачынаеш гэта заўважаць. І яшчэ зразумела, што для прасоўвання праекта ў іншай краіне (тым больш сацыяльнага праекта), патрэбны прадстаўнік гэтай краіны ў камандзе».

«Але людзям падабаецца ідэя, бо яна простая і адначасова прыносіць карысць і дзецям і моладзі, якія імкнецца ўсталёўваць новыя кантакты ў соцыуме», — аптымістычна падагульняе беларускі стартапер.

Фота Юля Сакалоўская

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.