У Беларусі з’явіўся AIESEC

Камітэт самай буйной студэнцкай арганізацыі ў свеце пасля некалькіх няўдалых спробаў нарэшце зарэгістраваўся ў Менску. Generation.by гутарыў з актывістамі пра новыя магчымасці для беларускіх студэнтаў.

AIESEC (Association Internationale des Étudiants en Sciences Économiques et Commerciales)

  • Асноўны напрамак дзейнасці: арганізацыя стажыровак і моладзевых абменаў за мяжой
  • 82 000 сяброў 
  • 131 краіна 
  • У 1948 заснавана студэнтамі з Бельгіі, Даніі, Фінляндыі, Францыі, Нарвегіі, Швецыі ды Нідэрландаў
  • Партнёры: BASF, BOSH, Lufthansa, PWC, Ernst&Young, Porshe і інш.

Асаблівасць AIESEC у тым, што стажыроўкі і абмены арганізоўваюць самі студэнты. Структура арганізацыі выглядае наступным чынам: лакальны камітэт (у пэўным універсітэце альбо горадзе), нацыянальны камітэт (кіруе лакальнымі камітэтамі краіны) і міжнародны камітэт (кіруе нацыянальнымі камітэтамі кран-удзельніц). Кожны год сябры міжнароднага камітэта абіраюцца наноў, два гады таму, напрыклад, прэзідэнтам AIESEC была абраная ўкраінка Таццяна Міхайлюк з Івана-Франкіўска.

У пачатку 90-х у БДЭУ і ГрДУ дзейнічалі два лакальных камітэта расейскага «Айсека», але пакрысе абодва камітэты пачалі знікаць і неўзабаве спынілі дзейнасць. Пачынаючы з другой паловы нулявых беларускія студэнты неаднаразова спрабавалі аднавіць «Айсек», але ўдалося гэта толькі некалькі дзён таму. 

«Спачатку мы збіралі дакументы на рэгістрацыю рэспубліканскага грамадскага аб’яднання. Але ў выніку зарэгістраваліся як сацыяльна-культурная ўстанова. Мы хацелі супрацоўнічаць з БДЭУ, але яны адмовілі. Потым мы звярнуліся да БДУ і яны адразу зацікавіліся і цяпер яны ва ўсім нас нас падтрымліваюць, абяцалі памяшканне даць», — распавядае лідарка беларускага «Айсека» Юля Лемяшова

Каб адкрыць офіс AIESEC у новай краіне, неабходна выканаць шэраг патрабаванняў міжнароднай арганізацыі, у тым ліку знайсці паручальніцтва іншай краіны, такой для Беларусі стала Украіна. Ад AI (AIESEC International — міжнародны камітэт, кіруючы орган AIESEC) беларуская ініцыятыва атрымала афіцыйнае пацьверджаннне на адкрыццё офіса 10 чэрвеня, праз тыдзень Мінюст зарэгістраваў сацыяльна-культурную ўстанову «Студобмен», якая і з’яўляецца прадстаўніцтвам міжнароднай арганізацыі ў Беларусі. 

Для таго, каб паўдзельнічаць у міжнародных абменах альбо у стажыроўках, неабходна:

  1. Вывучыць інфармацыю аб стажыроўках і абменах у сац.сетках (FB і VK) і на сайце (пакуль у распрацоўцы)
  2. Зарэгістравацца на абраную праграму і запоўніць анкету на сайце
  3. Прайці сумоў’е

Пасля кандыдаты атрымліваюць доступ да базы дадзеных са стажыроўкамі і абменамі па ўсім свеце і шукаюць сабе адпаведную. Каля 12 студэнтаў і выпускнікоў ужо звярнуліся да беларускага прадстаўніцтва сусветна вядомай арганізацыі і, магчыма, у хуткім часе будуць пакаваць валізы. Моладзевыя абмены каштуюць 100 еўра, прафесійныя стажыроўкі — 200. Аплата ажыццяўляецца толькі пасля таго, як вы знойдзеце праграму і заключыце дамову. 

Зараз у арганізацыі каля 10 актывістаў, але са словаў «айсекераў» далучыцца можа кожны, было б жаданне. Сама Юля прадпрымальніца, «Айсекам» займаецца па вечарах, калі офіс вызваляецца ад працы. 

«Пасля таго, як я патрапіла ў мінулым годзе на канферэнцыю AIESEC у Польшчу, я зразумела, што знайшла тое, чаго мне не хапала. Сказала сабе, што я проста абавязана адкрыць яго ў нашай краіне, бо гэта лепшае, што я калісьці спрабавала. І  я веру, што, калі трэцяя сусветная яшчэ не адбылася, то гэта таму, што ёсць людзі, якіх нараджае гэтая арганізацыя», — упэўненая Юля.


Наста Darteco 17:05, 01.07.2013 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.1641 seconds.