Уключы выключнасць! Фэст беларускамоўнай рэкламы AD.NAK! збірае заяўкі

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! пройдзе сёлета 27 чэрвеня і ўжо ў чацвёрты раз. «ТРЭНД BY AD.NAK - Уключы выключнасць» — такі лозунг атрымаў сёлета фэст. Што новага рыхтуюць арганізатары і калі дэдлайн для ўдзельнікаў — чытаем у аглядзе. 

Традыцыйна арганізатарамі фэсту выступаюць грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» і праект marketing.by. Сёння яны з калегамі, сярод якіх і прадстаўнік амбасады Італіі, распавялі пра старт новага «Аднаку». 

«Сёлета фэст мае на мэце звярнуць увагу прафесійнай супольнасці на тое, што калі ты беларусаарыентаваны — то ты ўжо ў трэндзе. Пераасэнсаванне нацыянальных каранёў спрыяе нараджэнню новых трэндаў. Беларуская нацыя адметная не толькі сваёй мовай. Мы, на жаль, часам забываемся на гэта і нашая адметнасць не працуе на нас», — адзначыла Ніна Шыдлоўская.

Таксама каардынатарка «Будзьма беларусамі» падкрэсліла, што цікавыя, крэатыўныя і чапляльныя ідэі і кампаніі нараджаюцца часцей менавіта ў беларуска арыентаванай прасторы: 

«Якасныя змены, якія адбыліся за мінулы год, паказалі, што беларускамоўная рэклама можа быць найэфектыўнейшым сродкам данясення да аўдыторыі думак стваральнікаў прадуктаў, паслугаў, ідэяў. Адметнасць фэсту палягае ў наяўнасці конкурсаў не толькі для рэкламы прадукцыі ці паслугаў. Мы акцэнтуем увагу і на разнастайных культурных праектах у шырокім сэнсе слова “культура”, якія ладзяцца грамадзянскай супольнасцю. У Беларусі няма фэстаў, якія б давалі магчымасць заяўляцца грамадзкім арганізацыям і ініцыятывам. Мы не хочам, каб такія арганізацыі адчувалі сябе па-за бортам».

Так, сярод пераможных працаў фэсту фігуруе нямала грамадскіх некамерцыйных праектаў. Да прыкладу, шэраг праектаў ад Волі Кузьміч, кампанія Ігара Случака «Справаводзтва па-беларуску» ды іншыя. 

Сяргей Скараход адзначыў, што перадусім фэст арыентаваны на маладых творчых адмыслоўцаў і энтузіястаў на пошукі сваёй прафесійнай адметнасці менавіта ў беларусацэнтрычным сегменце. Кіраўнік marketing.by таксама распавёў пра пэўныя змены ў фармаце конкурсу, новых намінацый. Так, рэкламнае фота сёлета вынеслі ў асобную намінацыю. Таксама захаваецца і антыпрэмія «Каша сувораўская», якая мае на мэце паказаць, як не трэба рабіць. Напрыклад, каб прэзентаваць сваю прадукцыю адна з кандытарскіх фабрык вырабіла шакаладную Хатынь. Любы ахвотны можа сфатаграфаваць рэкламу, прадукт ці білборд і даслаць арганізатарам фэсту.

Чакаюцца новыя цікавосткі сёлета і на самім фэсце: будуць майстар-класы ад замежных экспертаў у галіне рэкламы з Італіі і Японіі, якія сярод іншага распавядуць пра значнасць і адметнасць нацыянальнага складніку ў рэкламе ў сваіх краінах. 

Прыём працаў на намінацыі і конкурсы працягнецца з 25 красавіка па 3 чэрвеня. Фестывальны дзень пройдзе 27 чэрвеня.

Падрабязней пра намінацыі – на сайце фэсту, а таксама сёлета апублікавалі рэйтынг крэатыўнасці «Выбітныя і знаходлівыя» паводле колькасці перамогаў ва ўдзельнікаў папярэдніх трох фэстах. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0907 seconds.