Akute, Clover Club, «Ляпіс Трубяцкой» і «Серебряная Свадьба» — сёлетнія Rock Profi

Інфармацыя аб з’яўленні новай прэміі Rock Profi з’явілася некалькі тыдняў таму, а ўжо ўчора задаволеныя музыкі забіралі ўзнагароды з менскага клуба. Галоўная разынка гэтага беларускага музычнага аварду — пераможцаў абіраюць самі выканаўцы, якія выдалі прынамсі адзін альбом за апошнія тры гады. У гэтым годзе арганізатары прапанавалі 80 артыстам прагаласаваць, з якіх 57 узялі ўдзел. Яны ацанілі 47 альбомаў, 72 песні і каля 30 артыстаў. Больш за чатыры гадзіны кантрольны камітэт лічыў вынікі галасавання і каля трох гадзін цягнулася само ўзнагароджанне. 


Арганізатары прэміі Павел Юрцэвіч і Зміцер Безкаравайны ўручаюць прэмію ў намінацыі «Дэбют»

«Мне неаднаразова даводзілася чуць ад музыкаў, што яны не слухаюць беларускую музыку. І я заўжды ў іх пытаюся: „Чаму вас мусяць слухаць беларусы, а вы іх не? Чым вы лепей?“. Таму мне асабіста вельмі прыемна, што беларускія музыкі адкрылі для сябе адзін аднога», — кажа галоўны арганізатар прэміі Зміцер Безкаравайны. 

На закрытым мерапрыемстве ў клубе Loft падавалася, што журналістаў ў разы болей за саміх музыкаў. Абвяшчэнне лепшых стартавала пад музыку з мультфільму «Ружовая пантэра».

«Юрцэвіч упэўнены, што пад гэтую музыку лепей працуе страўнік», — пракаментаваў вядоўца Ілля Маліноўскі выбар мелодыі.  

Вынікі прэміі не моцна адрозніваюцца ад астатніх музычных узнагарод, імёны пераважнай большасці пераможцаў ва ўсіх на слыху: Clover Club, Серебряная свадьба, Akute, Ляпіс Трубяцкой. На з’яўленне апошняга журналісты спадзяваліся да самага канца, аднак узнагароду перадалі музычнай журналістцы Таццяне Заміроўскай. 

Пераможцы Rock Profi

  • Дэбют году — Clover Club “Random Mood Jukebox”
  • Лепшы запіс — Yellow Brick Road “Futuremental” (запіс Яўген Сухавей)
  • Лепшая песня — Ляпіс Трубяцкой «Железный»
  • Лепшы альбом — Серебряная свадьба “Laterna Magica”
  • Артыст года — Akute
  • За ўнёсак у беларускую музыку — Ляпіс Трубяцкой

У хуткім часе на старонках прэміі ў сацыяльных сетках можна будзе даведацца хто з музыкаў за каго галасаваў. А пакуль мы паспрабавалі даведацца гэта ў прысутных музыкаў. 

«У другім туры прагаласаваў за Akute, таму што аб’ектыўна за апошнія год-паўтары яны „расхісталі“ гарадскую свядомасць больш за астатніх музыкаў. За ўнёсак у беларускую музыку Алега Хаменку напісаў, — дзеліцца сваім выбарам лідар гурта J:Moрс Уладзімір Пугач, — Але маё ўяўленне пра беларускую музыку ніяк не змянілася, я тут жыву 37 гадоў і як быў упэўнены ў тым, што ў нас шмат талентаў, так і застаўся ў гэтым упэўненым»

«Галасавалі за Akute, Clover Club. У намінацыі „За ўнёсак у беларускую музыку“ абіралі N.R.M.», — кажа гурт Rahis.

Скончылася цырымонія ў ап’янелым настроі пад гукі літоўскага Маркаса Палубенкі і ўкраінскага Zapaska. 

Фотарэпартаж з цырымоніі 


Наста Darteco 12:01, 17.04.2013 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1275 seconds.