Дыягназ: Akute

Akute

Пакуль электроншчык Прызма разаграваў публіку часам апрацаванымі трэкамі саміх магілёўцаў, музыкі ў сваёй грымёрцы няслаба нерваваліся. Апынуўшыся на сцэне, яны, крыху збянтэжаныя, не верылі такой народнай любові, хаця ледзь не кожны выступ Akute у Менску выклікае падобны аншлаг. Што цікава, большасць публікі не падобная на стэрэатыпную аўдыторыю беларускамоўных гуртоў: няма б-ч-б значкоў, ніхто брутальным голасам не крычыць: «Размаўляй па-беларуску!». Трэндавыя магілёўцы зрабілі для беларускай мовы напэўна больш чым усе агітацыйныя плакаты па ўсёй краіне разам узятыя: калі больш чым паўтысячная заля рускамоўных падлеткаў спявае разам тэксты Akute, што хаваць, — гэта як мёдам па сэрцы.

Akute

Akute

Рамантычнымі песнямі пост-панкаў, быццам вірусам, пакрысе пачынае «заражацца» (akute даслоўна з нямецкай перакладаецца як «востры», «пякучы» (пра боль ці хваробу)) усё большая колькасць людзей розных генерацый. 

Адзначыныя беларускімі крытыкамі ва ўсемагчымых музычных прэміях, а таксама адзначаныя Placebo, з якімі выступалі на адной сцэне, рок-музыкі не спыняюцца на творчай дзейнасці і ўчора прадставілі публіцы новыя песні, сярод якіх «Наскрозь», «Пасткі» і два каверы на Ulis: «Як на далоні» і «Марнатраўны сын». 

«Гэта сапраўдны рок – псіхадэлічны, нэрвовы і вельмі змястоўны па тэкстах, вельмі блізкі нам па духу і сэнсу. Сваім крокам мы жадаем нагадаць людзям пра гэты выбітны гурт», – кажа бас-гітарыст Akute Раман Жыгараў пра творчасць Ulis. А гледзячы на ўзрост слухачоў канцэрту, большасці Akute адкрылі культавы гурт 90-х, а не нагадалі.

Akute

«Я знайду ўсе твае патаемныя сцежкі» — тыкае Рома ў публіку пальцам, і адтуль даносяцца дзявочыя віскі. Не можа не радаваць гэты факт, што Беларусь-такі мае сваіх хлопцаў у вузкіх штанішках, ад якіх дзеўкі на канцэртах могуць вось так пішчаць. Са словамі «Мы без вас не можам» гурт выйшаў другі раз на біс. Падобна, што яны прадбачылі такую рэакцыю публікі, бо захавалі самае «смачненькае» — «Адзіноцтва», пасля выканання якой народ не спяшаўся разыходзіцца і крычаў «Яшчэ!». Таму салісту Стасу Мытніку давялося выйсці трэці раз і ён сам пад гітару праспяваў «Непазбежна». А слухачы потым яшчэ некаторы час бралі аўтографы ды фатаграфаваліся са сваімі музычнымі героямі. 

Таксама фотарэпартаж: Akute «Як на далоні»

Фота: Юля Ваўчок 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0829 seconds.