Сем выставаў, на якія варта паспець у красавіку

Generation.by наведаў сем выставаў у Менску, якія варта паспець пабачыць у красавіку. Па перыметры галоўнай артэрыі арт-вандроўніка сталіцы чакае сапраўдная Беларусь і яе сціплае абаянне ў абдымках зор у суправаджэнні акварэльных краявідаў, што гучаць напоўніцу. На тым жа шляху ўзнікне пытанне, ці магчымы распродаж вобразаў і з’явіцца магчымасць пабываць па той бок экрану японскай анімацыі ды відэагульняў.

1. Фота CosPlay

У кінатэатры «Цэнтральны» можна памацаць вачыма японскую культуру. На сценах хола прадстаўлена экспазіцыя з серыі здымкаў, зробленых у кірунку косплэй-фатаграфіі. Гэта фота непрафесійных мадэляў, якія ў якасці хобі ствараюць гарнітуры на ўласныя сродкі. Строі створаныя на аснове сучаснай японскай культуры: японскай анімацыі і японскіх відэагульняў.

Калі: з 4 красавіка па 1 траўня 2013;

Дзе: кінатэатр «Цэнтральны» (пр. Незалежнасці, 13). Час працы: з 09.30 — 21.00 штодня.

Уваход вольны

2. «SALE of images»

У галерэі «Мастацтва» Алег Кастагрыз зладзіў распродаж вобразаў. Гандаль у жыцці чалавека займае важную ролю, бо кожны з нас пры дапамозе грошаў мяняе час свайго жыцця на час іншых людзей. На шчасце не ўсё можна набыць за грошы. Таму мастак дае магчымасць атрымаць вобразы задарма. Выстава прысвечаная тэме дарунка, абмену, продажу.

Калі: з 2 па 16 красавіка 2013;

Дзе: галерэя «Мастацтва» (пр. Незалежнасці, 12а). Час працы: з 12.00 —20.00 панядзелак — пятніца, з 10.00 — 19.00 субота і нядзеля 11.00 — 18.00. 

Уваход вольны.  

3. Навучэнцы гімназіі-каледжа мастацтваў дзеляцца сваёй творчасцю

Усе чатыры залі мастацкай галерэі «Універсітэта культуры» гэтым разам знаёмяць з рознымі накірункамі творчасці зусім маладых мастакоў. Нястомны пошук новага ў мастацкай педагогіцы, які адбываецца праз увагу да свету дзіцячай творчасці, імкненне выклікаць рух душы дзіцёнка, заахвоціць яе працаваць. Экспазіцыя ўключае графіку; дызайн: плакаты, календары, работы ў матэрыяле; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: батык, габелены, кераміку, саломапляценне; а таксама дзіцячы малюнак. 

Калі: з 29 сакавіка па 13 красавіка 2013 года.

Дзе: мастацкая галерэя «Універсітэт культуры», Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі). Час працы: 11.00 — 19.00. Выходныя: нядзеля, панядзелак.

Уваход вольны

4. Якой бачыць Беларусь Андрэй Скіцёў

Гэтым месяцам галэрэя «Ў» прадставіла на сваіх сценах задакументаваную эмацыйную гісторыю сучаснай Беларусі. У экспазіцыі «Сціплае абаянне Беларусі» прадстаўлены працы, якія адлюстроўваюць бачанне краіны вачыма Андрэя Скіцёва. Тонкае, дакладнае і кранальнае.

Калі: з 4 па 28 красавіка 2013;

Дзе: Галерэя «Ў» (Незалежнасці, 37а). Час працы: з 11.00 —22.00 панядзелак — пятніца і з 12.00 — 22.00 субота, нядзеля. 

Уваход вольны

5. Майстэрства алоўка і гук акварэлі Яўгена Шатохіна

На жаль, гэтага цудоўнага чалавека і мастака не стала ў 2012 годзе. Але ёсць магчымасць дакрануцца да яго майстэрства і адчуць праўдзівасць вобразаў праз яго суб’ектыўнае адчуванне ў адной з заляў Палаца мастацтваў. Яўген Шатохін быў найперш майстрам краявіду. Ягоныя любімыя тэхнікі акварэль і аловак. Фарба на яго працах гучыць напоўніцу. 

Калі: з 28 сакавіка па 16 красавіка 2013;

Дзе: Палац мастацтваў (Казлова, 3). Час працы: з 11.00 — 19.00. Выходны: панядзелак.

Уваход:  дарослы 10 000 руб., студэнт 5 000 руб.

6. Фота Беларусі ў абдымках зорак

Ролік «Беларусь: у абдымках зорак» выбухнуў у медыях зусім нядаўна. Але яго аўтар Віктар Малышчыц мае даўні вопыт у здымках начнога неба. «Музей сучаснага мастацтва» прадстаўляе магчымасць наведаць выставу фатографа Віктара Малышчыца. Каб стаць да зорак яшчэ бліжэй, выставу ўвесь час суправаджае цудоўная музыка і відэашэраг з вышэй згаданага роліка. 

Калі: з 26 сакавіка па 13 красавіка 2013;

Дзе: Музей сучаснага мастацтва (Незалежнасці, 47). Час працы:  з 11.00 — 19.00 штодня акрамя нядзелі і панядзелка 

Уваход:  дарослы 6 000 руб., студэнт 4 000 руб.

7. Сапраўдная Беларусь праз аб’ектыў Уладзіміра Шарнікава

Гэты чалавек праязджае і праходзіць не адзін дзесятак кіламетраў у пошуках сапраўднага жыцця. Яго фатаграфія — гэта заўсёды гісторыя пра людзей. Нават калі яны за кадрам. Яго здымак — не ілюстрацыя да тэксту, не дадатак да інфармацыі, выяўленай словамі. Ён — як тэлевізійная карцінка — і ёсць інфармацыя. Ён — самакаштоўнасць. Ён не сумны, таму што аўтару цікавы аб'ект фотаграфавання. Фатограф любіць людзей, выслухоўвае іх немудрагелістыя гісторыі, спачувае ім. Яго фатаграфія — гэта само жыццё. Са смецця нічога не значных дробязяў, плям, мазкоў рэальнасці складаецца дзіўная карціна жыцця, ні з чым не параўнальная ў сваёй сапраўднасці.

Калі: з 2 па 17 красавіка  2013;

Дзе: Галерэя TUT.BY  (Веры Харужай 1/а). Час працы: з 09.00 —18.00 панядзелак — пятніца 

Уваход вольны.


Юля Сакалоўская 14:10, 09.04.2013 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0471 seconds.