Заснавальнік Facebook зоймецца палітыкай, каб зрабіць іміграцыю ў ЗША лягчэйшай
Заснавальнік і кіраўнік сацыяльнай сеткі Facebook Марк Цукерберг нечакана вырашыў заняцца палітычнымі пытаннямі. Праз крыніцы ў атачэнні 28-гадовага мільярдэра стала вядома, што ён разам з іншымі заўважнымі стартаперамі створыць палітычную групу, якая будзе лабіраваць пытанні палягчэння эміграцыі ў ЗША і адукацыйнай рэформай.
Марк Цукерберг. Фота Josh Edelson, AFP/Getty Images
Як піша The Wall Street Journal, лабісцкая група Цукерберга (аналаг у Беларусі — недзяржаўная арганізацыя) яшчэ не мае назову, аднак ужо знайшла сродкі на дзейнасць ад некалькіх мільярдэраў, у тым ліку ад заснавальніка яшчэ адной папулярнай сацсеткі LinkedIn Рэйда Гофмана. Сам Цукенберг абяцае ахвяраваць НДА некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў.
Група зоймецца прасоўваннем уласнага бачання адукацыйнай рэформы ў ЗША, а таксама падтрымкай навуковых даследаванняў. Адной з галоўных тэмаў, з якой будзе працаваць група Цукерберга мусіць стаць міграцыйнае заканадаўства, змены ў якім на думку заснавальніка самай наведвальнай сацсеткі ў свеце, мусяць адкрыць шлях у ЗША большай колькасці кваліфікаваных супрацоўнікаў. У прыватнасці, па адным з прапанаваных планаў, на візу ЗША змогуць разлічваць тыя прадпрымальнікі, што зарабляюць болей за $100 тыс. і гатовыя наймаць амерыканскіх супрацоўнікаў.
Пасля з’яўлення паведамленняў аб стварэнні палітычнай групы, акцыі Facebook выраслі, аднак сёння зноўку абваліліся.
Цікава, што заснавальнік іншай папулярнай у Беларусі сацыяльнай сеткі — Vkontakte — Павел Дураў стаў героем палітычных хронік амаль адначасова з Маркам Цукербергам. Аднак расейскі мільянер праславіўся ў адрозненні ад свайго амерыканскага калегі ў негатыўным святле: «Новая газета» абвінаваціла Дурава ў актыўным супрацоўніцтве са спецслужбамі ў справе кантролю над палітычнай актыўнасцю сваіх удзельнікаў. Дураў абвінавачанне адкінуў.