У БДУ будуць вучыць касмічным тэхналогіям і ядзернай фізіцы

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт рэкордная павялічвае колькасць новых спецыяльнасцяў. Сёлета у БДУ з’явіцца 11 спецыяльнасцяў для бакалаўраў і 10 — для магістраў. Рэктар БДУ спадзяецца, што новыя правілы ЦТ не адсеюць шмат абітурыентаў.

Сёлета БДУ адкрывае спецыяльнасцей болей, чым калі-небудзь. Агулам болей за 21 спецыяльнасць з’явіцца ва ўніверсітэце. Вучыць будуць на космааэракартографаў, гідраметэаролагаў ды ядзерных фізікаў.

На думку рэктара БДУ Сяргея Абламейкі, космааэракартографаў ужо чакаюць у міністэрстве сельскай гаспадаркі, а таксама ў ведамствах, адказных за леснікоў, паведамляе Еўрарадыё.

«Тэхналогіі апрацоўкі касмічнай інфармацыі развіваюцца, такія спецыялісты патрэбныя ва ўсіх міністэрствах, усе працуюць з электроннымі мапамі».

Калі ж міністэрству сельскай гаспадарцы не спадабаюцца касмічныя картографы з БДУ, ужо праз чатыры гады яны змогуць выбраць выпускнікоў з цэлага шэрагу цікавых спецыяльнасцяў, што неўзабаве з’явяцца ў самым тытулаваным універсітэце краіны.

У БДУ будуць навучаць таксама ядзернай і кампутарнай фізіцы, хіміі лекавых злучэнняў і высокіх энергій, фізіцы нанаматэрыялаў і нанатэхналогій, гідраметэаралогіі, прыкладной культуралогіі. Праз два гады з універсітэту выйдуць магістры з дыпломамі ў вэб-праграмаванні і Інтэрнэт-тэхналогіях, матэматычным праграмным забеспячэнні мабільных прыладаў, эканамічнай інфарматыцы і тэксталогіі.

Зрэшты, многія «новыя» спецыяльнасці, якія анансуюць з 2013 года, былі ў галоўнай ВНУ і раней. Гэтак гідраметэаролагаў і космааэракартографаў і раней навучалі па спецыяльнасці «геаграфія». Цяпер іх проста вылучылі ў асобную плынь з першага курсу. Кошт навучання на спецыяльнасцях раўняўся прыкладна 12 мільёнам рублёў за год.

«Ва ўніверсітэты не пойдуць „дрэнныя“ студэнты»

Галоўная змена сёлетніх правілаў паступлення: патрабаванне набраць мінімальны прахадны бал на цэнтралізаваным тэставанні — БДУ асабліва не хвалюе. Хаця на думку Сяргея Абламейкі, універсітэт можа недалічыцца троху абітурыентаў-платнікаў. Каб паступіць сёлета ва ўніверсітэт, трэба набраць 10 балаў па рускай ці беларускай мове, 15 балаў — па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, 20 балаў — па гісторыі, грамадазнаўстве, геаграфіі, замежнай мове.

Хаця ў БДУ ужо цяпер вучацца студэнты, што на экзаменах па матэматыцы ці фізіцы аказаліся здольнымі набраць 10–15 балаў. Таму змены ў прахадных балах рэктар у інтэрв’ю tut.by назваў «пэўнымі цяжкасцямі для абітурыентаў». Затое, паводле ягоных словаў, «ва ўніверсітэты не пойдуць „дрэнныя“ студэнты».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0917 seconds.