Праз снежныя заторы на рыцарскі турнір «Белы замак-2013»

Традыцыйны рыцарскі фестываль «Белы замак» праводзіўся пад Менскам у мінулы вікэнд. Мы дабраліся толькі на другі дзень фэсту і не без прыгодаў — суровы «Хаўер» яшчэ нагадваў пра сябе. Пастаяўшы ў корках і папіхаўшы сваю і чужыя аўто, нарэшце выехалі на шашу, што вядзе ў Астрашыцкі гарадок, тая самая вёска, дзе знаходзіцца школа Колі, таму дарога там была прадказальна даволі чыстай.

Фэст адбываўся ў «Рыцарскім замку», хаця «замак» — гэта гучна сказана, выглядала тая пабудова як звычайны пансіянат для якіх-небудзь дзяржслужбоўцаў. Прыбыўшы на месца, мы пабачылі безліч рыцараў ды іх дамаў сэрца. Склалася ўражанне, што мы адзіныя, хто сваёй вопраткай нагадваў пра цяперашні час. Строі былі з розных стагоддзяў і тэрыторый, значная частка расійскіх гасцей чамусьці былі апранутыя ў ірландскія касцюмы, відаць, рыхтаваліся адсвяткаваць у нас яшчэ і Дзень Святога Патрыка. Пасярод хола замка стаяла драўляная квадратная перагародка, унутры якой біліся рыцары ў жалезных шлемах пад музыку розных краін, гучалі нават кавалкі са Scorpions.

«Тут можна сысці ад сучаснасці, пабыць сапраўдным рыцарам, такое вельмі вабіць», — кажа пераможца рыцарскага турніру пан Ярамір

На «Белы замак» нягледзячы ні на што прарваліся і ўкраінскія госці — харкаўская тэатр-студыя «Эвенталь», якія праводзілі майстар-клас па танцах 15 стагоддзя розных краін Еўропы. 

«У Беларусі больш патрыятычнае ўспрыняцце танцаў, яны перш за ўсё успрымаюцца праз уласную краіну, менавіта са сваёй тэрыторыі. У нас крыху па-іншаму, мы прадстаўляем 15 стагоддзе і вывучаем італійскія, бургунскія і французскія танцы», — кажа выкладчыца студыі Наталля. 

Пасля рыцараў і сярэднявечных танцаў пачалося сапраўднае «мачылава»: масавыя баі бугуртаў. «Што б отсюда и близко к ристалищу не подходили!» — пачула я побач строгі наказ жанчыны двум дзецям у сярэднявечных касцюмах. І сапраўды каля драўлянай перагародкі станавілася небяспечна: бугурты, не зважаючы ні на што, біліся да апошняга, у паветра ляцелі кавалкі жалеза ад алебардаў ды іншай халоднай зброі. Па задумцы, масавыя баі мусілі адбывацца на вуліцы, але, улічваючы надвор’е, арганізатары іх перанеслі ў хол замка. Аднак пасля некалькіх бітваў, рыцары пачалі патрабаваць правесці іх на рысталішчы перад замкам, і гледачы разам з бугуртамі рушылі ў снег. Гэта было тое яшчэ відовішча: сценка на сценку з вострай зброяй і шчытамі пасярод заснежанага лесу.  

 «У мужчын мусіць заўсёды быць штосьці, што падагравае іх унутраную састаўляючую. Кожны мужчына ў душы воін і ён павінен даваць выхад сваёй энергіі. А гэта выдатная магчымасць выпусціць пар. І пасля такога адпачынку чалавек робіцца спакойным, мірным і атрымлівае пазітыўны зарад надоўга», — лічыць галоўны арганізатар турніру і адзін з заснавальнікаў сучаснага рыцарскага руху ў Беларусі Дзмітры Несцюк.

Яшчэ прысутныя паназіралі за меткасцю лучнікаў ды паслухалі музыку ад Irdorath. Гледачоў на фэсце амаль не было ды і ўдзельнікі даехалі не ўсе, вялікая колькасць з іх замежнікі, не ўсё беларусы наважыліся выбрацца ў такое надвор’е. Самы старэйшы беларускі фестываль сярэднявечнай культуры адсвяткаваў свае пятнаццатыя ўгодкі ў нягоду, але ж з самымі зацятымі сябрамі і аматарамі сярэднявечча. Першы фэст адбыўся ў 1998 годзе і на ім было ўсяго 70 чалавек, пасля пакрысе ён пачаў разрастацца. Нязменным ягоным арганізатарам з’яўляецца першы ў Беларусі рыцарскі клуб «Орден Северного Храма», які займаецца рэканструкцыяй Ордэна тампліераў. Клуб з’явіўся ў пачатку 90-х, а цяпер ён мае 22 адзяленні ў Беларусі і бліжэйшым замежжы. 

«У нас ёсць і бізнесоўцы і рабочыя заводаў. Гэта жаданне душы, шматлікія ўдзельнікі чыталі ў дзяцінстве кніжкі, фільмы адпаведныя глядзелі, гэтак і я будаваў замкі ды маляваў рыцараў. У мяне цяпер такое адчуванне, што я гэтым займаўся з ранняга дзяцінства. Калі толькі заснавалі клуб, каб набраць удзельнікаў, расклейвалі на слупах абвесткі і да нас паступова пачалі прыходзіць зацікаўленыя. Спачатку людзі думалі, што гэта нейкае захапленне падлеткаў, а пасля пачалі да нас ставіцца больш сур’ёзна, ужо з’явіўся цэлы рух. Цяпер ён вельмі вялікі і дазваляе чалавеку сябе рэалізаваць: хтосьці страляе з лука, хтосьці яшчэ нечым займаецца. Проста нехта любіць гуляць у кампутарныя гульні, а хтосьці любіць шыць даспехі», — разважае магістар «Ордена Светого Храма» Дзмітры Несцюк.  

Фотарэпартаж з фэсту «Белы замак-2013»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0552 seconds.