Стыпендыя беларускіх студэнтаў у Літве — 2.5 млн. рублёў
Беларускія студэнты, якія прыязджаюць па праграмах навучальнага абмену ў Літву, не атрымліваюць стыпендый ад сваёй радзімы. Стыпендыю такім студэнтам плаціць сама Літва, і яна як мінімум удвая вышэйшая за тую, што атрымліваюць ва ўніверсітэтах Літвы самі літоўскія студэнты. Такім чынам мясцовыя ўлады спрабуюць падтрымаць беларускіх студэнтаў, што жывуць, на іх думку, у горшых эканамічных умовах.
Віленскі ўніверсітэт гатовы заплаціць беларускім студэнтам немалыя грошы. Фота A.Didžgalvio, DELFI
Што год невялікая колькасць беларускіх студэнтаў маюць магчымасць прыехаць у Літве дзеля навучання альбо навуковай дзейнасці. У 2012 годзе ў Літву прыехалі 17 беларускіх студэнтаў, а агулам за апошнія пяць гадоў — 60. Літоўцы дарэчы таксама едуць у Беларусь, але не так ахвотна. За апошнія пяць гадоў толькі 36 студэнтаў або навуковых работнікаў даехалі да Беларусі з Літвы.
Паводле дадзеных літоўскага Фонду падтрымкі навучальнага абмену, Беларусь сваім студэнтам стыпендыю не плаціць, піша delfi.lt. Стыпендыю выплачвае Літва, і яна значна вышэйшая за тое, на што могуць разлічваць грамадзяне самой Літвы.
Беларускія студэнты атрымліваюць у Літве стыпендыю ў памеры 780 літаў — гэта 2.5 млн. рублёў. Выкладчыкі, навуковыя працаўнікі — у два разы болей, а студэнты, якія прыязджаюць для вывучэння літоўскай мовы і культуры — 6.3 млн. рублёў у месяц.
Для параўнання, сацыяльная стыпендыя на дадзены момант у Літве складае ўсяго 1.27 млн. рублёў. Сваім грамадзянам, якія вучацца на бакалаўра ў Беларусі, Літва плаціць суму амаль у 5 разоў большую.
У Беларусі максімальная стыпендыя, якую атрымліваюць пераважана студэнты прыродазнаўчых дысцыплін БДУ, роўная 940 тыс. рублёў. Мінімальная ж беларуская ў тры разы меншая за мінімальную літоўскую стыпендыю.
Як кажуць прадстаўнікі літоўскага Фонду падтрымкі навучальнага абмену, беларусам плацяць болей за літоўцаў таму, што ў Беларусі ніжэйшы ўзровень жыцця, і такім чынам літоўскія ўлады спрабуюць падтрымаць беларусаў.
Абмен студэнтамі з Беларуссю адбываецца дзякуючы двухбаковаму літоўска-беларускаму пагадненню. Праз гэта пагадненне беларускія студэнты могуць на 5–10 месяцаў адправіцца ў адзін з універсітэтаў Літвы. Па адной з такіх праграм некалькі гадоў таму ў Літве навучалася дачка рэктара БДУ Марыя Абламейка.