Краіне не хапае праграмістаў: у гуманітарыяў правераць матэматычную логіку і возьмуць у IT


На навагоднім карпаратыве адной з буйнейшых IT-кампаній Беларусі

Беларускія IT-кампаніі заявілі аб новым амбітным праекце: заняцца перакваліфікацыяй гуманітарыяў у праграмісты. Апошніх моцна не стае, а ў будучым колькасць выпускнікоў адпаведных спецыяльнасцяў яшчэ мацней зменшыцца, бо вучыцца ў ВНУ амаль няма каму. У гэтай сітуацыі праграмістаў пачынаюць шукаць нават сярод гуманітарыяў.

Першай ластаўкай праекту Парку высокі тэхналогій па пашырэнні IT-адукацыі мусіць стаць навучальны цэнтр у раней цалкам гуманітарным Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. У праграмісцкай лабараторыі МДЛУ студэнтаў, якіх замест настаўніцкай ці перакладчыцкай кар’еры вабіць лёс, звязаны з высокімі тэхналогіямі, будуць рыхтаваць да працы ў якасці бізнес-аналітыкаў у IT. На навучанне возьмуць усіх гуманітарыяў, якія пройдуць тэсты на наяўнасць матэматычнай логікі.

Яшчэ адна навучальная лабараторыя з’явіцца ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце. Яе адкрые буйнейшая праграмісцкая кампанія Беларусі EPAM Systems. EPAM — адзіная кампанія, што мае асноўны бізнес у нашай краіне, акцыі якой прадаюцца на фондавай біржы ў Нью-Ёрку.

Лабараторый, што неўзабаве адчыняцца ў Гародні і Менску, па ўсёй Беларусі ўжо болей за 60. І цікаўнасць з боку IT-кампаній да маладых «мазгоў» расце штогод. Пры гэтым дывідэнды ад працы ў праграмісцкіх кампаніях немалыя.

Сярэдні зарабок у беларускай сферы IT па дадзеных dev.by ужо перавышае $1500 у месяц. Цяпер Парк высокіх тэхналогій будуе 700 кватэраў для сваіх супрацоўнікаў, а кампаніі парку толькі за мінулы год зарабілі $370.5 млн. Аднак 14 з паловай тысяч IT-спецыялістаў, што цяпер працуюць у ПВТ, IT-босам не хапае. За 2012 кампаніі парку нанялі болей за 2.5 тысячы новых супрацоўнікаў. І лічыцца, што ў наступныя гады новых кадраў спатрэбіцца не меней, з улікам таго, што парк збіраецца пашырацца.

«Мы ведаем праблему з дэмаграфічнай ямай, — казаў у інтэрв’ю „Інтэрфакс“ намеснік дырэктара ПВТ А. Марцінкевіч. — Але я думаю, што да 2016 года яна будзе вырашаная за кошт таго, што на рынак будуць ісці не толькі выпускнікі ВНУ. Таксама будзе наладжана сістэма па перападрыхтоўцы кадраў з базавай тэхнічнай адукацыяй. Ці проста масавыя курсы па перападрыхтоўцы ўсіх ахвотных».

«Усімі ахвотнымі», як разлічваюць у ПВТ, могуць найперш апынуцца інжынеры і іншыя тэхнары. Далей у праграмістаў могуць пачаць перарабляць выпускнікоў сярэдніх-спецыяльных установаў.

На скрайні выпадак ёсць план генеральнага дырэктара буйной IT-кампаніі «БелХард Групп» Ігара Мамоненка. Некалькі гадоў таму ён прапанаваў перавучыць у праграмістаў войска беларускіх бухгалтараў. Поле дзейнасці сапраўды немалое: на думку Маманенка, пад перавучэнне маглі б патрапіць да 300 тысячаў чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0897 seconds.