Брытанскі выкладчык у Менску: праблема адукацыі ў тым, што на лекцыях трэба сядзець

Адзін з самых нестандарных музычных калектываў Беларусі этна-сюррэалістычны гурт «Нагуаль» зладзіў сяброўскую вечарыну, на якую завітаў таксама нестандартны выкладчык ЕГУ Бенджамін Коўп, які часам выступае разам з музыкамі. Вечарына-канцэрт праходзіла ў «Доме Фішара» — месцы, якое адкрылася некалькі месяцаў таму і ўвабрала ў сябе традыцыі «Графіці» ды культуру «АртСядзібы». Бенджамін прыехаў у Менск для прэзентацыі праекта Green Minsk, у выніку якога мусіць з’явіцца аднаіменная кніга.

На пачатку творчай сустрэчы Бенджамін заявіў:

«Для мяне мысленне — гэта фізічны працэс. Вось і праблема адукацыі ў тым, што на лекцыях трэба сядзець, а гэта не правільна».

З гэтымі словамі ён падняў прысутных і сваім прыкладам прымусіў іх рухацца, скокаць ды крычаць. Ён, дарэчы, і на сваіх лекцыях бывае танчыць альбо грае на кларнеце. Аднойчы на лекцыю пра французскі сюррэалізм запрасіў гурт «Нагуаль», з якім разам спяваў і танчыў. 

«Рэагуюць на такое студэнты па-рознаму, сядзяць і хіхікаюць. Але ж і мне робіцца весела, калі ім весела», — кажа выкладчык.

Коўп і гурт «Нагуаль» наогул дастаткова доўга сябруюць. Неяк у 2002 гурт імправізаваў на выставе ў ЕГУ, і Бенджамін захапіўся іх фанемнымі спевамі. 

«Мы неяк проста знайшлі агульны дух, у нас агульная энергія. Мне гэта вельмі блізка, для мяне гэта пяшчота і моц, вельмі душэўна і адначасова шмат энергіі», — кажа Бенджамін.

Бенджамін Коўп чытае ў ЕГУ шэраг курсаў у межах новай магістранцкай праграмы «Крытычны ўрбанізм», якую яны нядаўна заснавалі разам з сацыёлагам Сяргеем Любімавым. Бенджамін скончыў оксфардскую аспірантуру па французскай філалогіі і філасофіі, яшчэ збіраецца вучыць беларускую, бо гэта, як ён лічыць, важная частка беларускай культуры. Цяпер ён жыве паміж Варшавай, дзе працуе ў галерэі сучаснага мастацтва, і Вільняй, дзе выкладае для студэнтаў ЕГУ.

«Ёсць у ЕГУ такая рэпутацыя, што там развіваюць крытычнае мысленне і што ён болей свабодны ў параўнанні з іншымі беларускімі ВНУ. Але, мне падаецца, у іншых беларускіх універсітэтах таксама ёсць цікавыя выкладчыкі і курсы».

Болей фотаздымкаў у фотаблогу:  Брытанскі навуковец прыехаў у Менск з канцэртам

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0825 seconds.