Беларускія ўніверы абганяюць свет у адукацыйных рэйтынгах. У чым сакрэт?

Чарговы ўзлёт беларускіх універсітэтаў у сусветным рэйтынгу сайтаў ВНУ Webometrics дазволіў рэктарам заявіць аб значных поспехах беларускай адукацыі. Сапраўды, чаго тут хаваць, Гарадзенскі ўніверсітэт за паўтары гады здолеў узняцца ў гэтым спісе на 1 292 пазіцыі.

Не адстала і Акадэмія кіравання пры прэзідэнце. Вось як пракаментавалі ў прэс-службе Акадэміі яе 7716-е месца ў рэйтынгу сайтаў, што шмат гадоў складаецца гішпанскай арганізацыяй Cybermetrics Lab:

«Акадэмія кіравання працягвае ўпэўнены рост у сусветным рэйтынгу універсітэтаў». Сёлета яна ўзнялася на 542 пазіцыі. «Папярэдні паказчык росту склаў 1069 пазіцый»,— распаўсюдзіла абвестку прэс-служба ВНУ.

Але чэмпіёнам прасоўвання ў гэтым рэйтынгу можна назваць Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. ГрДУ займеў такі адукацыйны мегапартал, што здолеў «абскакаць» прызнанага мэтра ў беларускай IT-сферы: БДУІР — і ўзняцца ў спісе Webometrics да 1861-й пазіцыі (у канцы 2011 было 3103 месца).

Зрэшты, не толькі сайт ГрДУ мае лепшы сайт за БДУІР. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і нават Гарадзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт знаходзяцца ў гэтым рэйтынгу вышэй за БДУІР. Апошні пазначаны ў спісе гішпанцаў на 2511-й пазіцыі, што ўсё ж лепш за папярэднія вынікі, калі ён займаў 3889-ю пазіцыю.

А вось Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт гэтым разам паказаў сябе і ўласны сайт не найлепшым чынам. Паўгады таму ён займаў у Webometrics 595-е месца, а гэтым разам апусціўся да 639-га. Верагодна, гэтым можна патлумачыць адсутнасць афіцыйнага паведамлення прэс-службы БДУ аб новым месцы ўніверсітэту ў сусветным рэйтынгу сайтаў. Тым больш, рэктар Сяргей Абламейка два месяцы таму паставіў задачу апынуцца на 300-м месцы хоць у якім-небудзь адукацыйным рэйтынгу, а не апускацца ў іх назад да аўтсайдэраў.

Лепшыя беларускія ўніверсітэты паводле рэйтынгу іх сайтаў. Дадзеныя Webometrics за студзень 2013

Чаму мы так высока?

Аднак у любым разе ў рэйтынгу Webometrics 21 тысяча ўніверсітэтаў. І 639-я пазіцыя БДУ у гэтым сэнсе мусіць неверагодна абнадзейваць. Аднак поспех беларускіх універсітэтаў у святой справе доказу неверагоднай эфектыўнасці беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі звязаны з некаторымі выключна тэхнічнымі асаблівасцямі такіх рэйтынгаў.

Чыноўнікі звярнулі ўвагу на існаванне замежных адукацыйных рэйтынгаў прыкладна ў той самы момант, калі было вырашана адкрыць уласны адукацыйны рынак для замежнікаў і прывабіць у Беларусь як мага болей з іх, зарабіўшы на «экспарце адукацыі». Рух Беларусі ў Балонскі працэс стаў яшчэ адной нагодай да прагі прызнання замежнымі адукацыйнымі агенцыямі беларускіх ВНУ. Пры гэтым асноўныя высілкі былі накіраваныя на тое, каб узняць пазіцыі ВНУ механічным чынам, палепшыўшы толькі тое, што ўлічвае тая ці іншая агенцыя, якая складае рэйтынг.

І спіс сайтаў Webometrics Ranking of World Universities для гэтага падыходзіў найлепшым чынам. Яго складае ўжо 10-год даследчыцкая група з Гішпаніі. І грунтуецца ён на такіх няхітрых паказчыках, як бачнасць сайта — колькасць спасылак з боку знешніх рэсурсаў на яго, а таксама на колькасці дакументаў у фарматах PDF PS, PPT, DOC, размешчаных на рэсурсе і колькасці дакументаў сайту ўніверсітэту, якія трапілі ў базу Google Scholar — базу, прызначаную для пошуку навуковай літаратуры. Адзіным паказчыкам, што дэманструе акадэмічную паспяховасць універсітэту, ёсць колькасць навуковых публікацый ягоных супрацоўнікаў, што трапілі ў лік 10% з найбольш цытаваных у той ці іншай галіне веды.

Якраз апошні паказчык, што немагчыма выправіць указамі прэзідэнта, ёсць адным з найгоршых для ўсіх беларускіх універсітэтаў. І зусім правальнымі выглядаюць знешнія інтэрнэт-сувязі беларускіх ВНУ. Бо калі агульная пазіцыя таго ж БДУ у Webometrics пазначаная як 639, то па колькасці знешніх спасылак на сайт універсітэту ён займае толькі 1519-е месца.

А найлепшы паказчык таго ж БДУ — 26(!) у свеце — дасягнуты ў катэгорыі колькасці навуковых публікацый, выкладзеных на сайт. Зрабіць гэта дастаткова проста, аблічбаваўшы пэўную колькасць старых савецкіх кніжак і выклаўшы іх у фармаце, які патрабуе рэйтынг. Што і зрабіў БДУ. Упэўніцца ў існаванні процьмы падобных публікацый, якія наўрад ці прадстаўляюць сур’ёзную цікаўнасць для даследчыкаў і студэнтаў, можа кожны, хто зойдзе на паддамен электроннай бібліятэкі БДУ. Працягнуўшы аблічбоўваць спадчыну нашых дзядоў, БДУ сапраўды мае ўсе шанцы дасягнуць планкі, пастаўленай рэктарам, і ў бліжэйшыя гады ўвайсці ў ТОП-300 лепшых універсітэтаў свету. Толькі каму ад гэтага будзе лягчэй?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0823 seconds.