Беларускія ўнівэрсытэты зноўку па-за сьпісамі лепшых

Нягледзячы на ўсе намаганьні, ніводная беларуская ВНУ так і ня трапіла ў рэйтынгі лепшых унівэрсытэтаў сьвету. Мы прааналізавалі абноўленыя вэрсіі найбольш прэстыжных зь іх і ўбачылі там каго заўгодна: унівэрсытэты нашых суседзяў, прадстаўнікоў арабскіх, нават афрыканскіх краін, але не Беларусі. Затое ёсьць адзін рэйтынг, у якім, верагодна, нашу краіну будзе чакаць хуткі прарыў.

Шанхайскі рэйтынг навуковых дасягненьняў: зноўку міма

Інстытут вышэйшай адукацыі Шанхайскага ўнівэрсытэту з 2003 году вызначае лепшых зь лепшых, і разьмяркоўвае ўнівэрсытэты па 500 месцах у розных рэйтынгах. Гэты рэйтынг адлюстроўвае пераважна навукова-дасьледчы патэнцыял унівэрсытэту. У беларускай традыцыі, захаванай яшчэ з савецкіх часоў, навуковая дзейнасьць сканцэнтраваная пераважна ў сыстэме інстытутаў Акадэміі навук. Такім чынам, на хуткае прасоўваньне ў Шанхайскім рэйтынгу нашым ВНУ разьлічваць ня варта. Прынамсі, да моманту атрыманьня ўнівэрсытэтамі рэальных акадэмічных свабодаў.

Агулам у дзесятцы лепшых Шанхайскага рэйтынгу восем амэрыканскіх ВНУ пад лідэрствам Гарварду. Астатнія два аддадзеныя брытанскім унівэрсытэтам.

ТОП-300 па вэрсіі Times

Рэйтынг QS-THES-200 з 2004 году складаюць брытанскі штотыднёвік Times Higher Education, дадатак да газэты Times, і кансалтынгавая кампанія Quacquarelli Symonds. Ён адлюстроўвае, у першую чаргу, папулярнасьць і прызнаньне ўнівэрсытэту ў сьвеце і вызначаецца, галоўным чынам, паводле водгукаў з боку міжнароднай супольнасьці выкладчыкаў, студэнтаў і працадаўцаў.

Няцяжка ўявіць, якім чынам адбіваецца на водгуках міжнароднай супольнасьці імідж неяўзнога ў краіны Эўразьвязу рэктара БДУ, у якога са скандалам адбіраюць шэнгенскую візу, выдадзеную па запрашэньні італьянскай ВНУ. У любым выпадку, рэйтынг QS-2011 зноўку не ўтрымлівае ніводнага беларускага ўнівэрсытэту.

Затое ёсьць там беларускія суседзі: Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт у другой сотцы, Варшаўскі ўнівэрсытэт, што ня трапіў у 300 лепшых, але пэрыядычны зьяўляецца ў сьпісах вядучых ВНУ па розных дысцыплінах, напрыклад, матэматыцы. Ня раз трапляў у рэйтынг 600 лепшых Віленскі ўнівэрсытэт.

Дарэчы, у брытанскім рэйтынгу, у адрозьненьні ад кітайскага, перамог брытанскі ж Кэмбрыдж. Ён зусім крыху абышоў свайго галоўнага канкурэнта з-за акіяну — Гарвард — дзякуючы лепшым суадносінам студэнт/выкладчык. Пры вызначэньні месца ў гэтым рэйтынгу ўлічваюцца таксама такія фактары, як навуковая рэпутацыя ўнівэрсытэту, цытуемасьць працаў яго супрацоўнікаў у навуковым друку, попыт на яго выпускнікоў сярод працадаўцаў.

У рэйтынгу ўнівэрсытэцкіх сайтаў БДУ узьняўся на 266 пазыцый


Новая вэрсія гішпанскага рэйтынгу сайтаў паставіла БДУ на рэкорднае 1208 месца

Няма беларускіх ВНУ і ў першай тысячы ўнівэрсытэтаў зь лепшымі вэб-старонкамі. Але там пэўныя посьпехі ёсьць. За апошні год у рэйтынгу гішпанскай дасьледчыцкай групы, якая стварае сьпіс найлепшых паводле ўнівэрсытэцкіх сайтаў, БДУ узьняўся на 266 пазыцый, апынуўшыся на 1208 месцы.

«У БДУ ёсьць адмысловая група, якая аналізуе гэты рэйтынг, сочыць за тым, якія пазыцыі займаюць нашы калегі зь іншых ВНУ Беларусі», — прызнаваўся ў інтэрвію БелТА рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Паводле рэктара, БДУ заўважыў гішпанскі рэйтынг, які ацэньвае якасьць сайтаў унівэрсытэтаў па ўсім сьвеце, яшчэ ў 2009 годзе. Тады ён займаў 1757 месца у гэтым топе. «Мы пасьлядоўна праводзілі працу па прадстаўленьні ў Інтэрнэце нашых дасягненьняў і, адпаведна, наша становішча ў рэйтынгу стала расьці. Вядома ж, хочацца быць і ў першай сотні», — марыць Абламейка.

А вось іншыя беларускія ВНУ наадварот за паўгады скаціліся ўніз. Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Я. Купалы, другі паводле рэйтынгу ўнівэрсытэт, заняў 3103 месца, абваліўшыся ў параўнаньні зь лютым 2011 году на 600 пазыцыі. Трэці па якасьці сайту ўнівэрсытэт Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, увогуле пераскочыў узад амаль цераз тысячу пазыцый. Цяпер ён толькі 3889-ы.

Апошнія некалькі гадоў улады імкнуцца літаральна «ўпіхнуць» беларускія ўнівэрсытэты хоць у нейкі сусьветны рэйтынг. Ад таго ўзьняцьцё БДУ у гішпанскім сьпісе лепшых было гучна адсьвяткаванае прапагандай. Выглядае, што пакуль беларускім ВНУ прыйдзецца абмежавацца выключна высьвятленьнем адносінаў у нацыянальным рэйтынгу, што неўзабаве зьявіцца ў нашай краіне.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0935 seconds.