Сярод аўтараў лепшых кніг 2012 — журналістка «СБ» і былы кандыдат у прэзідэнты

У шорт-ліст адной з самых прэстыжных літаратурных прэмій Беларусі трапіў былы кандыдат у прэзідэнты Ўладзімір Някляеў з кнігай пра студэнцкія гады «Аўтамат з газіроўкай і без». Таксама ў шорт-лісце апынулася культурны аглядальнік дзяржаўнай газеты «СБ» Людміла Рублеўская з кнігай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», яна яшчэ першая ды адзіная жанчына-празаік, якая патрапіла ў шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца. Сярод кніг, якія могуць атрымаць магчымасць быць выдадзенымі ў Польшчы, таксама кніга гомельскага гісторыка пра дэсантніка Скарыну, беларускую птушку Фенікс ды іншыя гістарычныя нарысы Беларусі.

«У параўнанні з мінулым годам у гэтым было даслана значна больш кніг. Паўтаруся, што прэмія не мае палітычнай афарбоўкі», — падкрэсліў на прэс-канферэнцыі ініцыятар прэміі польскі амбасадар Лешак Шарэпка.

Сярод узнагародаў прэміі магчымасць выдаць кнігу ў польскім выдавецтве, а таксама грашовы прыз ад Сомбелбанка. Зрэшты, кнігі леташніх пераможцаў яшчэ не выйшлі ў Польшчы, але, са словаў амбасадара, кнігі ў працэсе выдання. Таксама ў шорт-ліст трапіў скандальны сучасны пісьменнік, што жыве ў Нямеччыне, Альгерд Бахарэвіч. Ягоны зборнік эсэ пра беларускіх класікаў «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» выклікаў цэлы шэраг жарсцяў у Сеціве, бо аўтар бязлітасна крытыкуе «святых» для беларускай літаратуры аўтараў.

Шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Гедройца-2012 

Сяргей Балахонаў «Зямля пад крыламі Фенікса»

Альгерд Бахарэвіч «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча»

Адам Глобус «Сказы»

Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»

Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега»

Юры Станкевіч «Шал»

Пераможца прэміі будзе абвешчаны 1 сакавіка, у сусветны Дзень пісьменніка.

Фотаздымкі з Польскай амбасады, дзе быў сёння абвешчаны шорт-ліст прэміі

Фота: Юля Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0712 seconds.