«Пяцьдзесят» тысяч беларускіх рублёў калекцыянеры купляюць за 120
Змены ў беларускім правапісе ад 2010 году зрабілі купюру ў 50 тысяч беларускіх рублёў мэтай баністаў (калекцыянераў папяровых купюр) з усяго свету.
Дзейную купюру ў 50 000 беларускіх рублёў паэт Алесь Аркуш набыў днямі на польскім сайце allegro.pl за 45 злотых (каля 120 тысяч беларускіх рублёў).
Фота з ЖЖ Алеся Аркуша
Каштуе купюра ўзору 2000 году больш свайго наміналу, бо на ёй напісана «пяцьдзЕсят». Калекцыянераў перш за ўсё цікавяць купюры новыя, якія не былі ў абароце. Таксама «пяцідзесяткі» мусяць быць з першай тысячы, то бок мець серыйны нумары ад аа0000001 да аа0001000.
Справа ў тым, што з 1 верасня 2010 году ўступілі ў сілу новыя правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, згодна з якімі цяпер замест «пяцьдзЕсят» мусіць пісацца «пяцьдзЯсят». Такім чынам, па Беларусі некаторы час хадзілі грошы з памылкамі, а пасля Нацбанк выдаў новыя купюры ўзору 2010 году. Папярэднія ж купюры з абароту не вымаліся і працягваюць хадзіць па руках і гаманцах беларусаў.
Самы час праверыць, ці не «пяцьдзесят тысяч рублёў» з першай тысячы ў вашай кішэні.