Былы дарадца прэм’ер-міністра Літвы заняў пасаду Марціновіча ў ЕГУ

Сёння прэс-служба Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту паведаміла, што ў дэпартамента палітычных і сацыяльных навук ЕГУ з’явіўся новы кіраўнік. З часоў перафарматавання дэпартаменту паліталогіі і сыходу з пасады яго кіраўніка, журналіста Віктара Марціновіча, пасада заставалася вакантнай болей за год.


Віргініюс Валенцінавічюс і прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс. Фота DELFI

Новым галоўным палітолагам ЕГУ стаў 57-гадовы літовец, былы дарадца прэм’ер-міністр Андруса Кубілюса Віргініюс Валенцінавічюс. Ён скончыў Філасоўскі факультэт Віленскага ўніверсітэту, у савецкія часы абараніў доктарскую дысертацыю, а з 1995 па 2004 год працаваў на літоўскім Радыё Свабода ў Празе. Пазней ён працаваў галоўным рэдактарам шэрагу ўплывовых літоўскіх СМІ.

«Я думаю, што гэты ўніверсітэт [ЕГУ] з’яўляецца вельмі добрай інвестыцыяй у доўгатэрміновае развіццё суседняй Беларусі», — пракаментаваў Балтыйскай навінавай агенцыі Валенцінавічюс уласнае прызначэнне.

Пасада кіраўніка дэпартаменту палітычных і сацыяльных навук у Еўрапейскім гуманітарным факультэце заставалася незанятай з тых часоў, калі з пасады кіраўніка дэпартаменту паліталогіі сышоў журналіст Віктар Марціновіч. Яго прызначэнне ў 2010 годзе стала нечаканасцю, бо дагэтуль ён не займаўся палітычнай навукай. Ад 2011 году часовым кіраўніком дэпартаменту быў прарэктар ЕГУ Аляксандр Калбаска.

Ці валодае новы кіраўнік дэпартаменту ЕГУ беларускай мовай, не паведамляецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0713 seconds.