18-гадовы плывец Ігар Бокій, якому моцнае парушэнне зроку не перашкодзіла выйграць 6 медалёў лонданскіх Гульняў

18-гадовы бабруйчанін трыумфальна выступіў на Паралімпіядзе-2012 у Лондане: пяць залатых медалёў, адзін срэбраны. Але яшчэ некалькі гадоў таму Бокія не дапускалі на спаборніцтвы з-за сур’ёзных праблем са здароўем, і ён проста кінуць спорт. Ці зможа Ігар прэтэндаваць на медалі звычайнай Алімпіяды?

Ігар Бокій падсаладзіў не самае ўдалае выступленне беларускіх Алімпійцаў у Лондане. Але дагэтуль пра лёс плыўца мала што вядома: Ігара не назавеш аматарам адкрытых размоў з журналістамі.

Вядома, што нарадзіўся ён у Бабруйску ў 1994 годзе. Сям’я ― самая звычайная: маці, тата, малодшы брат. Бацька займаўся плаваннем і тэнісам. Да дзявятага класу Ігар навучаўся ў сярэдняй школе № 27 Бабруйска, а потым ― у вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Мінску.

Дзённы графік спартсмена салодкім жыццём не назавеш: падымаецца з ложка, а сёмай, снедае і да восьмай ужо прыбывае на трэніроўку. А палове на адзінаццатую заняткі сканчаюцца ― Ігар вяртаецца дадому і робіць універсітэцкія заданні (паступіў Бокій не куды-небудзь, а ў БДУ, хоча вывучыцца на лагіста). Пасля ўніверсітэцкіх спраў Ігар едзе на другую трэніроўку, якая доўжыцца з трох гадзін да пяці. Графік шчыльны, таму распытваем плыўца адразу ў аўтамабілі, пакуль вязем яго ў басейн.

― Займацца плаваннем я пачаў у пяць ці шэсць гадоў, ― узгадвае Ігар. ― Басейн знаходзіўся каля кінатэатра «Таварыш». Пазней яго ў царкву перарабілі (кафедральны праваслаўны храм Бабруйска). Потым мы пачалі трэніравацца ў «Шынным» (басейн санаторыя, які месціцца на ўездзе ў Бабруйск).

― Ты адразу ж пачаў вылучацца?

― Спачатку ― не. На першых спаборніцтвах (мне было гадоў сем) заняў адно трэцяе месца. І ўсё.

― А калі быў першы міжнародны старт?

― Мне было трынаццаць гадоў, гэта было ў Харватыі. Мяне ўзялі, каб паглядзеў на абставіны, як усё адбываецца. Там я, натуральна, нічога не заняў, там былі старэйшыя спартсмены. На той момант я быў больш-менш сярэдняга ўзроўню спартсмен. Быў такі момант, я думаў, што трэба завязаць са спортам, вучыцца. І бацькі ціснулі, атрымлівалася ўсё не надта. Але застаўся ў плаванні. Хоць у школе матэматыка, гісторыя добра засвойваліся. Таму і вырашыў паступіць у Белдзяржуніверсітэт. У будучым будзе страхоўка.

― Ён і яшчэ адзін хлопчык вылучаўся з усёй масы дзяцей, ― узгадвае Наталля Пазнякова, першы трэнер Бокія. ― Потым у Ігара пачалося рэзкае парушэнне зроку. Не ведаю, з чым гэта звязана, у сям’і больш ні ў каго не было такіх праблем. Пераходзіць у паралімпійскае плаванне мы не збіраліся. Але ў здаровым ― перакрылі кісларод. Дактары катэгарычна забаранілі выступаць, калі Ігару было каля 15, і ён быў майстрам спорту па здаровых. І вось тады добрыя людзі нам падказалі тэлефон доктара ў Мінску, які канстатаваў, што Ігар праходзіць па трынаццатай групе і можа рыхтавацца на Паралімпіяды.

Журналісты, агаломшаныя вынікам Ігара Бокія, не адразу заўважылі праблемы спартсмена: статны і спрытны юнак, нават вядзе старонку ў сацыяльных сетках.

― Ці бачыш ты хоць што-небудзь на табліцы Сіўцава? Хаця б самыя вялікія ШБ? ― цікавімся.

― ШБ дрэнна відаць. Трошкі падыходжу, каб больш выразна іх пабачыць.

― А людзей ці бачыш? Вось, напрыклад, мяне.

― Я распазнаю. Але карцінка ўсё адно ― няякасная.

― А падчас плавання гэта перашкаджае нейкім чынам?

― Ужо прызвычаіўся.

Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, Ігар, як было сказана, трэніраваўся ў Бабруйску. Хоць да гэтага паралельна вучыўся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву і жыў у Мінску. Нягледзячы на выбітныя вынікі і алімпійскія перспектывы, вырашаць жыллёвыя пытанні Бокія не спяшаюцца. Таму яго асноўны мінскі трэнер Генадзь Вішнякоў рыхтуе праграмы, а першы трэнер Наталля Пазнякова сочыць за іх выкананнем.

― Ці ёсць у Ігара шанец узяць медаль на Алімпіядзе па здаровых? ― цікавімся ў спадарыні Наталлі.

― На мой погляд, такі шанц ёсць, калі ён набярэ мужчынскую моц. Яму будзе гадоў 25–26. Не раней. Зноўку ― ці вытрымае ён? Зараз ідзе выпрабаванне ― грашыма, вядомасцю. Ён, магчыма, стаміўся, цяжка ўваходзіць у нагрузку. І мы з трэнерам Вішняковым займаем пазіцыю, што трэба адмаўляцца ад інтэрв’ю, каб вярнуць яго на нармальную працоўную сцежку. Калі ён вытрымае гадоў да 26, то так. Ёсць шанец.

Пасля трыумфу Ігара Бокія бацькі пачалі масава прыводзіць дзяцей на трэніроўкі. Як бачыце, трэнерскі калектыў у бабруйскім плаванні сабраўся высакакласны. Вядуць і дзетак з фізічнымі адхіленнямі. Але трэніраваць іх зазвычай няма дзе. З тых часоў як у басейн прывялі маленькага Ігара Бокія, сітуацыя з плаваннем у Бабруйску змянілася не ў лепшы бок: сёння няма нават «лягушатніку», дзе б займаліся маленькія дзеткі. У басейне санаторыя «Шыннік» рыхтаваць плыўцоў экстра-класа таксама складана: няма адпаведнага абсталявання, басейн нават нельга, як належыць, запоўніць вадой.

Тым не менш Ігар Бокій працягвае сваю падрыхтоўку. І, спадзяемся, спартсмен будзе і надалей развіваць вынік і зробіць сур’ёзную канкурэнцыю на будучых Алімпіядах.

Фота Аляксандра Ждановіча і zimbio.com


Ігар Бокій ставіць чарговы сусветны рэкорд на Параалімпіядзе ў Лондане

Спартовы бок беларускага пакалення Y Generation.by адчыняе разам з парталам «Будзьма Беларусамі!» у межах інфармацыйнай падтрымкі праекту «Байцоўскі ген». Праект рыхтуе яшчэ нямала сустрэчаў з выбітнымі беларускімі спартсменамі, якія нягледзячы на шматлікія перашкоды паказваюць на радзіме і ў свеце выдатныя вынікі і наяўнасць сапраўднага байцоўскага гену беларусаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.