Мара спраўдзілася: выстава «суперкрутой фотажурналістыкі» адкрыецца ў Менску

Выстава пераможцаў World Press Photo, самага прэстыжнага конкурсу сярод фотажурналістаў, упершыню прыедзе ў Менск. Ужо 11 снежня ў галерэі «Ў» кожны беларус атрымае магчымасць пабачыць лепшыя фатаграфіі з усяго свету. Ключавым у конкурсе з’яўляецца слова Press, таму гледача чакаюць толькі самыя актуальныя і аб’ектыўныя карціны сыходзячага году. Асноўнымі тэмамі выставы сталі «Арабская вясна» і землятрус у Японіі.

«World Press Photo — гэта прыклад суперкрутой фотажурналістыкі», — кажа Андрэй Лянкевіч, адзін з найбольш вядомых фатографаў сучаснай Беларусі, які прыклаў нямала намаганняў на тое, каб выстава нарэшце прыехала ў Менск. Цяпер Лянкевіч вучыцца ў Нямеччыне, але прыехаў у Менск адмыслова, каб разам з валанторамі падрыхтаваць выставу да адкрыцця.

Сутнасць World Press Photo становіцца зразумелай ужо з першага здымку, што фатограф няспешна распакоўвае і расстаўляе ўздоўж белых сценаў галерэі «Ў» у цэнтры Менска. На ёй жанчына, з ног да галавы схаваная традыцыйнай арабскай вораткай, трымае на руках маладога аголенага мужчыну. Падаецца, што мужчына памёр. Страх, змяшаны з адчаем і пяшчотай, сыходзіць ад выявы.

Гэты здымак Самуэля Аранды быў уганараваны першай прэміяй World Press Photo. Так маці, што трымае на руках свайго 18-гадовага сына, які быў паранены падчас вулічнай дэманстрацыі супраць прэзідэнта Алі Салеха ў еменскай сталіцы Сане, стала гераіняй лепшага фота 2011 году.

«Зразумела, што частка фатаграфій не самыя простыя для назірання, не самыя пазітыўныя. Але гэта зрэз жыцця. Гэта і ёсць фантастычная ілюстрацыя таго, чым займаецца World Press Photo — дэманстрацыя суперкваліфікаванай фатаграфіі, яе развіцця і прапаганды добрай журналістыкі».

«Для мяне і для вялікай колькасці знаёмых гэта мара — пабачыць выставу World Press Photo у Менску. Шмат людзей выязджалі адмыслова кудысьці, каб пабачыць яе ў Варшаве, Вільні, Маскве і гэтак далей. І вось, яна зараз даехала», — усміхаецца Лянкевіч.

Паколькі арганізацыя выставы ладзіцца ў першы раз — гэта ёсць самой складанасцю, бо ўсе этапы адбываюцца ўпершыню:

«Амаль тры тыдні рабілі афішы, таму што яны павінны адпавядаць фірмоваму стылю, які ўласцівы ўсім папярэднім 100-ам афішам. Наша афіша не можа адрознівацца ні чым, яна мусіць быць такая ж самая як і ў Кітаі, адкуль дарэчы і прыляцела выстава, толькі там іерогліфы», — тлумачыць дэталі арганізацыйных момантаў Лянкевіч.

Сёлета ў конкурсе перамаглі фатографы з усяго свету: ад Японіі, што канцэнтраваліся на жудасным землятрусе, да баснійцаў, расейцаў і, канешне ж, амерыканцаў. Аднак ніводны беларускі фатограф яшчэ ніколі не быў адзначаны журы World Press Photo. У чым праблема?

На думку Лянкевіча, для таго, каб патрапіць у шэрагі пераможцаў сусветнага конкурсу, беларускім фатографам дастаткова «зняць цікава, крута — і перамагчы».

«Вельмі ўсё проста!» — дадае фатограф.

World Press Photo — самы аўтарытэтны штогадовы агляд фотажурналістыкі, які ў шмат у чым вызначае стандарты прафесіі. Кожны год міжнароднае незалежнае журы, што складаецца з прафесійных фатографаў і фотарэдактараў СМІ, ацэньваюць працы прэтэндэнтаў у 9-ці катэгорыях, якія былі прадстаўлены фотажурналістамі, агенцыямі, газетамі ды часопісамі з усіх кутоў планеты. За два тыдні працы членамі журы было прагледжана 101 254 фатаграфій 5 247 аўтараў з 124 краін свету.



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0455 seconds.