Украінец Паўло: «Вывучыў беларускую па песнях N.R.M.»

Паўло Зуб’юк — украінскі грамадскі актывіст, публіцыст, фатограф. Жыве ў Кіеве. Паўло «перазімаваў» украінскую аранжавую рэвалюцыю на майдане Незалежнасці ў крутых цёплых валёнках. І тым не менш ахвяраваў гэтыя гістарычныя боты ўдзельнікам беларускага намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы Менску ў 2006-м. Ягоную хату ў цэнтры Кіева, забітую літаратурай і ўлёткамі, ведаюць многія маладыя беларусы-вандроўнікі, што кіруюцца на поўдзень.

Блог Паўло

Беларусь для мяне з дзяцінства была цікавай краінай. Нібы падобная да Ўкраіны, але адначасова і непадобная. Калісьці яшчэ да незалежнасці ехаў з бацькамі на мора — у вагоне было шмат школьнікаў з Гомеля. Я тады размаўляў па-ўкраінску, а іх настаўніца кажа:

«Вой, ты так добра размаўляеш па-беларуску, у нас тут ёсць адзін хлопчык, які разумее беларускую!»

Я здзівіўся тады, што школьная настаўніца нават не можа адрозніць беларускую мову ад нашай, а з усяго класу толькі адзін вучань яе разумее.

Ужо за студэнцкімі часамі я пачаў слухаць N.R.M., чытаць Хадановіча. Ну і панеслася:)

«Падручнікаў у вочы не бачыў»

У выніку вывучыў беларускую па песнях N.R.M. і ў Інтэрнэце. Падручнікаў у вочы не бачыў. Цяпер размаўляю па-беларуску нашмат лепш, чым пішу.

Часам ужываю ўкраінскія словы на беларускі лад, але спадзяюся, што ў размоўнай мове гэта незаўважна. Беларусы часта самі не ведаюць, якія словы ў іх мове дакладна ёсць, а якіх няма. Акрамя гэтага наркамаўка і тарашкевіца, канешне, вельмі заблытваюць.

Адно з першых уражанняў ад выкарыстання беларускай звязанае з Гародняй. 2003 год. Лета. Я падыходжу да шапіка з газетамі і кажу:

— Дайце мапу Гродна, калі ласка. У вас ёсць па-беларуску?

— Што значит «пу Гродна»?!

Украінцам вывучыць беларускую зусім проста

Сітуацыя з мовай такая самая, як і ў Кіеве. Толькі правінцыя навакол яго не расейскамоўная. А недзе на Луганшыне сітуацыя аналагічная беларускай.

Калі б я быў беларусам, то болей размаўляў бы з маладымі беларусамі ў «Вконтакте». Калі кожны «свядомы» пасябруе там з 10 дзеткамі, прывучыць іх часам размаўляць па-беларуску, ставіць беларускамоўныя статусы, коміксы і г.д. — гэта ўжо будзе крок наперад.

Сам я ў асноўным карыстаюся беларускай са знаёмымі беларусамі ды палякамі-беларусістамі. Акрамя таго, у Кіеве ёсць Белразмоўклюб, але я не часта яго наведваю, на жаль.

Беларуская мова сапраўды мілагучная. І не падобная да расейскай. Хіба што ў беларускай больш гуку «а» замест украінскага «о» — гэта адзінае падабенства да расейскай адносна ўкраінскай.

Украінцам вывучыць беларускую зусім проста. І ўкраінская, і беларускія мовы аднолькава сінхранізаваныя з расейскай: «электрычка» гучыць амаль аднолькава на нашых мовах, гэта вам не «почёнг особовы». А каб вывучыць беларускую мову, варта паболей слухаць беларускую музыку, чытаць сайты ды прэсу, а таксама размаўляць на ёй.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0834 seconds.