Кніжка пра расчараванне ў Дзедзе Марозе і ровар з грудзямі выйшла ў Менску

Напярэдадні Новага году малады і вельмі сціплы на выгляд празаік Андрэй Пакроўскі наважыўся распавесці пра тое, як ён перастаў верыць у Дзеда Мароза. Яго дэбютная кніга складаецца з шэрагу апавяданняў, якія дыскрэдытуюць Дзеда Мароза, закранаюць тэму падваення асобы, ровара з сіськамі і іншых актуальных аспектаў будзённасці.


Андрэй Пакроўскі

Прэзентацыя кнігі Андрэя з даўгім назовам «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза» адбылася 23 лістапада ў галерэі «Ў», дзе насуперак чаканням аўтара прысутнічала навагодняя ёлка. Прыкладна гэткае самае дрэва ў сваім расказе Андрэй спаліў, калі даведаўся, што Дзед Мароз «…болей ня верыць у дзяцей, што ў яго апатыя, дэпрэсія, млявасць і абыякавасць да жыцця, што ён забухаў з пінгвінамі й усё такое…».

Расказы Андрэя аўтабіяграфічныя з налётам фантастыкі, якая шчыльна пераплятаецца з жыццёвай рэальнасцю. Вострасюжэтныя падзеі прымушаюць розум паглыбіцца ў глыбокія ўнутраныя развагі. Асабліва калі спрабуеш уявіць карцінку з «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза» ў рэальным свеце. І ўсё гэта на фоне троху камічных герояў кнігі.

Падтрымаць маладога аўтара на ягонай першай у жыцці прэзентацыі прыйшлі сябры і знаёмыя. У іх ліку былі Павал Анціпаў, Наста Манцэвіч, Кірыл Дубоўскі, Віялета Пачкоўская, Уладзь Лянкевіч, а таксама старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. З непасрэднай падтрымкай апошняга ў межах падсерыі «Пункт адліку» серыі «Кнігарня Пісьменніка» Саюза беларускіх пісьменнікаў выйшла кніга Андрэя. «Пункт адліку» заснаваная адмыслова для маладых аўтараў, якія яшчэ не друкавалі ўласных выданняў.


Барыс Пятровіч

Іншы слынны паэт Андрэй Хадановіч дзень прэзентацыі правёў у Бруселі, таму ў галерэі «Ў» не з’явіўся. Аднак пакінуў станоўчы водгук на творчасць Андрэя Пакроўскага ў сваім блогу:

«Вельмі харошы аўтар. Белы і пухнаты. Ня б’е шыбаў у бацькоўскай хаце. Хіба што выпадкова, у творчым запале. Шчыра рэкамэндую».

Адзін з маленькіх аповедаў Андрэя Пакроўскага

«На платформе станцыі метро „аўтазаводская“ нікога не было, апроч мяне і самотнага бамжа, што ляжаў на лаве і паліў. Раптам з тунэлю вылецеў цягнік з трыма ліхтарамі, падобнымі да сонцаў, але ён не спыніўся, а ўсё ехаў, ехаў і ехаў. Вагоны праносіліся міма мяне з неверагоднай хуткасцю, пачыналіся яны недзе ў Нідзе і цягнуліся да Канца Свету. Я не ведаю, адкуль узяўся цягнік і куды ён падзеўся, але я хачу пажадаць вам, каб вашае каханне было б такім жа бясконцым, каб яно, калі вы аптыміст, доўжылася ўсё жыццё ці хаця б да труны, калі вы песіміст».

Юля Fox 13:49, 27/11/2012 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0818 seconds.