Бела-чырвоны натоўп і пабоішча на Дзень незалежнасці

Адзінаццатае лістапада, Польшча, Варшава. Я еду з ускраін гораду ў цэнтр з мэтай паглядзець, як выглядае польскі Дзень волі. Нягледзячы на тое, што сёння нядзеля, аўтобус поўны людзей. Аднак на вуліцах не бачна нікога. У Польшчы так заўжды: нядзеля тут — гэта дзень для адпачынку.

У аўтобусе юнакі ў скураных куртках тэлефануюць сябрам і дамаўляюцца, дзе сустрэцца, каб не згубіць адзін аднаго. Калі даязджаю ў самы цэнтр гораду ля знакамітага палацу культуры, то разумею, чаму яны гэта робяць. Тут па вуліцах і тратуарах ужо разліўся бела-чырвоны натоўп са сцягамі, транспарантамі і іншай атрыбутыкай маршу.

11 лістапада другі год запар Польшча святкуе Дзень незалежнасці бойкамі з паліцыяй. У гэты дзень у 1918 годзе краіна на аскепках трох імперый аднавіла сваю незалежнасць. Нагоду для святкавання кожны выкарыстоўвае па-свойму. Традыцыйныя і радыкальныя палітычныя сілы збіраюць прыхільнікаў дзеля таго, каб заявіць пра сябе. На вуліцы выходзіць і парламенцкая апазіцыя, і антыглабалісты, і тыя, каго прынята называць нацыяналістамі. Але ў кожнага атрымліваецца ўласны марш.

У натоўпе я бачу старых з плакатамі «Што сталася з Качыньскім?», маці з малымі дзецьмі, нацыяналістаў, ад якіх патыхае агрэсіяй і танным алкаголем. Мяне адразу папярэджваюць:

«Толькі зробіш нам здымак — лічы сябе камуністам!»

Кажуць, што ў пікавы момант тут збіраецца каля 20 тысяч чалавек. Але калі стаіш у натоўпе, здаецца, што маніфестантаў у разы больш. Пасля гадзіннага чакання, збораў і выступаў розных лідэраў, натоўп пачынае рухацца. Людзі спяваюць гімн Польшчы, гукаюць «Бог, гонар, Радзіма!» і іншыя лозунгі.

Раптам натоўп спыняецца. Паліцыя не дае ісці далей. Атмасфера награваецца, пачынаюцца сутычкі з паліцэйскімі, з’яўляюцца правакатары. Пэўны час паліцэйскія стаяць на месцы, але калі робіцца занадта горача, пускаюць газ. У мяне слязяцца вочы.

Пасля гадзіны чакання, перамоваў, крыкаў «Гестапа» у бок прадстаўнікоў улады, апошнія прапускаюць маніфестантаў наперад. Калону суправаджаюць «касманаўты» у шлемах. Да іх падыходзіць дзед з роварам і пачынае скардзіцца на жыццё. Ён пытацца, ці падтрымліваюць паліцэйскія дзяржаву, якая кантралюецца цяперашнім прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.

Паліцыянты не паспяваючы адказаць, бо атрымліваюць загад сыходзь. Яны дзякуюць дзеду за размову і выконваюць загад.

На наступны дзень інфармацыйныя агенцыі паведамяць аб 176 затрыманых у Варшаве пратэстоўцах і 22 параненых паліцэйскіх.

Болей фота з пратэстаў у Варшаве

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2635 seconds.