«Свабода» ўкраінскіх выбараў

Парламенцкія выбары ва Ўкраіне завяршыліся нечым нечаканым: упершыню ў гісторыі гэтай самай вялікай па памерах еўрапейскай краіны ў Раду трапіць нацыяналістычная партыя, якая здолее стварыць там цэлую фракцыю, далёка не самую малую. Гэтыя выбары спачатку эксперты і палітыкі, а пасля і назіральнікі назвалі аднымі з самых брудных за ўсю гісторыю незалежнасці: прадажныя адвакаты, мяхі з грашыма, вакол міліцыянеры з аўтаматамі і моцныя хлопцы ў спартовых штанах, чырвоныя бронетранспарцёры на вуліцах і падлік галасоў, які не скончыцца, можа быць, і праз тыдзень. З самага цэнтру падзей — Алесь Герасіменка.

«Гэта поўны бардак. Усе купленыя. Выбараў няма», — да мяне паварочваецца апрануты ў выкшталцоны блакітнага колеру строй мужчына. У адной руцэ ён трымае iPhone, іншую час ад часу ўздымае, каб паказаць, што ўдзельнічае ў галасаванні. 34-гадовы Андрэй Дубас — адзін з 18 членаў Акруговай выбарчай камісіі № 195 у Чэркасах. На айфоне ён штосекунды абнаўляе статыстыку галасавання па гэтай акрузе.

На сцэне перад намі — звычайная школьная парта. За ёй у святле сафітаў сядзіць малады чалавек з кароткай стрыжкай, у скураной куртцы і позіркам ахоўніка ў супермаркеце. Ля яго — падобная да бухгалтаркі жанчына. Яна хутка зачытвае дадзеныя з пратаколаў ніжэйшых камісій, што прыходзяць да іх з бліжэйшых раёнаў вобласці. Іх адзінагалосна зацвярджаюць сябры Акруговай камісіі, што сядзяць у першых шэрагах актавай залі. Пазней іх нясуць у асветлены, здаецца, тысячамі лямпаў пакой, у якім двое маладых людзей заносяць дадзеныя з пратаколаў у кампутарную сістэму Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны. У пакой ніхто не мусіць заходзіць, але ў нас гэта амаль атрымліваецца. Нягледзячы на шэрагі міліцыянтаў навокал.

Перад партай на сцэне зваленыя дзясяткі белых мяхоў. У іх — выбарчыя бюлетэні, якія ўжо падлічаныя, а вынікі іх падліку прынятыя. Кожны можа зверыць вынікі падліку з любога ўчастку на сайце ЦВК Украіны, аднак сумневы ўсё роўна застаюцца. Часам лічбы на сайце змяняюцца. Разрыў галасоў дасягае некалькі працэнтаў — дзясяткаў галасоў, ад таго страсці з кожнай хвілінай распальваюцца.

Навокал сотні жанчын і мужчын розных узростаў і камплекцый. Некаторыя з іх плачуць, нехта смяецца, але большасць, здаецца, гатовыя адразу тут на месцы распачаць бойку. Нягледзячы на неверагодную колькасць міліцыянтаў, што акупавалі гэты будынак, у вялізным памяшканні былога заводу тытунёвых выбараў сапраўды валадарыць поўны хаос.

«Колькі вы тут ужо?» — пытаю ў мужчыны ў блакітным.

«Ад сёмай ранку».

Я гляджу на гадзіннік. На ім 5:50. І разумею, што ўжо суткі не спаў. Апошнія 23 гадзіны я як удзельнік праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» правёў у паездках па Чаркаскай вобласці ўздоўж Дняпра разам з іншай назіральніцай місіі Еўрапейскай сеткі арганізацый па назіранні за выбарамі сербкай баснійскага паходжання Йванай, нашай перакладчыцай Наталляй і яе хлопцам, што выконваў ролю кіроўцы на машыне бацькі Наталлі. Восем з іх мы назіралі за тым, як марудна, называючы кожную партыю і кандыдата асобна, у адным з каледжаў Чаркасаў выбарчая камісія лічыла 860 галасоў. Падлік зацягнуўся да 5 ранку. Напрыканцы, калі да мяне, даведаўшыся, што я з Беларусі, падышоў адзін з сябраў камісіі з пытаннем «кажуць, у вас там яшчэ горш», я ўсміхнуўся: «ну так, галасы ў нас лічаць за гадзіну».

На сцэну актавай залі выходзіць сталы мужчына з вялікім жыватом. Ён усміхаецца Йване і яшчэ аднаму міжнароднаму назіральніку — Хасэ з Панамы — і запрашае прайсці за ім за кулісы. Там у вузкім калідоры сканцэнтраваныя яшчэ каля 15 міліцыянтаў. Мужчына — старшыня камісіі Анатолій Кашавы — сядае на маленькі табурэт. За яго спіной — стол, усю прастору на якім займае факс. За ім украінскі сцяг. Вялікае цела мужчыны даволі смешна выглядае на гэтым маленькім табурэце. Ён спрабуе усміхацца, але вочы выдаюць абыякавасць і вялікую падазронасць да нас.

«Вы раней калі-небудзь займаліся выбарамі ў акруговай камісіі?» — пытаю я.

«Не. Але я прайшоў усе прыступкі выбараў», — загадкава кажа Анатолій Кашавы.

Калі мы вернемся ў залю, Андрэй Дубас зноўку павернецца і скажа мне: усё кіраўніцтва партый мае дачыненне да Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча. Гэты — ён пакажа на мужчыну ў скуранцы — раней быў у партыі рэгіёнаў, а цяпер вылучаны ў камісію ад тэхнічнай партыі «БРАТСТВО». Тая — ён кіўне ў бок бухгалтаркі — ад партыі «Рускі блок», што звязаная з рэгіёнамі. Кіраўнік камісіі афіцыйна прадстаўляе партыю «Русь адзіная».

Перакладчыца Наталля кажа, што хлопец у скуранцы працуе адвакатам у кампаніі, якая займаецца абслугоўваннем цеплавых сетак Чаркасаў. Аднойчы Наталля, якая працуе сакратаркай дырэктара гэтай кампаніі, паказала яму газетную публікацыю, у якой гаварылася, што адвакат перабег з адной партыі ў іншую, каб заняць пасаду намесніка старшыні Акруговай камісіі. Хлопец сказаў, што разбярэцца з аўтарам артыкулу з дапамогай сваіх сяброў з мафіі.

Гэта толькі адна з 225 выбарчых акругаў Украіны. Але сітуацыя, як пакажуць наступныя дні, тыповая. На некаторых з акругаў падлік галасоў дагэтуль не скончаны, бо яны фактычна акупаваныя альбо «браткамі» і мафіяй, што найчасцей працуюць на праўладных кандыдатаў, альбо прыхільнікамі апазіцыйных кандыдатаў. Адзін з участкаў у Данецку такім чынам аказаўся абкладзены мясцовым АМАПам, які не пускаў унутр нават хуткую, якая мелася палепшыць стан старшыні камісіі — у яго раптоўна пачаліся праблемы з сэрцам. Недзе кандыдаты ў ноч выбараў проста знікалі, недзе яны пад ціскам мясцовых кланаў пераходзілі з баку апазіцыі на бок уладаў.

У такіх абставінах сапраўднай сенсацыяй стаў вынік нацыяналістычнай партыі «Свабода», якую габрэі абвінавачваюць у антысеміцкіх выказваннях, камуністы называюць прафашысцкай, а расейскія палітыкі — галоўнай пагрозай для Украіны. «Свабода» ўвайшла ў лік пяці партый, што трапяць у Раду. Асаблівасцю сёлетніх выбараў стала новая-старая сістэма фармавання парламенту: палову з 450 народных дэпутатаў выбіралі па партыйных спісах, другую — па аднамандатных акругах, як тое адбываецца ў Беларусі. У выніку палова парламенту акажацца пераважна апазіцыйнай. Але за кошт «аднамандатнікаў» — дэпутатаў, выбраных у акругах, — правячая Партыя рэгіёнаў сфармуе большасць і замацуе прэзідэнцкую ўладу Віктара Януковіча, што вярнуўся да ўлады тры гады таму.


Фотаздымак AP, на якім хлопец у цішотцы партыі «Свабода» распыляе на Беркут газ, з балончыку адабранага ў таго ж Беркута, летам стаў хітом у сеціве. Хлопца завуць Дмітро Резніченко, выява з яго ЖЖ.

«Свабода» аказалася ў авангардзе не толькі навінавых загалоўкаў па ўсім свеце, але і паслявыбарчых «сілавых дзеянняў». Украінскія выбары па сканчэнні месцамі сапраўды нагадваюць палі бітваў. Але, верагодна, менавіта таму ўкраінцы, нават збольшага расейскамоўны Кіеў, прагаласавалі за нацыяналістаў з Галіччыны. Прынцыповасць і ідэйнасць, у тым ліку ў адстойванні пазіцый украінскай культуры, а таксама зразумелыя эканамічныя лозунгі, на думку большасці экспертаў, сталі адным з галоўных чыннікаў перамогі людзей у вышыванках. У выніку партыі «Свабода» адыдзе 37 месцаў у новай Радзе.


Вынікі выбараў пасля падліку 99% галасоў. Інфаграфіка korrespondent.net

Трохпавярховы катэдж з белай цэглы на ускрайку вёскі Чарнабай недалёка ад Дняпра. У вялікім пакоі перад гіганцкім тэлевізарам сядзяць бацькі нашай перакладчыцы Наталлі. На экране — колішняя беларуская зорка ток-шоў АНТ Сяргей Дарафеў. Цяпер яго імя «Дорофєєв Сергій». Але зноўку, як і амаль два гады таму, ток-шоў на тэму выбараў. Гэтым разам канал апазіцыйны, нумар пяць.

«Мы чакаем значных парушэнняў у час транспартыроўкі і перадачы пратаколаў у Акружныя выбарчыя камісіі», — прадстаўнік Еўрапейскай сеткі арганізацый па назіранні за выбарамі ў тэлевізары выказваецца аб магчымых парушэннях. Маці Наталлі ківае — так і будзе. Падлічаць усё добра, але што будзе далей, ніхто не ведае.

Выглядае, што праз 8 гадоў пасля аранжавай рэвалюцыі ў выбары ва Ўкраіне вераць усё менш. Яўка штогод падае (гэтыя парламенцкія выбары пакажуць найгоршы паказчык за ўсё гады незалежнасці), а кошт аднаго месца ў парламенце расце (кажуць, за яго трэба было заплаціць да $5 млн., у 1999 бралі не болей за $1 млн). Не ратуюць ні новыя партыі, кшталту «Удару» баксёра Віталя Клічко, які для прыцягнення ўвагі расставіў па дарогах краіны чырвоныя бронетранспарцёры, ні амаль цалкам аб’яднаная вакол зняволенай на 7 гадоў Юліі Цімашэнкі традыцыйная апазіцыя.

«А як жа «Свабода»? — пытаю я ў Андрэя Дубаса на яго заўвагу пра адсутнасць выбару.

«Не, тое не сапраўдныя нацыяналісты».

«А хто сапраўдны?»

«Бандэра сапраўдны», — адказвае ён.

«Але ён і яго паплечнікі цяпер не прадстаўленыя на палітычным полі Ўкраіны. Што тады?»

«Нічога, праз некалькі гадоў сапраўднай нацыяналістычнай сілай Украіны стане партыя, якую ствару я», — кажа Дубас і абаяльна ўсміхаецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0492 seconds.