ЕГУ збіраюцца пашырыць на расейскамоўнае насельніцтва Германіі

Адкрыць у Дрэздэне аддзяленне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту намагаюцца нямецкія актывісты з арганізацыі EHU-Förderintiative e. V. Яны бачаць будучыню сваёй ініцыятывы ў стварэнні «адзінага ўніверсітэту ў Нямеччыне, дзе б вялося выкладанне на расейскай мове».


«Сістэма Лукашэнкі будзе падкапаная звонку», — артыкул з такім назовам быў нядаўна апублікаваны ў газеце Dresdner Neueste Nachrichten. У ім распавядалася пра двух немцаў, Майкла Бэхтэра і Максіма Асёму, што рыхтуюцца заснаваць у горадзе на ўсходзе Нямеччыны «невялікі новы ўніверсітэт».

Праўленне EHU-Förderintiative e.V. Здымак з сайту www.ehu-verein.de

Майкл Бэхтэр і Максім Асёма ўжо паспелі зарэгістраваць у Нямеччыне некамерцыйную арганізацыю пад назовам EHU-Förderintiative e. V. Мэта, як кажа Асёма, простая: адкрыццё ў Дрэздэне аддзялення Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

20 гадоў таму Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Менску. Аднак у 2004-м пад ціскам уладаў ён аказаўся зачыненым. Пасля гэтага ўніверсітэт атрымаў статус «у выгнанні» і перабраўся ў Вільню, дзе працягнуў навучаць беларускіх, а таксама замежных студэнтаў.

Нехта ставіцца да ЕГУ як да адной з нешматлікіх магчымасцяў для беларускіх студэнтаў атрымаць пазбаўленую ідэалогіі і рэпрэсіўнага кантролю еўрапейскую адукацыю. Іншыя крытыкуюць універсітэт за вялікую колькасць студэнтаў, што пасля навучання не вяртаюцца ў Беларусь. Вядома, што 103 з 210 выпускнікоў 2011 году жывуць у Беларусі. Астатнія засталіся ў Літве ці перабраліся ў іншую краіну. Напрыканцы мінулага навучальнага году ў ЕГУ вучыліся прыкладна 1 800 студэнтаў, большасць з якіх мела беларускія пашпарты і праходзіла курсы дыстанцыйна.

Гэты метад навучання прадугледжвае навучанне праз Інтэрнэт з удзелам у тыднёвых сэсіях два разы на год. Менавіта на выкарыстанне дыстанцыйнай формы навучання ў Нямеччыне спадзяюцца заснавальнікі EHU-Förderintiative e. V.

Тры мільёны расейскамоўных

«У Нямеччыне жыве вялікая колькасць расейскамоўных, якія скончылі вышэйшыя ўстановы ў СССР, — заявіў Generation.by адзін з ініцыятараў пашырэння ЕГУ на Нямеччыну, ураджэнец Нямеччыны і выпускнік Карлава ўніверсітэту ў Празе Максім Асёма. — Таму мы лічым мэтазгодным даць ім магчымасць атрымаць еўрапейскую адукацыю ў акрэдытаваным Літвой беларускім універсітэце».

«ЕГУ быў бы адзіным універсітэтам у Нямеччыне, дзе б вялося выкладанне на расейскай мове. А тут прыблізна 3 мільёны расейскамоўных. Таму мы чакаем вялікі попыт», — дадае Асёма.

Максім і ягоны беларускі бацька, які таксама ўвайшоў у лік стваральнікаў арганізацыі, кажуць, што сутыкаюцца выключна са «станоўчымі рэакцыямі» на іх прапанову і «моцную падтрымку» з боку кіраўніцтва беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У тым ліку і рэктара ЕГУ Анатоля Міхайлава. Тым больш, «ён абараніў доктарскую ў Нямеччыне і адчувае сябе моцна звязаным з нямецкай культурай і мовай», — кажа Асёма.

Прарэктар ЕГУ па развіццю і камунікацыям Дарыюс Удрыс кажа, што дрэздэнская арганізацыя па прасоўванні ЕГУ у Нямеччыне — незалежная арганізацыя, якая мае ўласнае кіраўніцтва і місію.

«Прадстаўнікі EHU-Förderintiative e. V. прапанавалі ЕГУ прасунуць на нямецкі рынак ягоныя дыстанцыйныя курсы для грамадзян і жыхароў Германіі, у прыватнасці расейскамоўных, што жадаюць атрымаць універсітэцкую адукацыю», — патлумачыў Generation.by магчымую будучыню праекту Дарыюс Удрыс.

«Калі такі падыход апынецца паспяховым, ён падтрымае ЕГУ фінансава, пашырыўшы магчымасці беларусаў па атрыманні адукацыі ў Літве, Беларусі і Нямеччыне. Можа быць, у будучыні у Нямеччыне паўстане навучальны цэнтр, палепшыцца бачнасць універсітэту сярод фундатараў».

Беларускія студэнты — галоўная мэта

Аднак пакуль рана казаць аб тым, што дакладна атрымаецца са спробы супрацоўніцтва ЕГУ і дрэздэнскіх актывістаў. Кіраўніцтва ЕГУ спадзяецца на тое, што ў студэнтаў універсітэту з’явіцца болей варыянтаў удзелу ў праграмах абмену, а ВНУ атрымае магчымасці па прыцягненні дадатковага замежнага фінансавання, дзякуючы якому ў асноўным яна існуе апошнія гады.

«А ўзмацненне фінансавых пазіцый ЕГУ дазволіць пашырыць магчымасці беларускіх студэнтаў. Гэта наша галоўная мэта», — дадае Удрыс.

Асёма і яго калегіі спадзяюцца, што дрэздэнская філія Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту пачне працу напрыканцы 2013 году. «У год заснавання філіі мы спадзяемся на 20 студэнтаў. Але абмежаванняў няма».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0625 seconds.