Літоўскія Меднікі: новы сярэднявечны замак у двух кіламетрах ад Беларусі
У літоўскіх Медніках (Медзінінкай) адкрылі пасля рэканструкцыі самы сапраўдны сярэднявечны замак. Ад замку да Беларусі — толькі 2 кіламетры, і гэта адзінае, што аддзяляе яго ад беларускай гісторыі. Але не турыстаў. Generation.by трапіў у замак адным з першых.
Замест брамы — проста пралом у сцяне і білетная каса на ўваходзе. Студэнтам — 3 літы (9 тыс. рублёў), астатнім — 6. Гэта плата за магчымасць агледзець толькі што адкрытую для публікі сярэднявечную цвярдыню: абгароджаныя адноўленымі каля двух метраў шырынёй каменнымі сценамі, укрытыя новенькай чырвонай чарапіцай, два гектары газону і пяціпавярховую вежу са сцягам з пагоняй на даху.
Выява старажытнага замку на квітку падказвае: ты трапіў у сярэдзіну нечага колісь вельмі значнага і сур’ёзнага. Галоўнае не разгубіцца, і адразу накіравацца ў бок вежы, дзе турыстаў прымаюць усмешлівыя музейшчыцы, што час ад часу вымушаныя адцягвацца на тое, каб прагнаць мясцовых падлеткаў да замкавай сцяны, якую тыя з нейкай нетлумачальнай мэтай імкнуцца зруйнаваць драўлянымі палкамі.
Сярэднявечча за $3 млн.
Мы і не здагадваліся, але ў двух кіламетрах ад памежнага пропуску Каменны Лог на беларуска-літоўскай мяжы шмат гадоў хаваўся сапраўдны скарб гісторыі Вялікага княства Літоўскага: сярэднявечны замак Меднікі. Замак быў зруйнаваны яшчэ ў тыя часы, калі прыстойныя людзі ў далёкія вандроўкі без мяча не выпраўляліся, а па княству час ад часу праносіліся віхоры розных заваёўнікаў.
Пасля Другой сусветнай да Меднікаў дабраліся археолагі, якія, троху пакапаўшыся ў ягонай глебе, пакінулі руіны дажываць да часоў незалежнасці Літвы. І толькі два гады таму ў замку пачаліся працы па аднаўленні сярэднявечнай цікавосткі. Без грошай Еўрапейскага саюзу не абышлося. Уласна, толькі на брусельскія $3 млн. і быў адноўлены замак — літоўскі ўрад не знайшоў на рэканструкцыю ні цэнта.
Замак у Медніках вельмі нагадвае аналагічнае збудаванне ў Крэве. Абодва замкі былі ўзведзеныя ў прыкладна аднолькавы час у спробе Альгерда ці Гедыміна ўмацаваць Вялікае княства ад небяспекі нападаў крыжакоў. Верагодна, аднымі і тымі ж будаўнікамі. Кажуць, што будавалі замкі фантастычнага росту асілкі. І калі ў кагосьці з іх не ствала патрэбнага інструменту, то яны вельмі проста дзяліліся імі: перакідалі па паветры гіганцкія малаткі і рубанкі ад адной будоўлі да іншай. Неблагі прамежак, між іншым: ад Крэва да Меднікаў каля 45 кіламетраў.
Іншы беларускі замак, што таксама «ўражвае сваёй суровай прыгажосцю» — Лідскі. Той таксама цяпер рэканструююць. Гэту беларускую будоўлю, што ўжо паспелі аднесці да стылю «аграрэнесансу», называюць жахлівай з-за хібаў такіх маштабаў, якіх, мабыць, не ведала яшчэ беларуская рэканструкцыя. І толькі на тое, каб выправіць гэтыя хібы, Беларусь вымушаная будзе патраціць траціну ад ўсяго бюджэту рэканструкцыі медніцкага замку. Зрэшты, і літоўская версія сярэднявечнага замку не надта адпавядае канонам тых часоў.
Аказваецца, і «там» не ўсё добра з захаваннем спадчыны! Хаця пэўны ўзровень прыстойнасці будаўнікам усё ж атрымалася захаваць: бетонныя прыступкі старана схаваныя пад сур’ёзным узроўнем тынкоўкі, а ўмацаваныя ў сцены замкавай вежы разеткі і ліхтары выглядаюць даволі натуральна. Асабліва калі ўлічыць склад музейнай экспазіцыі, што заняла чатыры першых паверхі вежы.
Калі першы паверх даволі натуральна адведзены для экспазіцыі сярэднявечных гарматаў і глінянай керамікі, да якой далучаная чамусьці выстава слядоў жыўнасці на цаглінах, то вышэйшыя паверхі занятыя, падаецца, тым, што атрымалася знайсці па ўсёй Літве. Тут і зброя ўсіх сярэднявечных часоў і новачасся, і крышталь, і нават пудзілы жывёлаў з калекцыі знатнага літоўскага паляўнічага і першага пасля вяртання незалежнасці прэзідэнта краіны Бразаўскаса. Адпаведныя інструкцыі да экспанатаў старана тлумачаць, што у часы, да якіх адносіцца замак, паляванне было натуральнай часткаю жыцця шляхты. Але ўсё роўна застаецца адчуванне, што экспазіцыю вежы літоўскія музейныя супрацоўнікі запаўнялі з апошніх сілаў: нітка да ніткі, як той казаў.
З апошняга паверху можна трапіць на дах, дзе ёсць шанец троху пафантазіраваць на тэмы тагачасных бітваў. Вядома, што калі ў канцы 14 ст. крыжакі дабраліся да Меднікаў, у час асады яны зладзілі пад ягонымі сценамі паказальны рыцарскі турнір. Карціна, на якой можна пабачыць замак тых часоў, у кампаніі іншых выяваў літоўскіх і беларускіх замкаў вісіць на першым паверсе вежы.
У госці да Сыракомлі і Шумскіх
Пасля агляду замка можна працягнуць вандроўку па беларускіх мясцінах у літоўскім памежжы, завітаўшы па дарозе ў Вільню, напрыклад, у сядзібу Уладзіслава Сыракомлі. Менавіта гэты беларускі паэт і краязнаўца раскапаў легенду пра асілкаў Крэва і Меднікаў. І ўвогуле зрабіў нямала для беларускай літаратуры. У ягонай сядзібе ў мястэчку Рукайны цяпер музей.
Калі ж паехаць назад да дарогі Менск-Вільня, але не збочваць на яе, а паехаць наўпрост уздоўж мяжы, можна даехаць да мястэчка Шумск. Там хаваецца грандыёзны каталіцкі касцёл, а ў 5 км. ад мястэчка — гіганцкая закінутая сядзіба Шумскіх. Прыхільнікі шляхецкага быту пазамінулага стагоддзя знойдуць тут усё неабходнае: амаль некрануты часам дом, гаспадарчыя пабудовы, лядоўню і склепы, і нават вадзяны млын, ля якога цяпер рыбачаць мясцовыя жыхары.
Што праўда, сядзіба цяпер закінутая: вокны яе закалочаныя, а гаспадарчыя будынкі руйнуюцца. Як бачна, не ўсё добра ў Літве з пазнейшай гістарычнай забудовай. І сядзіба Шумскіх чакае свайго часу, як чакаў яго 6 стагоддзяў замак у Медніках.
Як даехаць да Меднікаў?