Галерэі «Ў» ужо тры

Галерэя «Ў» за тры гады свайго існавання паспела займець статус аднаго з сімвалаў Менска. Нечага такога, выявы чаго не друкуюць на турыстычных паштоўках, але куды рана ці позна трапляе амаль кожны замежнік, што імкнецца разабрацца ў беларускай культуры. Што да менскай тусоўкі, то аднапавярховы будынак галерэі ў дварах ля Плошчы Перамогі стаў для многіх нечым накшталт другога дому. Гэта яшчэ раз пацвердзіў склад прысутных, што прыйшлі на святкаванне трохгоддзя незалежнай пляцоўкі сучаснага мастацтва ў Менску.

Трэці год існавання галерысты сустрэлі неяк вельмі ж будзённа, развесіўшы па белых сценах сваёй пляцоўкі прыкметы ўласных дасягненняў у «сухой рэшце», як яны самі кажуць:

«Ні кроплі какецтва, мы паказалі голы шкілет ўзнёслага мастацтва, не прызямляючы яго, але агаляючы да магчымасці пералічыць кожную костку, кожны кампанент», — такімі словамі адкрыла выставу праекту адміністрацыі галерэі «Баланс. Улічваючы абставіны» адна з прадстаўнікоў гэтай адміністрацыі Валянціна Кісялёва.

Прэзентацыя выставы нечакана апынулася адкрытай для ўсіх жадаючых. Але нягледзячы на гэтую «адкрытасць», склад прысутных улучыў амаль выключна сталых наведвальнікаў імпрэзаў «Ў». Сярод іх уважлівы наведвальнік падобных прэзентацый мог заважыць такіх прадстаўнікоў менскай культурнай тусоўкі, як нядаўна адлучаны ад журы фестывалю «Лістапад» Максім Жбанкоў, пазбаўлены эфіру на тэлебачанні TUT.BY Андрэй Каравайка, прайшоўшы ўсе колы судоў з Мікалаем Чаргінцом блогер Ліпковіч і дзясяткі іншых культавых і не вельмі арт-фігур, што мелі гонар выстаўляцца альбо курыраваць выставы галерэі.

«Мы не проста хацелі паказаць, якія мы крутыя», — дадала адна з стваральніц «Балансу» Наталля Гарачая. — Гэтай выставай мы хацелі сказаць, як шмат мы робім па такіх паказчыках як разнастайнасць, на колькі мы шырокія ўвогуле».

Флегматычна пажоўваючы торт у форме дыяграмы з галоўнай эмблемы сённяшняй выставы, гэтыя заслужаныя дзеячы беларускага руху сучаснага мастацтва маглі паразглядаць акуратна складзены спіс усіх выставаў галерэі з пералікам партнёраў і спонсараў, вывучыць склад набору пачынаючага арганізатара выставаў, што ўлучаў абавязковыя «лісты, што ўзрушваюць», альбо наадварот, «асабліва непрыемныя».

Стаміўшыся ад прагляду, можна была аддацца пераказу апошніх навінаў з Цэнтральнага РАУС, дзе іншыя заўсёднікі выставаў галерэі — мастак Міхаіл Гулін і ягоныя асістэнты — верагодна чакалі суду па абвінавачанні ў нелегальным перасоўванні па цэнтры гораду рознакаляровых кубікаў. Мастак у межах праекту «Аб цяжкасцях публічнага выказвання» ладзіў перформанс на плошчах Якуба Коласа, Незалежнасці і Кастрычніцкай і быў затрыманы на апошняй.

Зрэшты, факт непрыемнага затрымання, падаецца, не моцна ўплываў на настрой публікі, што мірна дапівала віно прыкладна ў той самы момант, калі мастак Гулін выходзіў на свабоду з абяцаннем вярнуцца праз 13 дзён на суд. Улічваючы абставіны, як кажуць.

Папярэднія значныя даты ў гісторыі галерэі «Ў»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1521 seconds.