Сюррэалістычныя плакаты польскага мастака на выставе ў Менску

Працы вядомага ў Польшчы мастака Лешака Жэброўскага, які робіць непаўторныя плакаты для тэатральных спектакляў, опер, канцэртаў, будуць выстаўленыя ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. 

«На рахунку Лешка каля 400 праектаў плакатаў, не гаворачы пра сотні малюнкаў, ілюстрацый, калажаў. Непасрэднасць і абсалютная свабода з’яўляюцца характэрнай рысай усіх яго прац. Нічым неабмежаваны мастак з неверагоднай энергіяй карыстаецца ўсімі сродкамі выражэння, адначасова захоўваючы свой уласны стыль і каларыт», — кажа пра мастака крытык Кшыштаф Дыда.

Лешэк Жэброўскі займаецца малюнкам, жывапісам, мастацкай графікай, сатырычным малюнкам, арганізуе мастацкія акцыі (Адкрытая майстэрня «Паскарэнне»), але больш за ўсё ён вядомы як аўтар больш за 360 плакатаў на культурныя тэмы. У малюнках, выкананых тэхнікай аэрографа, польскі мастак імкнецца  перадаць псіхіку партрэтаванага. Жэброўскі з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх польскіх і замежных узнагарод і адзнак – Галоўная ўзнагарода на Міжнародным Трыенале плаката ў Монс (Бельгія), ІІІ Узнагароды на Міжнародным Біенале тэатральнага плаката ў Жэшаве і інш. Працы выстаўляліся ў розных гарадах па ўсім свеце: Таяма, Ганконг, Лахці, Чыкага, Масква, Форт Колінс, Аснабрук і інш.

Адкрыццё выставы адбудзецца 2 кастрычніка а 17 гадзіне ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47). Выстава працягнецца да 20 кастрычніка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0465 seconds.