Усе квіткі на «бязвізавы» віленскі канцэрт «Ляпісаў» разышліся менш чым за тыдзень

Пазбаўленая магчымасці прэзентаваць альбом «Рабкор» у сваім родным Менску, адзін з самых вядомых беларускіх гуртоў арганізаваў вялікі канцэрт у суседняй Вільні. Квіткі ў 4-тысячную залю Pramogu Arena разышліся за тыдзень. Усе грамадзяне Беларусі, якія вырашылі наведаць выступ «Ляпіса Трубяцкога» ў Вільні, атрымаюць шэнгенскія візы бясплатна.


Сяргей Міхалок на мінулагоднім закрытым віленскім канцэрце для студэнтаў ЕГУ

Менш чым за тыдзень квіткі на Віленскі канцэрт гурта сталі сапраўдным рарытэтам. У сацыяльных сетках ахвотныя трапіць на выступ шукаюць свабодныя квіточкі, бо ў вольным продажы іх болей не засталося.

«Ляпіс Трубяцкой» ужо паўтары гады не выступаў у Беларусі — пасля таго, як прэзентацыя папярэдняга альбома «Вясёлыя карцінкі» была адмененая па распараджэнні ўладаў, а сам гурт быў уключаны ў «чорны спіс» забароненых музыкаў. За гэты час «Ляпісы» некалькі разоў гралі ў Вільні, да якой ад Менску 180 км, і дзе жыве шмат беларусаў. Але ўпершыню Міхалок і кампанія вырашылі зладзіць вялікі канцэрт у Літве адмыслова для сваіх суайчыннікаў — і гэтым канцэртам стане прэзентацыя альбома «Рабкор» 27 кастрычніка.

Большая частка квіткоў на канцэрт прадавалася на тэрыторыі Беларусі. Усе квіткі разышліся менш чым за тыдзень. Магчыма, гэтаму паспрыяла і дамоўленасць, якой атрымалася дасягнуць арганізатарам канцэрту: усім грамадзянам Беларусі, якія набылі квіток на віленскае шоў «Ляпісаў», літоўскае консульства паабяцала выдаць візы бясплатна.

«Я хачу падзякаваць усім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі гэтага выступу з літоўскага боку — ад непасрэдных арганізатараў да амбасады Літвы ў Менску, — кажа прадзюсер групы "Ляпіс Трубяцкой" Яўген Калмыкоў. — Яны зрабілі вельмі вялікі аб'ём працы, каб усё гэта адбылося. Мы гэта вельмі цэнім».

Акрамя гэтага для ўсіх беларусаў, якія будуць чакаць на ранішні цягнік у Менск, будзе зладжаная панк-дыскатэка ў вялікім клубе Loftas. Па словах Колмыкова, спецыяльныя вечарынкі для фанаў пад назвай Lyapis Crew - з удзелам DJ Spirin і іншых альтэрнатыўных дыск-жакеяў - стануць адной з фішак тура «Рабкор Live».

Даехаць да гэтага канцэрту «Ляпісаў», а таксама на іншыя бліжэйшыя выступы (Санкт-Пецярбург - 05.10, Масква - 12.10, Кіеў - 20.10) можна на адмысловых аўтобусных турах. Даведкі праз тэл. (044) 717 86 14.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.